Беларускі металургічны завод адчувае сябе стабільна. З улікам усіх праведзеных мадэрнізацый на ім сёння ўстаноўлена магутнасць, калі пры поўнай загрузцы можна атрымліваць каля трох мільёнаў тон металапракату ў год. Цяпер наша краіна можа вырабляць усю аб’ёмную пракатную прадукцыю і метызныя дэталі.
У рэчышчы інавацый
— Нягледзячы на складаную глабальную эканамічную кан’юнктуру, завод захоўвае «жывучасць», падкрэслівае намеснік генеральнага дырэктара па тэхналогіі і якасці ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга «БМК» Сяргей ЦЯРЛЕЦКІ:
— За першае паўгоддзе прадпрыемства вырабіла каля 700 тысяч тон сталі. Такі аб’ём вытворчасці выбраны свядома. Цяпер завод працуе па найбольш грашовых і запатрабаваных заказах, што дазваляе яму быць рэнтабельным. Галоўным кірункам яго развіцця застаецца інавацыйная дзейнасць.
На сённяшні дзень 32 % прадукцыі БМЗ, што выпус-каецца, з’яўляецца інавацыйнай. У рабоце адначасова знаходзяцца каля 170 доследна-канструктарскіх і тэхналагічных праектаў. У прыватнасці завод тэсціруе прадукт прамога аднаўлення жалеза для істотнага зніжэння сабекошту.
— На аснове аналізу патрэб вядучых прадпрыемстваў краіны БМЗ асвойвае тры новыя кірункі. Гэта пракат вялікага памеру для замяшчэння імпарту, паласавы пракат для рысор і высокалегіраваныя сталі, атрымаць якія чакаецца да канца года пасля дааснашчэння агрэгатаў, — адзначае Сяргей Цярлецкі.
Не менш за 75 % прадукцыі, якая выпускаецца, ідзе на экспарт, а выручка завода за паўгода перавысіла 1,2 мільярда долараў.
— Асноўная частка экспартнага аб’ёму — каля 75–80 % — традыцыйна прыпадае на Расійскую Федэрацыю. Астатняе размяркоўваецца паміж іншымі дзяржавамі СНД, а таксама краінамі Блізкага Усходу, Афрыкі і Азіі з улікам лагістычнай мэтазгоднасці, — удакладняе намеснік гендырэктара.
людзі з моцным характарам
Работнікаў і ветэранаў металургічнай галіны з прафесійным святам павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
«Гэта свята людзей з моцным характарам, гарачым сэрцам і нязломнай воляй, — гаворыцца ў віншаванні. — Вы выбралі для сябе няпросты шлях. Вашымі рукамі ствараецца той самы метал, які трымае інжынерныя канструкцыі мастоў і заводаў, пастаўляецца для машынабудавання і ўзвядзення жылля».
Асобныя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка выказаў ветэранам, якія перадалі новаму пакаленню веды і ўнікальны вопыт: «Сёння эстафету дастойна прымаюць спадчыннікі працоўных дынастый, маладыя спецыялісты, якія берагуць і прымнажаюць слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў».
Пад пэўнага заказчыка
Беларускі навукова-даследчы канструктарска-тэхналагічны інстытут ліцейнай вытворчасці — бадай, адзінае аб’яднанне спецыялістаў, дзе тэхнары маюць навуковую ступень, акцэнтуе ўвагу яго дырэктар Сяргей РЫМАШЭЎСКІ.
Згодна з новым кірункам дзейнасці, у інстытуце адкрыта лабараторыя рэсурсазберажэння і інавацыі металургіі. Тут вядзецца распрацоўка новых легіраваных матэрыялаў для металургіі, у тым ліку мадыфікатараў, заснаваных на такіх металах, як тытан, медзь, вальфрам, ванадый, кобальт і іншых. Дзякуючы выкарыстанню другасных рэсурсаў і з дапамогай нетрадыцыйных матэрыялаў у лабараторыі дамагаюцца безадходнага поўнага цыкла вытворчасці.
Дарэчы, кожнае абсталяванне, якое распрацоўваецца на прадпрыемстве, вырабляецца непасрэдна пад пэўнага заказчыка і пастаўляецца, што называецца, пад ключ, гаворыць Сяргей Рымашэўскі:
— Мы праводзім велізарную долю навукова-даследчых работ на ўласнай базе. У нас ёсць дзве ліцейныя лабараторыі — каляровага ліцця і спалучэння колераў. І ўсе навуковыя даследаванні датычацца нашых асноўных кірункаў. Ужо створана больш за тры тысячы адзінак абсталявання, па распрацоўках атрымана больш за трыста аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Без ліцейнага абсталявання на Мінскім трактарным заводзе, БелАЗе, «Гомсельмашы» ні адзін аўтамабіль, ні адзін грузавік, ні адзін трактар не выйдзе са зборачнага канвеера.
Металургія сёння развіваецца ў бок лічбавізацыі і аўтаматызацыі працэсаў.
— Мы ганарымся, што наша абсталяванне пастаўляецца ў Кітай. Яно выкарыстоўваецца для вытворчасці адлівак, поршневых кольцаў, рухавікоў унутранага згарання, грузавой і сельскагаспадарчай тэхнікі, — тлумачыць Сяргей Рымашэўскі.
Аснова асноў
Начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр ВІЦЯЗЬ нагадвае, што металургія — аснова развіцця машынабудавання, будаўніцтва, дарожнай інфраструктуры і нават касмічных тэхналогій:
— Ва ўсіх кірунках развіцця металургічнай галіны стаіць задача па памяншэнні энергаёмістасці і адходаў, павышэнні прадукцыйнасці, якасці і канкурэнтаздольнасці.
Асаблівая ўвага надаецца навуковым распрацоўкам у гэтай сферы. Да прыкладу, у НАН распрацаваны новыя нізкалегіраваныя высокатрывалыя маркі сталі, якія дазваляюць па-іншаму весці вытворчыя працэсы. Гэта тэхналогія развіваецца ў супрацоўніцтве з БелАЗам, дзякуючы чаму ўдалося ў разы павысіць трываласць крытычна важных дэталяў.
З дапамогай новых распрацовак вырашаюцца пытанні і ў ліцейнай вытворчасці.
— Што датычыцца сталёвага ліцця, то сёння ў Беларусі каля 60 ліцейных участкаў. За 20 гадоў іх загрузка вырасла прыкладна з 40 да 75 %. Вядома, ёсць участкі, якія загружаныя пад 100 %. Добрых вынікаў удалося дасягнуць па чыгунным і дакладным ліцці, — адзначае Пётр Віцязь.
Задачай нумар адзін для парашковай металургіі ён назваў стварэнне прадуктаў, якія не могуць быць выраблены іншымі спосабамі. Дзякуючы гэтай галіне ў краіне ствараюцца матэрыялы з унікальнымі ўласцівасцямі. Разам з гэтым важна распрацоўваць тэхналогіі і матэрыялы для экстрэмальных умоў працы, у прыватнасці для аэракасмічнай сферы, беспілотнікаў, самалётабудавання. У гэтым кірунку беларускія навукоўцы цесна супрацоўнічаюць з расійскімі калегамі.
Сяргей КУРКАЧ
Фота БелТА