Top.Mail.Ru

Жадаеце палётаць над фестывальным горадам разам з героямі славутага ўраджэнца Віцебска? Без праблем!

Пад зоркай Шагала


Імя Марка Шагала непарыўна звязана з Віцебскам. Таму вельмі сімвалічна, што напярэдадні дня нараджэння майстра, які прыпадае на 6 ліпеня, амаль сінхронна ў інфармацыйнай прасторы з’явіліся дзве прыемныя і сугучныя навіны.


Два шэдэўры

Па-першае, карціна Марка Шагала «Прагулка», якую пасля 6 ліпеня планавалі вярнуць назад у Дзяржаўны Рускі музей, застанецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі да кастрычніка. Нагадаем, дамоўленасць аб гэтым была дасягнута ў выніку перагавораў Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына і старшыні ўрада Расіі Міхаіла Мішусціна.

Па-другое, яшчэ адна вядомая карціна Марка Шагала — «Над горадам» — будзе экспанавацца ў Мастацкім музеі Віцебска ў дні «Славянскага базару». Як паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі, гэты шэдэўр прыедзе ў абласны цэнтр з Траццякоўскай галерэі. Для экспанавання яго падрыхтавана асобная зала. Пры гэтым насупраць будзе выстаўлена работа Юдаля Пэна — настаўніка Шагала. Экспазіцыю дапоўняць таксама аўтапартрэт майстра і партрэт яго таленавітага выхаванца, якія таксама напісаў Пэн. Карціны будуць дадзены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.


Убачыць гэты творчы «дуэт» можна будзе ўжо 16 ліпеня — у дзень адкрыцця XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Карціна Марка Шагала «Над горадам» затрымаецца ў абласным цэнтры на два месяцы.

35 фотаімгненняў

Тым часам у цэнтры Віцебска разгарнулася экспазіцыя пад адкрытым небам — выстаўка БелТА, прысвечаная 35-годдзю форуму мастацтваў. Згодна з назвай, на ёй прадстаўленыя 35 постараў з фатаграфіямі вядучага фотакарэспандэнта гэтага інфармацыйнага агенцтва Аляксандра Хітрова.

Выстаўка размясцілася на мосце 1000-годдзя Віцебска. На фатаграфіях — самыя яркія моманты фестывалю. Зоркі-пачаткоўцы і вядомыя выканаўцы, эмоцыі гледачоў і ўдзельнікаў — кожны здымак як старонка летапісу «Славянскага базару» з 1992 года. Асабліва каштоўныя і кранальныя фатаграфіі звязаны з дзеячамі культуры, якіх ужо няма ў жывых, але яны па-ранейшаму застаюцца з намі, у нашай памяці.


Генеральны дырэктар БелТА Андрэй Мохар, які прыняў удзел у адкрыцці выстаўкі, падкрэсліў, што гэта сумесны праект інфармагенцтва і дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»:

— Больш за 120 унікальных, эмацыянальных, яркіх, каляровых і чорна-белых фатаграфій сабраныя на 35 плакатах. Для нас гэта не проста набор фотаздымкаў, для нас гэта цэлая гісторыя. Абсалютная большасць гэтых здымкаў зроблена вядучым фотакарэспандэнтам БелТА, пачынаючы з першага фестывалю, з плёначных фатаграфій. Ён літаральна вядзе летапіс выдатнага свята.

Андрэй Мохар таксама адзначыў, што за фоталетапісам «Славянскага базару» стаіць вялікая работа — гэта начная праяўка фотаплёнкі, напружаныя гадзіны здымкі ў дождж і спёку.

— Усё, што мы бачым, — гэта погляд на фестывальнае жыццё. Хацелася б, каб гэтыя здымкі ўбачылі як мага больш людзей, — падкрэсліў гендырэктар БелТА. — Я ганаруся тым, што 35 гадоў Беларускае тэлеграфнае агенцтва і «Славянскі базар» ідуць поплеч.

Дарэчы, гэта выстаўка стала часткай «Васільковага туру», які арганізавала ў абласных цэнтрах краіны дырэкцыя форуму. Рэдкія кадры ўбачаць госці і ўдзельнікі фестывалю, яна будзе таксама прадстаўлена ў Маскве.


Генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб ЛАПІЦКІ адзначыў асаблівы духоўны складнік выстаўкі і форуму. Ён заявіў, што ў экспазіцыі ўдалося адлюстраваць гісторыю развіцця «Славянскага базару», а работы Аляксандра Хітрова зрабілі асаблівы ўнёсак у захаванне важных момантаў фестывальнай гісторыі.

Акрамя таго, дырэкцыя форуму прадставіла і паштоўкі, створаныя на аснове выстаўкі БелТА. Іх можна будзе набыць як у дні фестывалю, які мае адбыцца, так і пасля, адправіць сваім знаёмым і блізкім, каб яны змаглі дакрануцца да гісторыі маштабнага брэндавага форуму мастацтваў, які збірае пад сваім крылом артыстаў і гасцей з дзясяткаў краін з розных кантынентаў.


Сугучча даўніны і сучаснасці

Пасля мадэрнізацыі, якая была праведзена ў выставачным цэнтры «Духаўскі круглік», тут можна ўбачыць макет старажытнага Віцебска, а юным наведвальнікам — паўдзельнічаць у інтэрактыве, дзе кожны адчуе сябе шукальнікам старажытнасцяў.


Сучасны «Духаўскі круглік» з’яўляецца мастацкай рэканструкцыяй абарончай вежы XІV стагоддзя і выставачным цэнтрам, дзе экспануюцца калекцыі, звязаныя з гісторыяй горада і фестывалем мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Віктар ЛЮБІМАЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю