Зборная Беларусі па міні-футболе пацярпела першае паражэнне на турніры Continental Futsal Championship у тайландскім Нонтхабуры, паведамляе БелТА.
У заключным матчы папярэдняй групы B падапечныя Аляксандра Чэрніка саступілі камандзе Саудаўскай Аравіі з лікам 2:4. За чатыры хвіліны да заканчэння першай паловы сустрэчы капітан беларускай дружыны Уладзіслаў Сялюк адкрыў лік, пасля перапынку супернікі забілі два мячы запар, потым Сялюк забіў свой другі гол, а незадоўга да фінальнай сірэны аравійцы здолелі яшчэ двойчы ўразіць вароты Аляксея Лукшы.
У іншым сённяшнім паядынку аўстралійцы адолелі замбійцаў з вынікам 3:2. Раней беларусы з такім жа лікам перайгралі зборную Аўстраліі, а таксама разграмілі замбійцаў з вынікам 4:0. Выніковае становішча каманд: Саудаўская Аравія — 9 ачкоў, Беларусь — 6, Аўстралія — 3, Замбія — 0.
У групе А па 3 заліковыя балы ў каманд Тайланда і Кітайскага Тайбэя, у Новай Зеландыі ачкоў пакуль няма. Пасля завяршэння першага этапу ў паўфінал выйдуць па дзве лепшыя каманды з кожнай групы. Матчы за выхад у фінал адбудуцца 2 жніўня, а вырашальны паядынак за першае месца і сустрэча за бронзу пройдуць 3 жніўня.
Для беларускай каманды гэтыя спаборніцтвы з’яўляюцца першым этапам падрыхтоўкі да фінальнага турніру 12-га Чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў пачатку 2026 года на арэнах Літвы, Латвіі і Славеніі.
Фота: БелТА