29 і 30 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Мінска праходзіць другі Рэспубліканскі форум жанчын-прадпрымальніц «Энергія і стварэнне». Гэтае маштабнае мерапрыемства сабрала больш за 300 актыўных і матываваных бізнес-ледзі з усёй Беларусі, якія прыехалі не толькі падзяліцца вопытам, але і знайсці новыя ідэі, партнёраў і натхненне для развіцця сваіх праектаў.
Форум адкрыўся пленарным пасяджэннем, на якім выступілі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, бізнес-супольнасці і грамадскіх арганізацый. Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч падкрэсліла, што у Беларусі створана спрыяльнае асяроддзе для развіцця жаночага прадпрымальніцтва, нягледзячы на адсутнасць спецыяльнага заканадаўства, якое падтрымлівае менавіта жанчын у бізнесе. Яна адзначыла, што жанчыны актыўна ўдзельнічаюць у розных ініцыятывах і праектах, у тым ліку ў сферах цяжкай прамысловасці і стартапаў, якія падтрымліваюцца беларускімі банкамі. Паводле яе слоў, форум стаў пляцоўкай для новых калабарацый і пошуку фінансавання для смелых і ініцыятыўных бізнес-ледзі.
— Жанчыны ў Беларусі — гэта не проста прадпрымальнікі, гэта сапраўдныя лідары, якія ўмела спалучаюць кар’еру і сямейнае жыццё, уносяць вялікі ўклад у эканоміку і сацыяльнае развіццё краіны, — адзначыла ў сваім выступленні старшыня грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Вольга Шпілеўская. Яна таксама адзначыла важнасць дыялогу паміж бізнесам і ўладай, а ў рамках форуму былі разгледжаны тэмы міграцыйнай палітыкі і міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва.
Адбыліся і тэматычныя сесіі, прысвечаныя такім актуальным напрамкам, як «Бізнес у лічбах», «Мама-прадпрымальнік», «Беларусь — гасцінная краіна» і «Пабудова камунікацыйных і кааперацыйных сувязяў малога бізнесу». Удзельніцы мелі магчымасць абменьвацца вопытам, атрымліваць кансультацыі экспертаў і прадстаўляць свае праекты шырокай аўдыторыі.
Асаблівая ўвага была нададзена выставе вырабаў рамесніц і вытворцаў з розных рэгіёнаў краіны. Тут можна было ўбачыць аўтарскія свечкі, вытанчаныя брошкі, жывапісныя карціны, хатні сыр, а таксама стыльныя аксэсуары з натуральнай скуры і тэкстыльныя вырабы. Сярод экспанентаў былі як пачынаючыя прадпрымальнікі, так і буйныя прадпрыемствы, напрыклад, ААТ «Камволь» і брэнд Lemongrass, якія прадставілі свае новыя калекцыі.
Упершыню ў форуме прынялі ўдзел міністр эканомікі Юрый Чабатар, міністр інфармацыі Марат Маркаў, а таксама госці з Расіі — прадстаўнікі Санкт-Пецярбургскага аддзялення Агульнарускога грамадска-дзяржаўнага аб’яднання «Саюз жанчын Расіі» — «Жаночы альянс».
Вечарам першага дня удзельніц чакала творчае мерапрыемства з модным паказам ад беларускіх дызайнераў, а ў праграме другога дня форуму — сустрэчы з прадстаўнікамі міністэрстваў і наведванне завода «БелАЗ».
Форум «Энергія і стварэнне» стаў не проста пляцоўкай для дзелавых сустрэч — гэта была сапраўдная прастора сілы, творчасці і падтрымкі. Удзельніцы адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і выказалі спадзяванне, што падобныя мерапрыемствы стануць рэгулярнымі, дапамагаючы беларускім жанчынам раскрываць патэнцыял і будаваць паспяховы бізнес.
Марыя АСТРОВА
Фота аўтара