У В’етнаме ў 2026 годзе плануюць запусціць зборачную вытворчасць беларускіх трактароў. Аб гэтым дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч расказаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1», паведаміла БелТА.
Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што геаграфічная аддаленасць В’етнама і Беларусі не перашкода для паспяховай работы па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва. «В’етнам і Беларусь аб’ядноўваюць адзіныя пункты гледжання на пытанні светаўладкавання, ацэнкі геапалітычнай сітуацыі, на ацэнку рызык і выклікаў пагроз у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі», — сказаў ён.
Дзяржсакратар дадаў, што ўсе пытанні паспяховага супрацоўніцтва з В’етнамам у многім з’яўляюцца вынікам добрых, дружалюбных адносін кіраўніцтва Беларусі ў асобе Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніцтва В’етнама ў асобе Генеральнага сакратара ЦК Кампартыі В’етнама То Лама. Апошні ў маі быў з афіцыйным візітам у Беларусі, і ў ходзе гэтага візіту былі падпісаны дакументы аб стратэгічным узаемадзеянні, што стала яшчэ адной падставай для паглыблення і пашырэння супрацоўніцтва.
Аляксандр Вальфовіч растлумачыў, што адным з пытанняў стала разгортванне зборачнай вытворчасці трактароў BELARUS. «У 2026 годзе гэта пытанне прапрацоўваецца. Таварыш То Лам запэўніў, што ён трымае гэта пытанне на асабістым кантролі і спадзяецца, што ў наступным годзе зборка нашых трактароў на тэрыторыі В’етнама пачне функцыянаваць», — дадаў дзяржсакратар.
Акрамя таго, размова і аб пашырэнні продажаў і зборачнай вытворчасці МАЗ. «У нас ужо ёсць адна тавараправодная кампанія, якая займаецца пастаўкай камплектуючых, зборкай і продажам МАЗаў. Але, вядома, гэтыя пытанні трэба пашыраць і ўздымаць на больш высокі ўзровень. Трэба разгарнуць, як і абяцалі в’етнамскія таварышы, зборку праварульных МАЗаў для продажу ў трэція краіны», — сказаў ён.
Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што адзін з драйвераў беларуска-в’етнамскіх адносін — сфера бяспекі. «Адносіны па лініі сілавога блока развіваюцца з добрай прагрэсіўнай накіраванасцю ўверх. Дынаміку паказвае супрацоўніцтва па лініі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Следчага камітэта і Камітэта дзяржбяспекі», — расказаў ён.
Дзяржсакратар таксама дадаў, што супрацоўніцтва развіваецца і ў сацыяльным і культурным напрамках. Сярод ужо рэалізаваных праектаў — паездкі дзяцей з Беларусі на курорты В’етнама. Акрамя таго, на пляцоўках кінафестывалю «Лістапад» былі прадстаўлены в’етнамскія фільмы. «В’етнамскую культуру мы пашыраем на ўсходнееўрапейскі рэгіён. А беларускую культуру — праз іх на пляцоўкі Паўднёва-Усходняй Азіі», — сказаў ён.