Ураджайная талака
У Магілёўскай вобласці актыўна ідзе ўборка агародніны. У ААТ «Фірма «Кадзіна» Магілёўскага раёна ўраджай вырас добры, ды і з надвор’ем пашанцавала. Па традыцыі сельгаспрадпрыемству дапамагаюць школьнікі, навучэнцы каледжаў і ВНУ, а таксама работнікі арганізацый.

Сабраны ўраджай аператыўна адпраўляецца на склады і ў гандлёвыя сеткі, забяспечваючы жыхароў рэгіёна свежай і якаснай агароднінай.

Тэмпы ўборкі радуюць, адзначае начальнік сельскагаспадарчага ўчастка Таццяна Касцючэнка:
— Мы ўжо ўбралі большую частку агародніны з поля. Плануем закласці на захаванне 800 тон цыбулі і 300 тон морквы. Паралельна ідзе рэалізацыя агародніны ў гандлёвую сетку. Усе, хто да нас прыязджае на дапамогу, — вялікія малайцы. Працуюць сумленна, з агеньчыкам у вачах, з добрым настроем.
На палях у «Фірмы «Кадзіна» работа кіпіць з раніцы. На дапамогу аграрыям штодзень прыязджаюць студэнты і работнікі арганізацый.

Як адзначае кіраўніцтва гаспадаркі, такое супрацоўніцтва стала добрай традыцыяй, бо падтрымка з боку моладзі і працоўных калектываў не толькі паскарае працэс уборкі, але і выхоўвае ў падрастаючага пакалення павагу да сельскай працы.
— Актыўна дапамагаюць аграрыям студатрады, навучэнцы Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, студэнты МДУ імя А. А. Куляшова, работнікі ўстаноў адукацыі горада Магілёва. Многім аб’яўляем падзяку. Асабліва вызначыліся падчас працы навучэнцы са студатрадаў Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага і электратэхнічнага каледжаў, — удакладняе спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Аксана НЕСЦЯРЭНКА. — Беларусы заўсёды працавалі талакой, гэта нас згуртоўвае. Ураджай — агульная справа, і разам мы можам многае.
Студэнты МДУ імя А. А. Куляшова, з якімі аўтару гэтых радкоў давялося пагутарыць на полі, шпарка, весела і па-гаспадарску збіраюць цыбулю. Па ўсім бачна, што справы яны не баяцца, любяць сваю краіну і разумеюць, як важна своечасова сабраць і захаваць ураджай.

— Работа не вельмі складаная, але адказная. Шчыруем на полі палову дня. Для нас прадугледжаны перакусы і гарачая гарбата. Яшчэ і лішні рубель можна зарабіць. Рады дапамагчы, адчуваем сябе часткай вялікай і важнай справы: робім свой уклад у харчовую бяспеку краіны. Да таго ж сумесная праца на зямлі аб’ядноўвае і вучыць шанаваць простыя рэчы, — перакананы студэнткі факультэта эканомікі і права Анастасія КРЫЖЭЎСКАЯ і Ангеліна ДАЙНЕКА.
А калі якія пытанні — начальнік участка, палявод з 30-гадовым стажам, падкажа. А яшчэ Таццяна Касцючэнка перадае маладым людзям важную навуку, якую не пачытаеш ні ў адным падручніку: «Добра памятаю і цяпер, як мама вучыла мяне: зямля не церпіць ляноты і фальшу, яна прымае толькі шчырых. З гадамі пераканалася ў праўдзівасці гэтых слоў. Сапраўды, зямля нібы жывая, яна адчувае дабрыню рук і адказвае шчодрым ураджаем, калі папрацуеш...»
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ
Фота аўтара