Кранальныя выступленні, ахутаўшы залу атмасферай абсалютнага кахання, паказалі сем’і з дынастый Тарасевічы — Громы — Уроднічы (Брэсцкая вобласць), Крэпсы — Петушковы — Паўлоўскія (Лёзненскі раён), Каўрагі — Жаўнерчукі — Шуставы (Гомельская вобласць), Зінковічы — Ашуркі — Дубковы (Карэліцкі раён), Рутко — Галаватка — Пінчукі — Каспяровічы (Мінская вобласць), Лісіцыны — Аношкі — Жураўлёвы (Магілёўская вобласць), Бусько — Задушынскія — Капянковы (Мінск).
За поспехамі кожнай з гэтых вялікіх, прыгожых, самадастатковых сем’яў крыецца сур’ёзная штодзённая праца: бяссонныя ночы, перажыванні, жаданне і імкненне прысвяціць час кожнаму дзіцяці аднолькава.
«Сям’я — не толькі ячэйка грамадства, але і аснова беларускай дзяржавы, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, вітаючы прадстаўнікоў сямейных дынастый. — У такіх сем’ях растуць сапраўдныя патрыёты, якія скіраваныя ў будучыню. Вы прадстаўляеце розныя прафесіі. Гэта сведчыць, што ў нас у дзяржаве ёсць магчымасць развівацца кожнаму».
Паводле слоў спікера, у беларускай дзяржаве надаецца павышаная ўвага тэме дзяцінства, мацярынства, шматдзетным сем’ям, і, напэўна, прадстаўнікі сямейных дынастый гэта адчуваюць. Дэпутацкі корпус не застаецца ўбаку. У цяперашні час разглядаюцца карэкціроўкі ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і.