Тэма мерапрыемства, якое пачалося на базе 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады і скончылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — «Жаночае аблічча Перамогі». На тэрыторыі воінскай часці ўдзельніцы форуму з усіх рэгіёнаў Беларусі азнаёміліся з побытам жанчын-ваеннаслужачых, у музеі для іх была праведзена экскурсія. Тут жа адбылося і пленарнае пасяджэнне канферэнцыі, на якім абмеркавалі ролю жанчын у Вялікай Перамозе і ў сучасным грамадстве, іх подзвігі на фронце і ў тыле. Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй ускладання кветак да стэлы «Мінск — горад-герой».
Вайна выпрабоўвала з асаблівай жорсткасцю
Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла: «Жанчын вайна выпрабоўвала на стойкасць з асаблівай жорсткасцю, вырываючы з сэрца самае дарагое — дзяцей, мужоў, бацькоў. Праз 80 гадоў са дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны мы як ніколі ўсведамляем велізарны неацэнны ўклад тых, каго звычайна называюць слабай паловай чалавецтва. Але жыццё не раз даказвала адваротнае. Юныя дзяўчынкі, адважныя мамы і мудрыя бабулі на франтах і ў тыле паказалі ўсяму свету бяспрыкладную стойкасць у самыя цяжкія і змрочныя часы. Валодаючы неймавернай сілай духу, яны сталі сімвалам вялікага гераізму і самаахвяравання, якія не ведалі межаў і змянілі ход гісторыі. Іх подзвігі назаўжды ўпісаны ў летапіс».
Спікер нагадала, што на заводах і фабрыках жанчыны ўставалі на месцы мужчын, якія пайшлі на фронт: «Іх далікатныя рукі ператварыліся ў моцныя, рукі, якія ноччу спавівалі немаўлят, а днём адлівалі зброю і боепрыпасы — усё для фронту, усё для Перамогі! Іх працаздольнасць на мяжы чалавечых магчымасцяў стала крытычна важнай. А згуртаванасць, адказнасць і ўзаемападтрымка — краевугольным каменем калектыўнага супраціву і духу ўсёй нацыі».
Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што нашы слаўныя беларускі былі падпольшчыцамі і партызанамі, урачамі і медсёстрамі, снайперамі і танкістамі. «Подзвігі Алены Мазанік, Надзеі Траян, Марыі Осіпавай з Мінска, Ганны Маслоўскай, Ефрасінні Зяньковай з Віцебскай вобласці, Зінаіды Партновай і Таццяны Марыненка з Полацка і многіх-многіх іншых будуць вечна гучаць у нашых сэрцах несмяротнай одай, кожны радок якой напісаны крывёй, слязамі і болем. І ў той жа час верай, надзеяй і любоўю», — сказала спікер.
У гэтым слаўным пантэоне герояў-беларусак — Зінаіда Тусналобава-Марчанка. «Яна — прыклад незвычайнай сілы, чалавечай стойкасці і мужнасці, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Легендарная медсястра выратавала больш за сотню салдат, выносячы на сабе параненых пад ліўнем куль і разрываў снарадаў. У адным з баёў сама была цяжка паранена, пазбавілася рук і ног. Нягледзячы на жахлівыя выпрабаванні, яна не зламалася. Адно толькі згадванне яе імя падахвочвала савецкіх воінаў да бясстрашнай барацьбы супраць фашызму, надзяляла іх нязломнай сілай і жаданнем у што б там ні стала адпомсціць».
Спікер падзялілася, што сустрэча яшчэ ў школьныя гады з гэтай гераічнай жанчынай пакінула глыбокі след у яе сэрцы. «Я як сёння памятаю гэту цёплую сустрэчу і яе просьбу — абараніць нашу краіну і каб ніколі не паўтарылася тая трагедыя, якую давялося перажыць нашым старэйшым пакаленням. Гэтыя словы я нясу праз усё сваё жыццё, расказваючы дзецям і ўнукам».
«Пакуль людзі шануюць мінулае, чалавецтва будзе развівацца і ўдасканальвацца»
«Дзякуючы нашым бясстрашным зямлячкам, сёння мы маем магчымасць свабодна жыць, гадаваць дзяцей, выхоўваць унукаў, працаваць на карысць роднай Беларусі, ганарыцца і памнажаць яе шматлікія дасягненні і будаваць планы на доўгія гады наперад, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Заплаціўшы за Перамогу цаной мільёнаў жыццяў нашых сыноў і дачок, мы ніколі не забудзем жорсткасць і бясчынствы нацысцкіх катаў і іх памагатых. Ніхто і нідзе ў свеце так самааддана не змагаўся з „карычневай чумой“. Мы гэта памятаем, і ў гэтым наша сіла, якая дае цвёрдую ўпэўненасць і аб’ядноўвае нас усіх асаблівай місіяй — рабіць усё магчымае і немагчымае, каб гэтыя ахвяры былі недарэмныя. Нам, нашчадкам пераможцаў, завешчана захоўваць памяць аб тых, хто не вярнуўся з вайны. Тых, чыя сіла духу і стойкасць сталі прыкладам барацьбы за свабоду і незалежнасць. І гэта памяць — наша святая рэліквія — будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне».
Спікер падкрэсліла, што наш абавязак і маральнае права — не дазволіць абарвацца дыялогу аб каштоўнасці міру, жыцця і свабоды, не паддацца знешняму ўплыву пераканаць нас у адваротным. Ва ўмовах гібрыднай вайны, па словах спікера, мы сталі яшчэ мацнейшымі. Яна заклікала згуртавацца і выступіць адзіным фронтам супраць усіх інфармацыйных укідаў і правакацый. «Як нашы продкі не сталі на калені перад ворагамі, так і мы не маем намеру схіляць галаву перад нашым праціўнікам, — сказала Наталля Качанава. — Каб і надалей супрацьстаяць нават найменшым намерам „заходніх выскачак“ перапісаць гісторыю, мы аб’яднаем намаганні, выкарыстоўваючы ўсе даступныя цывілізаваныя сродкі: ад адукацыйных і культурных праграм, грамадскіх патрыятычных праектаў да навуковых даследаванняў і заканадаўчых ініцыятыў».
Рэзюмуючы, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што сіла праўды — у нашай памяці. «Гістарычная памяць — адно з галоўных багаццяў чалавечай культуры, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Пакуль людзі шануюць мінулае, чалавецтва будзе развівацца і ўдасканальвацца. Памяць вайны заклікае да адказнасці за мір на зямлі. І ў гэтым наша галоўная місія, місія нашчадкаў пераможцаў-герояў без тэрміну даўнасці. Памятаць, каб ніколі не забываць! Памятаць, каб не паўтарылася. Нізкі паклон усім жанчынам, якія ў керзавых ботах і ваенных шынялях набліжалі Перамогу, як маглі... Як могуць гэта рабіць толькі нашы сапраўдныя жанчыны».
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
Дарэчы
Адзіны дзень прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі адбудзецца 5 мая ў Брэсцкай вобласці.
Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правядзе прыём з 11:00 у Жабінкаўскім райвыканкаме (прыём згодна з папярэднім запісам).
Падрабязны анонс з указаннем адрасоў раённых выканаўчых камітэтаў размешчаны на афіцыйным сайце Савета Рэспублікі.