Top.Mail.Ru

«Жанчыны спяшаюцца за касметыкай, а я — за вудамі»: медсястра з Віцебска больш за 15 гадоў займаецца рыбалкай

Раніца, туман над вадой, спевы птушак, плёскат хвалі і паклёўка — такія моманты падчас рыбалкі, калі забываеш пра працоўныя будні і становішся часткай пейзажу, асабліва шануе старшая медыцынская сястра другога кардыялагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Іна Фёдарава. Ужо 15 гадоў жанчына і летам, і зімой адпраўляецца за трафеямі на вадаёмы Беларусі і Расіі. Яна расказала БелТА, чаму ўзнікла любоў да такога хобі, як прафесійныя якасці дапамагаюць дамагчыся добрага ўлову і якая ў яе любімая рыбная страва.


Любоў да рыбалкі ў Іны прачнулася не выпадкова: можна сказаць, яна перадалася праз гены. Жанчына нарадзілася ў вёсцы Роўнае Шумілінскага раёна. Бацькоўскі дом стаяў на беразе возера, якое вабіла сваім багаццем. Яе дзядуля, бацька і два браты пастаянна рыбачылі. Аднак яна захапілася гэтай справай нашмат пазней. 

«Аднойчы летам з мужам паехалі адпачыць са стрыечнай сястрой і яе мужам. На іх лодцы мы проста пракаціліся, але прыродная прыгажосць урэзалася ў памяць. Пасля гэтай паездкі ў мяне з’явілася велізарнае жаданне купіць лодку, вуды і часцей выязджаць у такія месцы», — расказала Іна Фёдарава.



Падтрымаў ініцыятыву муж, з якім жанчына ўжо амаль 35 гадоў разам. «Мне пашанцавала: Аляксандр заўсёды падтрымлівае мае ідэі. А жаданне заняцца рыбалкай яму асабліва спадабалася. Некаторым мужам трэба адпрошвацца на вадаём, а тут жонка з задавальненнем туды спяшаецца», — з іроніяй адзначыла Іна.

З тых часоў амаль кожны выхадны сям’я адпраўляецца на вадаём. «Гэта хобі дапамагае адцягнуцца ад праблем, якія ўзнікаюць на працы, пагрузіцца зусім у іншы свет», — падзялілася Іна. Яна працуе медыкам ужо больш за тры дзясяткі гадоў. Пайшла па слядах маці, якая прысвяціла сябе ахове здароўя. Гэтая сфера складаная і напружаная, бо штодня неабходна несці адказнасць за жыццё людзей. Без добрага рэлаксу не абысціся, і ім для медсястры стала рыбалка. Нават хатнія справы не з’яўляюцца перашкодай: «Жывем у прыватным доме, ёсць агарод. Улетку заўсёды клопатаў хапае. Але мы пасля працы ўсё, што трэба, зробім, а ў пятніцу збіраемся на рыбалку».

Сям’я аб’ездзіла шмат азёр у Беларусі і Расіі. Больш за ўсё запалі ў душу Браслаўскія, Чудскае, вадаёмы Карэліі. «Першыя паездкі былі з палаткай. Потым купілі домік на колах, дзе ёсць спальнае месца, невялікая кухня. Гэта, безумоўна, дадае камфорту адпачынку, які важны для кожнай жанчыны», — адзначыла Іна.


За паўтара дзесяцігоддзя яна паспела асвоіць розныя спосабы лоўлі. «Падабаецца лавіць адразу на дзве вуды. Сумаваць на беразе дакладна не прыйдзецца, гэта сапраўдны адрэналін. Займальнай з’яўляецца лоўля на фідэр: галоўнае — закінуць вуду туды, дзе прыкарміў рыбу. Асаблівае мастацтва — начная рыбалка на донку. Пад ліхтарам сядзіш, чакаеш, калі клюне і зазвініць званочак, затым цягнеш гумку, здымаеш здабычу і акуратна адпускаеш донку назад», — патлумачыла рыбачка.

На рыбалцы важныя назіральнасць, уменне прыкмячаць дэталі і цярпенне, каб дачакацца клёву. Гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодае Іна, бо яны неабходныя ёй і ў прафесійнай дзейнасці. «Медыцына не церпіць паспешлівасці і мітусні, трэба з халоднай галавой падыходзіць да лячэння чалавека», — падсумавала медсястра.
У яе арсенале каля 20 зімовых вудаў і чатыры летнія. «Цяжка прайсці міма рыбалоўнай крамы. Жанчыны спяшаюцца за касметыкай, а я — за вудай. Магу прыкупіць лішнюю зімовую. Вельмі зручна на холадзе мяняць не мармышкі, а вуды з загадзя падрыхтаванымі прынадамі», — удакладніла Іна.


Самы вялікі яе ўлоў — шчупак вагой каля 5 кг. Вылавіць трафей заўсёды дапамагае муж. На рыбалцы жанчына спадзяецца толькі на поспех. «Вядома, заўсёды хочацца злавіць рыбу. Бывае, вяртаемся дадому і з пустымі рукамі, але не хвалюемся. Бо галоўнае — адпачынак на прыродзе, дзе вакол незвычайная прыгажосць. Прыемна глядзець на маляўнічыя захады, адлюстраванне аблокаў у вадзе, першы прамень сонца, які прабіваецца праз дрэвы», — падкрэсліла Іна.

Для жанчыны рыбы шмат не бывае. Напрыклад, аднойчы з Чудскага возера Фёдаравы прывезлі каля 20 кг рыбы. Як умелая гаспадыня, Іна знайшла спосаб яе захаваць. «Люблю смажанага шчупака, падабаецца вэнджаны лешч. Вялім рыбу ва ўласнай вяндлярні, якую пабудавалі каля дома. Яшчэ ў нас ёсць аўтаклаў. З яго дапамогай робім рыбныя кансервы, якія атрымліваюцца лепшымі за крамныя — усе костачкі разварваюцца. Вядома ж, сушым рыбу. Нарыхтовак у нас шмат», — расказала яна.

І на сямейных застоллях асноўная страва — рыба. Часта ў гасцях у Іны бываюць яе ўнукі — васьмігадовы Аляксандр і шасцігадовы Косця. Яны таксама сталі пастаяннымі спадарожнікамі ў недалёкіх паездках на рыбалку. «З задавальненнем з намі ездзяць. У іх ёсць уласныя вуды, камізэлькі. Мы нават купілі вялікую лодку, у якой усім хапае месца. А бабулі давялося здаць экзамен на права кіравання маламерным суднам», — дадала Іна.


Жанчына лічыць сябе абсалютна шчаслівым чалавекам. «Для гэтага ў мяне ёсць усё: справа для душы, дом — поўная чаша і, вядома ж, любімае хобі», — сказала яна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю