Збояў дастаўкі прадуктаў у населеныя пункты Гомельскай вобласці 8 студзеня праз непагадзь не зафіксавана, маршруты для аўтакрам расчышчаныя. Пра гэта ішла размова ў Гомельскім аблвыканкаме на пасяджэнні штаба па ліквідацыі наступстваў непагадзі ў рэгіёне, якое правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко, паведамляе БелТА.
Як было адзначана, за апошнія суткі па ўсёй тэрыторыі вобласці назіраліся моцныя ападкі, якія працягваюцца практычна ва ўсіх раёнах. Найбольшая вышыня снежнага покрыва — ад 36 да 38 см — назіраецца ў Жыткавіцкім і Жлобінскім раёнах.
«Аператыўныя, камунальныя і дарожныя службы знаходзяцца ў рэжыме павышанай гатоўнасці і працуюць кругласутачна. Абстаноўка няпростая, але кантраляваная», — падкрэслілі ў аблвыканкаме. Працуе спецтэхніка: расчышчаюць дарогі, пасыпаюць вуліцы пясчана-салянай сумессю. На ключавых магістралях пакрыццё расчышчана, сёння праводзіцца пашырэнне трас і прыбіранне снегу ў дварах, другарадных дарогах.
«Збояў дастаўкі прадуктаў і карэспандэнцыі 8 студзеня не зафіксавана — маршруты для аўтакрам і перасоўных пунктаў сувязі расчышчаныя. Не дастаўлена пошта толькі ў некалькі населеных пунктаў Буда-Кашалёўскага раёна, пытанне будзе вырашана сёння», — было адзначана на пасяджэнні штаба.
«Экіпажы ДАІ суправаджаюць спецтэхніку, павінен быць адпрацаваны кожны маршрут для жыццезабеспячэння грамадзян. Памочнікамі ў гэтым пытанні павінны стаць майстры дарожных службаў і старшыні сельскіх саветаў. Нельга дапусціць затрымку рэйсавых аўтобусаў і машын экстраннай дапамогі», — падкрэсліў Іван Крупко.
«Установы адукацыі працуюць у штатным рэжыме, аднак падвоз дзяцей з малых населеных пунктаў адменены. Сацыяльныя аб’екты функцыянуюць па графіку», — праінфармавалі ў аблвыканкаме.
Аператыўны кантроль сітуацыі працягваецца.