На сталічнай «Чыжоўка-Арэне» прайшоў міжнародны таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі, Ірака і Расіі. Перамогу за сабой пакінулі гаспадары — у вырашальным матчы зборная Беларусі перамагла зборную Расіі з вынікам 34:28.
За зборную выступалі лепшыя гульцы краіны, у тым ліку і з замежных клубаў. На турнір у Мінск прыехаў лінейны польскага «Кельцэ» Арцём Каралёк, прадстаўнікі харвацкага «Заграба» Ігар Бяляўскі і Станіслаў Садоўскі, а таксама Мікіта Вайлупаў, які ў гэтым сезоне гуляе ў складзе партугальскай «Бенфікі» ў Еўралізе. Да каманды таксама далучыліся Вячаслаў Салдаценка з сербскай «Ваяводзіны», Ігар Чэрнікаў з ізраільскай «Бней-Герцліі», прадстаўнікі піцерскага «Зеніта» Яўген Нікановіч, Вячаслаў Бохан, Дзмітрый Хмялькоў, Алег Астрашапкін, Арцём Кулак і Алег Луня. У складзе таксама і моладзь — Канстанцін Кавалёў, Мацвей Барбашынскі, Аляксей Ермакоў, Кірыл Рабчынскі (усе — СКА, Мінск), Андрэй Юрынок, Эдуард Яраш, Мікалай Алёхін (усе — «Мяшкоў Брэст») і Павел Рагачэўскі («Машэка», Магілёў).
У матчы за трэцяе месца перамагла зборная Беларусі-2, якая з лікам 31:27 абыграла каманду Ірака. У складзе другой зборнай Беларусі пад кіраўніцтвам Алега Шарэйкі выступалі гандбалісты, якія з’яўляюцца найбліжэйшым рэзервам галоўнай каманды.
«Мы на турнір выставілі дзве каманды, яны паказалі годны вынік. Другая зборная нават дала бой асноўнай нацыянальнай камандзе Расіі. Былі запоўненыя трыбуны. Гандбол у Беларусі любяць, усе ідэі мы рэалізавалі. Я вельмі задаволены, — падвёў вынікі турніру галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў. — Мы — сапраўдная каманда, таму калі ў кагосьці не ідзе, то дапамагаем усе разам. Да нас у зборную гульцы прыязджаюць па першым выкліку. Шкада, што мы не выступаем на чэмпіянатах свету і Еўропы».
Пытанне аб тым, калі нашы гандбалісты вернуцца на міжнародную арэну, па-ранейшаму застаецца адкрытым. Тыдзень таму на пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі гандбола абмяркоўвалася гэта пытанне. Генеральны сакратар БФГ Андрэй Балецкі расказаў, што федэрацыя накіравала мноства лістоў у Міжнародны алімпійскі камітэт, на імя як былога, так і цяперашняга яго прэзідэнта. Але ні на адзін з іх адказу не было. Каб не пакідаць зборныя ўсіх узростаў без міжнароднай практыкі, Беларуская федэрацыя гандбола стала больш актыўна наладжваць адносіны з усходнімі краінамі-партнёрамі. Але, зразумела, галоўную праблему гэта не вырашае.
Некаторую надзею дае і тое, што ў канцы снежня на Кангрэсе Міжнароднай федэрацыі гандбола будуць праводзіцца выбары кіраўніка гэтай арганізацыі. Сярод кандыдатаў на пасаду — цяперашні кіраўнік егіпцянін Хасан Мустафа і былы віцэ-прэзідэнт БФГ немец Герд Бутцэк. Беларуская дэлегацыя таксама запрошана на Кангрэс. «Але мы дакладна вызначыліся: калі будзем паўнапраўнымі членамі, зможам галасаваць, а не будзем, як у Еўропе, адседжвацца на задворках без сцяга, то паедзем. Згоду на гэта нам далі. Паглядзім, што будзе далей. Каго мы падтрымаем — вызначымся. Калі мы вясной у Мазыры праводзілі Кубак, тэлефанаваў цяперашні кіраўнік Мустафа. Цікавіўся, як нашы справы, спытаў, чым дапамагчы. Думаю, Беларуская федэрацыя меркаванне сваё мяняць не будзе. Як кажуць, коней на пераправе не мяняюць», — выказаўся на гэты конт старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў.
Старшыня Вышэйшага Савета Федэрацыі гандбола Сяргей Шышкароў у інтэрв’ю Sport5by заўважыў, што перадумовамі вяртання на міжнародную арэну ўжо можна лічыць той факт, што дэлегацыі Беларусі і Расіі запрасілі на Кангрэс Міжнароднай федэрацыі гандбола: «З’явілася ўнікальная магчымасць, бо гэта не кропкавая праца, не праца з нейкім асобным лаяльным або нелаяльным кіраўніком Федэрацыі, а магчымасць звярнуцца да ўсяго гандбольнага свету. Мы яе абавязкова выкарыстаем. Спадзяюся, што паспрабуем дамагчыся калектыўнага рашэння, звароту з’езда, Кангрэса ў Міжнародны алімпійскі камітэт з нагоды вяртання нашых спартсменаў».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА