Top.Mail.Ru

Жанчына-камбайнер з ААТ «Дзераўное» нараўне з мужчынамі рупіцца на жніве

«Калі бункер набіваецца збожжам — гэта шчасце»


Уборачная ў самым разгары. На палях Стаўбцоўшчыны сярод магутных машын працуе і яна — адзіная жанчына-камбайнер у раёне. Таццяна ПЯЧУРКА з вёскі Дзераўная ўжо не першы раз за рулём новага камбайна. Карэспандэнты «Звязды» сустрэлі яе ў полі і даведаліся, як жанчына ўзначаліла экіпаж, чаму не баіцца тэхнікі і што такое сапраўднае жаночае шчасце на зямлі.


Сёлета Таццяна сустрэла жніво за рулём новенькага камбайна «Гомсельмаш» GS12A1 PRO, ключы ад якога напярэдадні ўборачнага сезона атрымала з рук старшыні Мінаблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі. Машына з кандыцыянерам, аснашчаная сучаснай тэхнікай і цэнтралізаванай сістэмай змазкі, што стала не проста падарункам, а галоўным інструментам у руках жанчыны.

«Гэта машына — песня, — расказвае наша гераіня. — Усё на кнопках, камфортна. Такога я нават не магла сабе ўявіць. Цяпер я за рулём, а муж Станіслаў — мой памочнік».

Таццяна Пячурка кіруе смела, упэўнена, быццам рабіла гэта ўсё жыццё. Муж заўсёды побач — падтрымлівае, дапамагае.


Яна не баіцца, што працуе сярод мужчын. «Да мяне ставяцца як да роўнай. Ніхто не лічыць, што я дзяўчына, што мне патрэбна паблажка. Мы працуем разам», — кажа яна. І дадае: «Гэта не толькі пра мяне. Беларускія жанчыны на самай справе вельмі моцныя».

Так склалася, што яе жыццё з тэхнікай звязана з самага ранняга ўзросту. Бацька, Сяргей Юр’евіч, усё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы, доўгія гады — на камбайне. Калі камбайны праязджалі міма іх хаты, маленькая Таццяна з сёстрамі беглі на вуліцу — сустракаць і праводзіць. Нават позна ўвечары, калі бацька вяртаўся з поля, яго чакалі каля варот.


«Гэта было нешта асаблівае, — успамінае Таццяна. — Мы чулі гул камбайнаў здалёк і ўжо ведалі, што едзе бацька».

Пасля школы дзяўчына атрымала дыплом кухара ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы, але хутка зразумела — гэта не яе. Вярнулася ў родныя мясціны, дзе прапанавалі работу дыспетчара на мясцовым прадпрыемстве. Так сельская гаспадарка зноў увайшла ў жыццё — і засталася назаўсёды.


Вось ужо 17 гадоў Таццяна працуе дыспетчарам. Дарэчы, маці нашай суразмоўніцы Ірына Міхайлаўна — таксама дыспетчар: з дачкой працуюць пазменна. Атрымліваецца, наша гераіня пайшла адначасова і па бацькавых слядах — стала камбайнерам, і па матуліных — асвоіла прафесію дыспетчара. Амаль тры гады таму села ў камбайн — пачала дапамагаць мужу. Таццяна даўно кіруе аўто, аднак правы трактарыста атрымала толькі ў 2024-м. Каб быць паўнавартасным камбайнерам, цяпер здала і на катэгорыю F.

«Спачатку было няпроста, — успамінае яна. — Але муж падтрымліваў. Казаў, што такое пачуццё, быццам я ўсё жыццё на камбайне. І сапраўды — усё атрымлівалася».

Таццяна не баіцца ні тэхнікі, ні цяжкасцяў. Яна ўпэўненая, што жанчына здольная справіцца не горш за мужчыну. «Людзі часам кажуць, што гэта не жаночая справа. Але я з гэтым не згодная. Вось я добра езджу. Калі атрымліваецца — чаму не?» — гаворыць працаўніца.


Галоўны аграном ААТ «Дзераўное» Павел ТАРАСЮК расказаў нам, як з’явілася ідэя даверыць камбайн жанчыне. На той момант яна была памочніцай у свайго мужа. Добры тандэм у іх атрымаўся. Год папрацавалі, і муж аказаўся добрым настаўнікам — хутка яе навучыў, паказаў, як уладкаваны камбайн і які прынцып яго функцыянавання. Паставілі задачу, каб за зімовы перыяд працаўніца атрымала правы. Усё атрымалася, навучылася. На другі сезон ужо максімальна далучалі яе да штурвала, каб шмат практыкавалася. Убачылі, што ўсё атрымліваецца. І вось гэта ўжо трэці сезон. Сёлета Таццяна ўзяла асноўнае кіраванне на сябе. Гэта першы год, калі яна самастойна руліць і з’яўляецца сертыфікаваным камбайнерам нараўне з калегамі-мужчынамі«.

Мы спыталі ў Таццяны, як ідзе сёлетняя ўборачная кампанія ў гаспадарцы.

«Надвор’е, вядома, засмучае, ідуць дажджы, але мы не губляем хвіліны, як толькі з’яўляецца магчымасць, выязджаем у поле. Завяршылі ўборку азімага ячменю на 177 га, ураджайнасць радуе — 48 ц/га. Жнём азімы рапс».

«Ці будзеце ўдзельнічаць у сёлетнім спаборніцтве сярод экіпажаў?» — пытаемся.

«Наконт лідарства — не будзем загадваць, бо яшчэ ўся ўборачная наперадзе, многае залежыць ад тэхнікі... Галоўнае не ламацца» (усміхаецца).

У сям’і Пячуркаў трое дзяцей: старэйшаму сыну 17 гадоў, ён плануе паступаць у БДАТУ на інжынера-энергетыка. Сярэдні сын скончыў пяты клас, дачка пайшла ў другі. У час жніва дзеці застаюцца з бабуляй і дзядулем — і гэта сямейная традыцыя нагадвае Таццяне яе ўласнае дзяцінства.

«Я ўпэўненая — сапраўднае шчасце, калі ты любіш сваю справу і калі цябе любяць», — кажа яна. На пытанне, што падабаецца ў сваёй працы больш за ўсё, Таццяна адказвае без ваганняў: «Калі ты бачыш, як бункер набіваецца збожжам, калі няма паломак, калі ўсё ідзе роўна — гэта і ёсць шчасце. Бо гэта твой хлеб, твая праца, твая зямля».

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю