Top.Mail.Ru
317

Зборныя Беларусі і Расіі 25 па хакеі згуляюць на «Мінск-Арэне»

Серыю міжнародных матчаў падапечныя Дзмітрыя Квартальнава пачалі на мінулым тыдні ў Астане з таварыскага турніру Qazaqstan Hockey Open.


Хакейныя каманды Беларусі і Расіі 25 сёння правядуць заключны матч у рамках майскага тура зборных 2025 года, паведамляе БелТА.

Серыю міжнародных матчаў падапечныя Дзмітрыя Квартальнава пачалі на мінулым тыдні ў Астане з таварыскага турніру Qazaqstan Hockey Open. Беларуская зборная стала пераможцай спаборніцтваў, абгуляўшы каманды Расіі 25 (4:2) і Казахстана (2:0). Лепшым нападаючым турніру быў прызнаны Аляксандр Скарэнаў, а Іван Кульбакоў быў названы лепшым галкіперам.

Далей нашы і расійскія хакеісты пераехалі ў Тальяці, дзе сустрэліся 5 і 6 мая. У першым матчы беларусы ўступалі 0:3, пасля чаго закінулі сем шайб запар, затым страцілі лідарства, але ўсё ж вырвалі перамогу ў авертайме — 8:7. Вырашальную шайбу тады закінуў Віталь Пінчук, які стаў героем і наступнага матча, аформіўшы хет-трык. У аўторак нашы хлопцы атрымалі вікторыю з лікам 3:1.

Дзякуючы пераможнай серыі нацыянальная каманда Беларусі датэрмінова выйграла традыцыйную майскую серыю, прычым зрабіла гэта ўпершыню — два папярэднія гады мацней аказваліся расіяне. Заключны паядынак сезона для абедзвюх зборных стартуе на «Мінск-Арэне» ў 19.30.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю