Зборная Беларусі па футболе даведалася свайго саперніка па пераходных матчах Лігі нацый.
Нашы будуць змагацца з Ізраілем за права выступіць у Лізе B.
Падапечныя Віктара Ганчарэнкі занялі другое месца ў групе С1, а ізраільцяне сталі апошнімі ў квартэце B3. Гульні запланаваны на 25—30 сакавіка 2027 года.
Нагадаем, беларусы падчас групавога этапу сустракаліся з Албаніяй (0:2, 0:2), Фінляндыяй (0:0, 1:0) і Сан-Марына (4:0, 2:0).
Раней «белакрылыя» ніколі не ўзнімаліся вышэй за Лігу C.
Адзначым, наступны розыгрыш Лігі нацый пройдзе ў новым фармаце.
Будзе скарочана колькасць ліг. Іх было чатыры (A, B, C і D), а застанецца толькі тры (A, B і C). У кожнай лізе будзе па 18 удзельнікаў (калі прымаць да ўвагі адхіленне расійскай каманды), якіх разаб’юць на тры групы па шэсць зборных. Кожная каманда правядзе па шэсць матчаў з пяццю рознымі сапернікамі. Спачатку сфарміруюць кошыкі на аснове выступленняў у цяперашняй Лізе нацый, пасля чаго адбудзецца жараб’ёўка.
У кожнай лізе 18 зборных раскідаюць па трох кошыках у залежнасці ад рэйтынгу. Кожная каманда правядзе па два матчы (дома і ў гасцях) з адным з сапернікаў па сваім кошыку. Астатнія чатыры матчы пройдуць з чатырма камандамі з іншых кошыкаў.
Для прыкладу возьмем зборную з першага кошыка. Яна двойчы згуляе з іншым сапернікам са свайго кошыка, правядзе два матчы з рознымі сапернікамі з другога кошыка і два матчы з рознымі сапернікамі з трэцяга кошыка.
На думку УЕФА, такі падыход зробіць расклад больш збалансаваным і цікавым.