Спорт — гэта не толькі медалі і рэкорды. Гэта школа характару, дзе кожны дзень даводзіцца рабіць выбар на карысць дысцыпліны, пераадолення і веры ў сябе. На прэс-канферэнцыі «Жанчыны ў спорце: вопыт перамог і дзяржаўная падтрымка» ў Доме прэсы пяць вядомых беларускіх спартсменак і трэнераў расказалі, як спорт сфарміраваў іх жыццё і якія якасці дапамагаюць дабівацца выніку на арэне і за яе межамі.
Дысцыпліна як падмурак
Намеснік старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Беларускай федэрацыі каратэ, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, уладальнік шостага дана па каратэ Сітору Кацярына Лысенка пераканана: спорт пачынаецца з умення арганізоўваць свой час.
«І з дзяцінства нашы трэнеры, і мы цяпер нашых дзяцей вучым умець арганізоўваць свой час, планаваць свой дзень. І, напэўна, вось гэтая якасць адрознівае тых дзяцей, якія з ранняга ўзросту прыходзяць у спорт, ад тых дзяцей, якія не займаюцца спортам», — адзначыла яна.
Па яе словах, дысцыпліна непарыўна звязана з уменнем спраўляцца з першымі няўдачамі. «Вельмі рэдка, калі мы хапаем зоркі з неба і адразу заваёўваем высокія месцы, яны вучаць спраўляцца з цяжкасцямі, не здавацца, рухацца наперад», — падкрэсліла Лысенка.
Уменне дамаўляцца — нават з канём
Дырэктар Беларускай федэрацыі коннага спорту Крысціна Васільева дадала: у яе відзе спорту дысцыпліна набывае асаблівы сэнс, бо партнёр па трэніроўцы важыць 500–600 кілаграмаў. На яе думку, конны спорт вучыць дамаўляцца і разумець іншага — нават калі гэта жывёла, якая становіцца тваім напарнікам і таварышам. «Конны спорт, ён прывівае асаблівую нейкую любоў... да ўсяго, таксама ўменне дамаўляцца», — сказала яна.
Васільева прызналася, што прыйшла ў конны спорт у 14 гадоў — узрост, які лічыцца познім. Але менавіта ў гэтым відзе спорту высокія вынікі прыходзяць з вопытам: на Алімпіядзе 2012 года выступаў японскі спартсмен ва ўзросце 71 года. Сёння Васільева кіруе федэрацыяй і ўспамінае, як пачынала з конных прагулак, а дайшла да кандыдата ў майстры спорту і трэнерскай працы.

Жаночая стойкасць на рубяжы
Галоўны трэнер нацыянальнай каманды па стральбе з лука Кацярына Цімафеева адзначыла: на рубяжы ўсе роўныя, але жанчыны часам праяўляюць стойкасць мацней.
«І ў нас, напрыклад, у стральбе з лука на рубяжы ўсе роўныя, як мужчыны, так і жанчыны, але часам жанчыны праяўляюць вось гэтую стойкасць значна мацней, і якраз у нашым відзе спорту большасць медалёў, якія заваяваныя нашымі спартсменамі, з’яўляюцца менавіта перамогамі і ўзнагародамі менавіта жаночага полу, таму нашы жанчыны вельмі моцныя», — падкрэсліла яна.
Цімафеева сама прайшла шлях ад секцыі ў Мазыры да дзвюх Алімпіяд — 2008 і 2012 гадоў. З 2018 года яна ўзначальвае нацыянальную каманду, а ў 2021 годзе на Гульнях у Токіа жаночая зборная па стральбе з лука ўпершыню заняла чацвёртае месца.
Пераадоленне і дзяржаўная падтрымка
Чэмпіёнка Еўропы па тхэквандо Юлія Вітко прызналася: галоўныя цяжкасці былі звязаныя з санкцыйнымі абмежаваннямі, калі спартсмены маглі канкурыраваць толькі з расійскімі сапернікамі. Сёння сітуацыя змянілася.

«На дадзены момант усе цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся, нам дапамагае пераадольваць федэрацыя. І ў нас ёсць цудоўны прэзідэнт федэрацыі — гэта Вячаслаў Давыдовіч. І пад яго крылом ты заўсёды адчуваеш сябе абароненым. На наш від спорту ўжо выдзяляецца значна больш фінансаў, чым выдзялялася ў папярэднім годзе. І на 2027 год абяцаюць 21 старт у нас», — расказала яна.
Па яе словах, дзяржаўная падтрымка адчуваецца і ў медыцынскім суправаджэнні: з’явіўся ўрач нацыянальнай зборнай, які ездзіць на ўсе спаборніцтвы і зборы. У планах — прыцягненне масажыста. «Нас падтрымліваюць, вядома ж, фінансава», — дадала Вітко.
Школа жыцця
Старшыня Беларускай федэрацыі плавання, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вольга Сцепусь расказала, што спорт быў з ёй з дзяцінства — яе бацька быў майстрам спорту СССР па цяжкай атлетыцы. Яна прайшла шлях ад інструктара-метадыста да кіраўніка Палаца водных відаў спорту ў Брэсце, а затым прыйшла ў палітыку.
«Усё маё свядомае жыццё было звязана са спортам, вакол спорту... я мяркую, што асабісты прыклад кагосьці стаў асноўным і ў выбары заняткаў, і ў выбары прафесіі», — адзначыла Сцепусь.
Яна падкрэсліла: спартыўная індустрыя сёння шматгранная, і кожны можа знайсці ў ёй сваё месца. «Вельмі люблю, што раблю, паважаю ўсіх, хто працуе ў спартыўнай індустрыі», — сказала яна.
Парады юным спартсменкам
У заключэнне ўдзельніцы далі параду дзяўчынкам, якія толькі пачынаюць шлях у спорце.
Кацярына Лысенка заклікала не спыняцца на дасягнутым: «Спорт — гэта тое ўнікальнае месца, дзе кожны можа адчуць сябе яркім, можа адчуць сябе ў цэнтры ўвагі, можа дасягнуць таго, чаго ён сам сапраўды пажадае».
Крысціна Васільева пажадала дзецям спрабаваць сябе ў розных секцыях: «Няхай спорт і не стане для кагосьці прафесійным, ён не стане для кагосьці ў далейшым звязаны з іх працай, але тое, што самае каштоўнае і неабходнае, ён дапаможа закласці з дзяцінства».
А Кацярына Цімафеева дадала: «Нягледзячы ні на што, ні на ніякія цяжкасці або якія-небудзь, можа быць, нават сумненні ісці наперад да сваёй мэты, да сваіх мараў».
Спорт для гэтых жанчын — не проста прафесія. Гэта лад жыцця, які вучыць дысцыпліне, павазе да партнёра, стойкасці і ўменню марыць. І, як паказала сустрэча, гэтыя якасці застаюцца з імі далёка за межамі спартыўнай арэны.
Ягор ЧУРЫК