Top.Mail.Ru

Зборная Беларусі — пераможца міжнародных спаборніцтваў па пажарна-выратавальным спорце

У Мінску завяршыліся міжнародныя спаборніцтвы на Кубак Беларускай федэрацыі пажарна-выратавальнага спорту, якія сабралі мацнейшых атлетаў з некалькіх краін, зазначаюць у прэс-службе МНС.

Урачыстая цырымонія закрыцця прайшла 20 чэрвеня пры ўдзеле міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі, старшыні Беларускай федэрацыі пажарна-выратавальнага спорту Вадзіма Сіняўскага. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі міжнароднай спартыўнай федэрацыі пажарных і ратавальнікаў Аляксандр Чупрыян, міністр спорту Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук, саветнік міністра МНС Расіі Данііл Мартынаў, віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак.

Як падкрэсліў Вадзім Сіняўскі, сёлетнія спаборніцтвы сталі важным этапам падрыхтоўкі да будучага чэмпіянату свету, які Беларусь прыме ў 2027 годзе, — месцам яго правядзення быў выбраны Мінск. Міністр таксама падзякаваў усім беларускім ратавальнікам, якія добрасумленна і адказна выконваюць свой службовы абавязак у імя ратавання чалавечага жыцця.  

— 22 чэрвеня наша краіна ўспамінае аб трагічных падзеях далёкага 1941 года. Мы памятаем аб тым, што перажыў савецкі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны і якую цану заплацілі людзі, якія жывуць тут. Тым больш каштоўныя нашы з вамі братэрства, сяброўства і адказнасць за будучыню роднай краіны, — адзначыў Вадзім Сіняўскі. 

У сваю чаргу, Аляксандр Чупрыян высока ацаніў узровень арганізацыі турніру, падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём і выказаў удзячнасць усім замежным дэлегацыям, якія прынялі ўдзел у спаборніцтвах.

Па выніках чатырох напружаных дзён вызначыліся наймацнейшыя ў камандным заліку: у мужчын першынство заваявала зборная Беларусі, другое месца заняла каманда Расіі, трэцяе дасталося спартсменам Узбекістана. Сярод жанчын упэўненую перамогу атрымала расійская зборная, сярэбраныя ўзнагароды ў Беларусі, а бронзавыя — ва Узбекістана. Завяршэннем свята стала ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў кубкамі, медалямі, дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Аміна НАЗАРАВА

Фота прэс-службы МНС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю