Маладзёжныя (U21) зборныя Беларусі па хакеі на траве сталі прызёрамі міжнароднага турніру ў сталіцы Узбекістана Tashkent Open, паведамляе БелТА.
Удзел у спаборніцтвах прынялі па чатыры мужчынскія і жаночыя каманды з трох краін. На асноўным этапе турніру дзяўчат зборная Беларусі-U21 абыграла равесніц з Узбекістана (3:1), а таксама была мацнейшай за дарослыя каманды Казахстана (5:1) і Узбекістана (7:3). У паўфінале нашы хакеісткі зноў перамаглі казахстанскіх спартсменак (2:1), а ў вырашальным матчы справіліся з гаспадынямі пляцоўкі (6:5). Дублі ў фінале за беларусак аформілі Паліна Робак і Дар’я Чверкалюк, па мячы закінулі Мая Навіцкая і Ульяна Пупко.
У папярэднім раўндзе мужчынскага турніру маладзёжка нашай краіны з лікам 3:0 абыграла зборную Ташкенцкай вобласці, пасля чаго ўступіла дарослай і маладзёжнай камандам Узбекістана. У паўфінале беларусы ўзялі рэванш ва Узбекістана-U21 (4:1), але ў фінальнай гульні зноў прайгралі старэйшым гаспадарам спаборніцтваў, узяўшы тым самым серабро.
У склад жаночай зборнай Беларусі-U21 увайшлі прадстаўніцы ХК «Мінск», смалявіцкай «Вікторыі», гродзенскага «Рытма» і «Тэкстыльшчыка» з Баранавіч. Нашу мужчынскую маладзёжку сфарміравалі хакеісты «Мінска», брэсцкага «Будаўніка», ХК «Гомель» і СДЮШАР «Замасточча».