Кобрынскі раённы аддзел Следчага камітэта расследуе крымінальную справу аб гібелі жанчыны, якая атруцілася асабліва небяспечным псіхатропам. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Рамана Зармаева.
У мае 2025 года 39-гадовы мужчына патэлефанаваў у хуткую медыцынскую дапамогу і расказаў, што яго жонцы стала дрэнна праз алкаголь. Медыкі праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але не змаглі выратаваць жанчыну. На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Падчас агляду кватэры праваахоўнікі выявілі мефедрон. Праверка тэлефона загінулай выявіла шматлікія плацяжы за набыццё наркотыкаў у даркнэце.
«Муж і жонка сістэматычна ўжывалі забароненыя рэчывы. Згодна з заключэннем судовай медыцынскай экспертызы, смерць жанчыны наступіла ў выніку атручвання мефедронам, — расказаў Раман Зармаеў. — Загінулая раней прыцягвалася да крымінальнай адказнасці за захоўванне наркотыкаў і крадзяжы маёмасці». Муж і жонка выхоўвалі траіх маленькіх дзяцей.
Кобрынскі РАСК распачаў крымінальную справу за незаконны абарот псіхатропаў, які пацягнуў па неасцярожнасці смерць чалавека (ч.5 арт.328 КК). У дачыненні да мужа загінулай распачатая крымінальная справа за набыццё і захоўванне псіхатропных рэчываў без мэты збыту (ч.1 арт. 328 КК).