Top.Mail.Ru

Духоўна-патрыятычная гульня аб’яднала юных прыхаджан

Духоўна-патрыятычная гульня «Выратаваць мір» шаснаццаты год запар аб’яднала юных прыхаджан храмаў Лідскага і Шчучынскага раёнаў.




Ініцыятыва, прымеркаваная да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, не толькі ўмацоўвае камандны дух, трэніруе фізічную вынослівасць школьнікаў, паляпшае іх гістарычныя веды, а найперш згуртоўвае хлопцаў і дзяўчат дзеля адзінай мэты — берагчы сваю Радзіму, каб новыя пакаленні беларусаў ніколі не даведаліся, што такое вайна. 

Юныя прыхаджане храма свяціцеля Мікалая Цудатворца вёскі Лебяда Лідскага раёна і храма Раства Прасвятой Багародзіцы вёскі Мураванка Шчучынскага раёна прайшлі праз шэраг выпрабаванняў, падчас якіх давялося прадэманстраваць свае інтэлектуальныя і фізічныя здольнасці, уменне ўзаемадзеяння ў камандзе, любоў да таго куточка зямлі, дзе яны жывуць. 

изображение_viber_2025-06-20_19-05-20-846.jpg

Дасведчаныя і вынаходлівыя 

Перш чым прыступіць да спаборніцтваў, удзельнікі і арганізатары духоўна-патрыятычнай гульні ўшанавалі памяць тых, каму мы сёння ўдзячныя за мірнае неба над Беларуссю. У мітынгу-рэквіеме каля помніка воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчаным у аграгарадку Скрыбаўцы, узялі ўдзел настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца іерэй Мікалай Ахотніцкі, настаяцель храма Раства Прасвятой Багародзіцы іерэй Алег Засім, старшыні Мажэйкаўскага і Скрыбаўскага сельскіх Саветаў, супрацоўнікі Мажэйкаўскага клуба-бібліятэкі, настаўнікі Мажэйкаўскай і Скрыбаўскай сярэдніх школ і, вядома, героі духоўна-патрыятычнай гульні. 

изображение_viber_2025-06-20_19-05-22-191.jpg

Арганізатары падрыхтавалі для іх няпростыя, але ў той жа час вельмі цікавыя выпрабаванні. Атрымаўшы карты мясцовасці з абазначэннем пікетаў, на кожным з якіх трэба было выканаць неабходнае заданне, школьнікі накіраваліся па маршруце.

На пікеце «Агнявы рубеж» хлопцы і дзяўчаты стралялі з пнеўматычнай зброі, кідалі імправізаваныя гранаты, чым прадэманстравалі трапнасць, гатоўнасць у выпадку чаго абараніць сваю зямлю. На пікеце «Палявая пошта» школьнікам выпаў гонар напісаць пасланне нашчадкам — сваім равеснікам, якія прымуць удзел у духоўна-патрыятычнай гульні ў наступным годзе. Дасведчанасць юных беларусаў праверылі на пікеце «Пераправа»: практычна ўсе паспяхова справіліся з тэматычным красвордам. На пікеце «Партызанская база» ўдзельнікі гульні даведаліся, які ўклад у Вялікую Перамогу ўнеслі партызаны, як быў арганізаваны іх побыт. На пікеце «Ваенны шпіталь», што размясціўся каля мясцовай амбулаторыі, медыцынскі работнік навучыў дзяцей накладваць шыну пры пераломе, бінтаваць галаву пры раненні. Завяршаючым пунктам на маршруце стала царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы (вядомая яшчэ як Маламажэйкаўская царква), каля якой трэба было знайсці і разгадаць зашыфраванае пасланне нашчадкам. Менавіта яно і з’яўлялася адказам на пытанне: «Як выратаваць мір на зямлі?». 

изображение_viber_2025-06-20_19-05-22-820.jpg

Адказ быў на паверхні — захаваць мір можна дзякуючы сумеснай малітве. Пасля служэння паніхіды па загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайне ў Маламажэйкаўскай царкве, якая, дарэчы, з’яўляецца сведкай многіх ваенных падзей, але насуперак ім яна выстаяла, былі падведзены вынікі духоўна-патрыятычнай гульні. З розніцай у адзін бал перамагла каманда юных прыхаджан храма свяціцеля Мікалая Цудатворца. Усе ўдзельнікі гульні атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Завяршылася традыцыйнае мерапрыемства тэматычным канцэртам, падрыхтаваным супрацоўнікамі Мажэйкаўскага клуба-бібліятэкі. Матушка Алена Засім паклапацілася аб тым, каб усе ўдзельнікі і арганізатары духоўна-патрыятычнай гульні пакаштавалі салдацкую кашу, іншыя пачастункі.

Станоўчыя эмоцыі і добрыя ўспаміны 

Ксенія Лаўрукевіч удзельнічала ў духоўна-патрыятычнай гульні не ўпершыню. «Станоўчыя эмоцыі і добрыя ўспаміны пасля яе застаюцца надоўга, — падзялілася дзяўчына. — Нашай камандзе вельмі дапамагаў бацюшка. Калі прыйшоў час ставіць палатку і распальваць касцёр, ён вельмі зразумела, паэтапна тлумачыў, што трэба рабіць, каб мы гэта ўсё запомнілі і пры неабходнасці маглі прымяніць веды ў рэальнай абстаноўцы».

Мікалай Каласоўскі, які прымаў удзел у гульні трэці год запар, распавёў, што больш за ўсё яму спадабалася пісаць пасланне нашчадкам. «Мы ўдзельнічаем у гэтай гульні для таго, каб не было вайны, — сказаў хлопец. — Гэта дрэнна, калі бамбяць хаты. Калі ў чалавека згарыць дом, то дзе ён будзе жыць?! Невыпадкова мы пажадалі тым, хто налета будзе ўдзельнічаць у гульні, берагчы мір».

Па словах удзельніка гульні, канкурэнцыя была вельмі сур’ёзная. Аднак, нягледзячы на гэта, дзве каманды пасябравалі, навучыліся сумесна выконваць пастаўленыя задачы. «Гэта ўсё можа спатрэбіцца ў жыцці, — лічыць Коля. — Напрыклад, не лішнімі будуць навыкі развядзення вогнішча і ўстаноўкі палаткі, калі адправімся на рыбалку або ў паход». 

Як пераканана Соф’я Антановіч, якая прыехала да бабулі з дзядулем і з задавальненнем прыняла прапанову паўдзельнічаць у гульні «Выратаваць мір», духоўна-патрыятычная ініцыятыва вучыць згуртаванасці. «Без гэтага складана дасягнуць поспеху, — заўважыла яна. — Нельга сказаць, што з удзельнікамі іншай каманды мы былі супернікамі. Мы ведалі, што трэба прыкласці максімум намаганняў, каб выйграць, але ні ў якім разе не пакрыўдзіць членаў іншай каманды. У выніку сярод супернікаў мы знайшлі сяброў-аднадумцаў». 

изображение_viber_2025-06-20_19-05-23-857.jpg

Як звярнуў увагу настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца іерэй Мікалай АХОТНІЦКІ, у той час, як па ўсёй вобласці ў дзень духоўна-патрыятычнай гульні ішоў дождж, у Скрыбаўцах, дзе сёлета разгарнуліся спаборніцтвы, свяціла сонейка. Свяшчэннаслужыцель бачыць у гэтым прыкметы ўзаемаадносін з Богам: Ён дапамагае тым, хто Яго любіць.

«З ростам дабрабыту і камфортам у грамадстве па ўсіх кірунках адбываецца дэградацыя чалавечых адносін, — адзначыў настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца. — Людзі абасабляюцца, зачыняюць кватэры на жалезныя дзверы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны многія ўвогуле не зачынялі сваіх хат. Можна было прыйсці да суседзяў у любы час — там цябе і накормяць, і гарбатай напояць, і песні спявалі разам. Нават лаўкі стаялі за плотам, а не ўнутры двара. Правядзеннем такіх мерапрыемстваў мы спрабуем, каб наша падрастаючае пакаленне не адчувала сябе чужым, кансалідавалася, звярталася адзін да аднаго як зямляк да земляка. Часы могуць прыйсці няпростыя, а дзеці нашы безабаронныя, бо жывуць на ўсім гатовым. Падчас гульні яны трапілі ў сітуацыю, калі ад іх многае залежыць. Арганізаваць той жа палатачны лагер або спыніць кроў. Лета — усялякае бывае, таму яны павінны быць гатовы прыйсці адзін аднаму дапамогу». 

изображение_viber_2025-06-20_19-05-24-500.jpg

Што датычыцца гістарычнай часткі гульні, айцец Мікалай заўважыў, што ў фармаце гульні дзеці судакранаюцца з мінулымі падзеямі, праходзячы гістарычныя пікеты, вырашаючы рэбусы, адказваючы на гістарычныя пытанні, гэтыя веды замацоўваюцца ў іх памяці.

«Лёгкадумна думаць, што войны адбываюцца толькі з-за палітычных промахаў або канфліктаў грамадска-эканамічных фармацый, пэўных макраэканамічных інтарэсаў, — звярнуў увагу настаяцель храма. — Яшчэ Дастаеўскі казаў аб тым, што поле бітвы — сэрцы людзей. І калі мы дома мір не ўтрымліваем, грашым напрапалую, то з усіх лекаў самае дзейснае, як высвятляецца, — вайна. А нам гэтага не трэба. Каб гэтага пазбегнуць, нам трэба звярнуць увагу на нашы адносіны з Богам. Будзе мір у сям’і, у суседзяў, на вуліцы, дык Гасподзь і ад вайны захавае нашу Айчыну. Алгарытм вельмі просты».

Гэта разумеюць і дзеці. Інакш не пісалі б у сваіх пасланнях нашчадкам, што мір — гэта самая галоўная каштоўнасць, якую трэба берагчы.

Вераніка КАНЮТА

Фота арганізатараў духоўна-патрыятычнай гульні


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю