Зборная Беларусі 23 студзеня правядзе стартавы паядынак групавога этапа 13-га чэмпіянату Еўропы па міні-футболе, паведамляе БелТА.
У Любляне ў першым матчы папярэдняй групы С падапечныя Аляксандра Чарніца сустрэнуцца з камандай Бельгіі (пачатак гульні ў 19.30; прамая трансляцыя на тэлеканале «Спорт ТБ»). Гэтую сустрэчу рассудзяць паляк Даміян Грабоўскі і літоўскі рэферы Дамінікас Норкус. У другім сённяшнім паядынку гэтага квартэта славенцы згуляюць з іспанцамі (пачатак гульні ў 22.30). У другім туры беларусы будуць сапернічаць з камандай Іспаніяй (26 студзеня), а завершаць групавы этап сустрэчай са славенскай зборнай (29 студзеня). Беларуская зборная другі раз у сваёй гісторыі выступае сярод лепшых дружын Старога Свету. У 2010 годзе на ЧЕ ў Венгрыі каманда Валерыя Дасько не змагла выйсці з групы, прапусціўшы наперад будучага чэмпіёна Іспанію і сярэбранага прызёра Партугалію.
Яшчэ ў дзвюх групах матчы першага тура адбыліся раней. У Рызе ў першай гульні квартэта А зборныя Францыі і Харватыі пераможцу не выявілі — нічыя 2:2, а потым каманда Латвіі разграміла зборную Грузіі з сухім лікам 4:0. У Коўне ў групе В дэбютант фінальнай стадыі каманда Арменіі нечакана атрымала валявую вікторыю над украінцамі — 2:1. Літоўцы згулялі ўнічыю з чэхамі — 3:3.
Каманды квартэта D свае стартавыя сустрэчы ў славенскай сталіцы правядуць 24 студзеня: Польшча — Венгрыя, Партугалія — Італія. У плэй-оф выйдуць па дзве лепшыя каманды з кожнай групы. Чвэрцьфіналы адбудуцца 31 студзеня і 1 лютага, паўфіналы намечаны на 4 лютага, матч за бронзу і паядынак за чэмпіёнскі тытул пройдуць 7 лютага ў славенскай сталіцы.
Чатыры гады таму ў Нідэрландах сваё другое золата кантынентальнага першынства заваявала каманда Партугаліі, якая перамагла ў вырашальным паядынку расіян з лікам 4:2. У гульні за бронзавыя ўзнагароды іспанцы перайгралі зборную Украіны — 4:1. Зборная Іспаніі сем разоў станавілася чэмпіёнам Еўропы, па два тытулы ў Італіі і Партугаліі, адзін — у Расіі.