У Мінску ў Палацы мастацкай гімнастыкі вызначыліся ўсе прызёры XXІІ Міжнароднага турніру на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач.
Праграму спаборніцтваў завяршылі фіналы ў асобных практыкаваннях. У сеньёрак па дзве перамогі атрымалі нашы Ганна Каменшчыкава (абруч, мяч) і чэмпіёнка мнагабор’я Дар’я Ткачова (булавы, стужка). Удзел у цырымоніі ўзнагароджання ўзяў старшыня ЦС Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка.
На дамашнім турніры Каменшчыкава заваявала пяць індывідуальных медалёў (2-3-0), Ткачова — чатыры (3-0-1). Прызёрамі ў асабістых відах таксама станавіліся беларускі Ганна Кандрашына (тры «бронзы»), Дар’я Грахотава (два «серабра») і Маргарыта Журавіч (адзін бронзавы медаль).
Сярод юніёрак трохразовай пераможцай у нядзельных фіналах стала наша Ксенія Бандарэнка, якая раней была найлепшай у мнагабор’і. Ксенія паказала найлепшыя вынікі ў практыкаваннях з абручом, мячом і булавамі, першае месца ў кампазіцыі са стужкай заняла Петра Пясецкая.
Усяго на традыцыйным міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы на прызы Марыны Лобач у Мінску выступілі 100 грацый з сямі краін. За тры дні дзяўчаты разыгралі 16 камплектаў узнагарод у чатырох узроставых катэгорыях.