Top.Mail.Ru

Зборная Беларусі па пляжным футболе згуляе з партугальцамі на старце Суперфіналу Еўралігі

У італьянскім Віярэджа стартуе Суперфінал чарговага сезона Еўралігі па пляжным футболе, паведамляе БелТА.



Зборная Беларусі ў першым паядынку папярэдняй групы А сустрэнецца з дзейным пераможцам Еўралігі камандай Партугаліі (пачатак гульні ў 15:00, прамая трансляцыя на тэлеканале «Беларусь 5»). 10 верасня беларусы згуляюць з французамі, а 12 верасня завершаць першы этап матчам з уладальнікамі серабра мінулага сезона італьянцамі. У гэтым сезоне беларуская дружына прыняла ўдзел у двух этапах Еўралігі. У Батумі былі разгромлены каманды Турцыі (12:1), Германіі (6:1) і Чэхіі (9:2). Па выніках турніру на чарнаморскім узбярэжжы Грузіі адзін з лідэраў беларускай дружыны Анатоль Рабко быў прызнаны лепшым іграком спаборніцтваў. Затым у італьянскім горадзе Кастэламарэ-дзі-Стабія беларусы перамаглі каманду Малдовы (5:3), атрымалі тэхнічную перамогу над Латвіяй (3:0) і ўступілі швейцарцам (7:9). 

У квартэце У рашаючага этапа выступяць зборныя Украіны, Швейцарыі, Іспаніі і Даніі. Па выніках першай часткі спаборніцтваў барацьбу за ўзнагароды прадоўжаць па дзве лепшыя каманды з кожнай групы. Паўфіналы адбудуцца 13 верасня, а паядынак за чэмпіёнскі тытул і матч за бронзу пройдуць 14 верасня. 

У двух папярэдніх сезонах зборная Беларусі станавілася ўладальнікам бронзавых узнагарод Еўралігі, а ў 2021 годзе ўзялі серабро. У вырашальным паядынку мінулага сезона партугальцы разграмілі італьянцаў (5:1), дзявяты раз стаўшы пераможцамі гэтых спаборніцтваў. У матчы за трэцяе месца беларусы перайгралі іспанцаў (6:1).


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю