Штодзённыя харчовыя звычкі фарміруюцца з дробязяў: кава без сняданку, печыва падчас працы, хуткі абед «на хаду», позняя вячэра. І калі гаворка заходзіць пра здаровае харчаванне, уяўленне часта малюе нешта складанае, патрабавальнае і не заўсёды дасягальнае. Але ў аснове зусім іншае — разуменне, што мы ядзім, навошта, і як гэта ўплывае на нас.
Пытанне ежы — ужо даўно не проста пытанне меню, а цэлая гісторыя пра лад жыцця, даступнасць, інфармаванасць і асабісты выбар. Размовы пра здаровае харчаванне сталі звыклымі. Усё ж даволі часта яны так і застаюцца на ўзроўні слоў: прыгожых, правільных, але нерэальных для большасці людзей. Хтосьці разумее пад «здаровым харчаваннем» выключна дарагія экапрадукты, іншыя — строгія спартанскія дыеты ці ранішнія смузі, а хтосьці губляецца ў інфармацыйнай перагрузцы і перастае звяртаць ўвагу на тое, што кладзе на талерку.
Тым часам, мы бачым, як змяняецца разуменне харчавання: у грамадстве расце інтарэс да асэнсаванага стаўлення да ежы, да свайго ўзросту, рытму жыцця, стану здароўя і гэтак далей. Мы ўсё часцей чуем словы «персаніфікаванае харчаванне», «баланс мікраэлементаў» — але што стаіць за гэтымі тэрмінамі? Ці ёсць сёння інструменты, што дапамогуць чалавеку зразумець свае патрэбы і не згубіцца ў дыетычных рэкамендацыях?
Што кажа навука?
Каб разабрацца ў асаблівасцях здаровага харчавання, мы звярнуліся да супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні, нутрыцыёлага Ганны ЖУРНІ. Высветлілася, што тэма сапраўды актуальная, і для недасведчанага спажыўца яна можа здацца чымсьці звышскладаным. Але не варта палохацца — у цэнтры заўсёды можна атрымаць дакладны адказ на пытанне, якое вас турбуе.
Спецыяліст пацвердзіла, што распрацоўкай новых відаў прадуктаў для розных катэгорый насельніцтва займаецца непасрэдна НПЦ НАН Беларусі па харчаванні. Тут ствараюцца прадукты з палепшаным складам: паніжаным утрыманнем цукру і солі, дабаўленнем пра- і прэбіётыкаў, вітамінаў і мінералаў. З апошніх распрацовак — кансерваваныя гародніна і соусы для дзяцей, мультызерневыя сняданкі, чайныя напоі (для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту), энергетычныя напоі без кафеіну, харчовыя канцэнтраты і прадукты для асоб з фенілкетанурыяй, цэліякіяй (непераноснасць глютэну) і іншымі станамі.
— У нашай краіне развіваецца персаніфікаванае харчаванне: стварэнне прадуктаў з улікам узросту, стану здароўя, метабалізму і генетычных асаблівасцяў. Мы распрацоўваем «разумныя прадукты» для падтрымання імунітэту, метабалізму, здароўя розных сістэм арганізма. Метадалогія персаніфікаванага харчавання базіруецца таксама на даных нутрыгеномікі і лічбавых тэхналогіях, што дазваляюць фарміраваць індывідуальныя рэкамендацыі і зніжаць рызыкі захворванняў, — падкрэсліла Ганна Журня.
Міждысцыплінарныя даследаванні ў галіне харчавання аб’ядноўваюць спецыялістаў з розных сфер: медыцыны, генетыкі, мікрабіялогіі, псіхалогіі, экалогіі, лічбавых тэхналогій. НПЦ НАН па харчаванні сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і іншымі інстытутамі вывучае ўплыў харчовых прадуктаў і іх кампанентаў на мікрабіёту, метабалізм, сістэмы арганізма. Праводзяцца даклінічныя даследаванні эфектыўнасці функцыянальных прадуктаў.
На базе цэнтра вядуцца навуковыя даследаванні з мэтай распрацоўкі ў далейшым новых відаў прадуктаў. Распрацоўка пачынаецца са збору анамнезу. Даследуюцца харчаванне, звычкі, лад жыцця, улічваецца наяўнасць алергій... Таксама праводзіцца дыягностыка — антрапаметрыя, аналіз складу цела. Пры патрэбе — лабараторныя тэсты і ацэнка харчовых паводзін. На падставе атрыманых даных распрацоўваюцца новыя віды прадуктаў харчавання для розных груп насельніцтва. Нутрыенты падбіраюцца з улікам аналізаў, а таксама з дапамогай праграм разліку і лічбавых інструментаў.
Сучасная нутрыцыялогія выкарыстоўвае анкетаванне, біяімпедансны
аналіз, функцыянальныя тэсты, даследаванні мікрабіёму і лабараторную дыягностыку. Гэтыя інструменты дапамагаюць выявіць дэфіцыты, парушэнні абмену рэчываў і рызыку захворванняў. Лічбавыя платформы дазваляюць адсочваць змены і карэкціраваць рэкамендацыі ў рэальным часе, павышаючы дакладнасць і персаналізацыю харчавання.
— Для насельніцтва ў нашым цэнтры даступны біяімпедансны аналіз складу цела — хуткая дыягностыка, якая вызначае ўзровень тлушчавай, мышачнай, касцявой і вадзяной масы, базальны метабалізм і метабалічны ўзрост. Чалавек атрымлівае ацэнку энергетычных патрэб і агульныя рэкамендацыі па паляпшэнні харчовых звычак, прафілактыцы парушэнняў і павышэнні якасці жыцця, — растлумачыла Ганна Журня.
Розныя меркаванні — адна выснова
Здаровае харчаванне — гэта не рэжым і не табу, а штодзённая практыка, якая фарміруецца паступова: праз выбар у краме, на рынку, праз уважлівасць да сябе і павагу да ўласных патрэб. Гэта не пра ідэальнасць як канцэпт — гэта пра баланс, які кожны шукае ўласным шляхам. Дыетолаг, навуковец, кухар, студэнт або пенсіянер — усе яны глядзяць на ежу з розных бакоў, але сутнасць адна: харчаванне ўплывае на якасць жыцця, настрой і сілы. І сёння харчаванне перастае быць толькі спосабам насычэння — яно становіцца інструментам прафілактыкі, аздараўлення і павышэння якасці жыцця.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ