Маці, сястра, каханая, будаўніца, ведзьма, паплечніца, гераіня і яшчэ сотні жаночых роляў, якія штодзень змяняюцца, трансфармуюцца, набываюць новыя грані і адценні
За многія з іх жанчыны змагаліся на працягу стагоддзяў, ад некаторых спрабуюць адмовіцца і дагэтуль, аднак кожная знайшла адлюстраванне ў творах мастакоў і скульптараў, музыкантаў і пісьменнікаў. Сёння вобраз жанчыны застаецца для творцаў невычарпальнай крыніцай натхнення. Новы выставачны праект у НЦСМ прапаноўвае паглыбіцца ў таямніцы жаночай душы разам з беларускімі і замежнымі майстрамі, паразважаць над з’явай «жаноцкасці» і тым, ці існуе яна наогул паза рамкамі навязаных роляў.
Ролі, якія не выбіраюць
Жыццё кожнай жанчыны — складанае перапляценне міфаў, гістарычных наратываў, уплыву масавай культуры, стандартаў прыгажосці і сямейных традыцый. Аўтары праекта «Формы і цені: жаночае» спрабуюць пераасэнсаваць ролю жанчыны ў сучасным свеце сацыяльных выклікаў, стварыць прастору, дзе магчыма фарміраванне «новай рэальнасці». Творчыя выказванні адлюстроўваюць як знешняе ўспрыманне жанчыны, так і яе самаадчуванне, што заклікае гледачоў да пошуку адрозненняў паміж мужчынскім і жаночым поглядамі на гэтую тэму.

Новы праект Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў — не звыклая ода жанчыне, дзе жыццёвыя выпрабаванні служаць шэрым фонам для яркай прыгажосці. Гэта магчымасць праз мастацкую форму адчуць на сабе цяжкасць сацыяльных нормаў, грамадскага ціску, з якім штодзень сутыкаецца жаночая палова насельніцтва, прымераць тыповыя ролі, што зусім не адлюстроўваюць яркую індывідуальнасць асобы, і, нарэшце, зразумець сапраўдную важнасць свабоды, чыім духам прасякнута ўся жаночая гісторыя. Тут агаляецца важнае і патаемнае: і барацьба з сацыяльнымі шаблонамі, і спроба стварыць свае правілы, пабудаваць уласны камфортны свет, і сыход у выдуманую рэальнасць, дзе неўсвядомленыя жаданні і патрэбы набываюць форму і голас.
Маці
Адно з самых важных і складаных прызначэнняў жанчыны — стаць маці, і нядзіўна, што менавіта выпрабаванні і радасці мацярынства знайшлі найбольш глыбокае адлюстраванне ў мастацтве. На класічных палотнах мы бачым ахвярную Мадонну з высакародным смуткам у вачах, святых, якія нараджаюць без болю, ці безыменных сялянак, прывязаных да калыскі пяшчотнай любоўю. Аднак што застаецца за рамкай? Неспакойныя ночы, калі маці разрываецца паміж доўгам, любоўю і стомленасцю, жыццё, раздзеленае на «да» і «пасля», супярэчлівасць пачуццяў, дзе сэрца разрываецца паміж любоўю да дзіцяці, шчасцем ад першага кроку і тугой па ранейшай свабодзе, калі ты належаў толькі сабе. Мастацтва доўгі час спявала гімн мацярынству, але рэдка казала пра штодзённы цень — стомленасць, няўпэненасць, страх памыліцца, права на гнеў... Аўтары праекта «Формы і цені: жаночае» паспрабавалі выйсці за звыклыя межы ўяўлення ролі маці, дакрануцца да самых уразлівых частак жаночай душы і зазірнуць у самыя страшныя таямніцы. Творы беларускіх і замежных мастакоў паказваюць маці не іканапіснай, а жывой — з сінякамі ад недасыпу, з позіркам, поўным тугі і надзеі, з непамернай ношай на плячах.

Важную тэму закранае праект Веранікі Архіпавай «GAME OVER — гульня, у якую немагчыма выйграць» (2020), прысвечаны жанчынам, чыё жыццё разглядаецца праз прызму чакання мацярынства як «нормы» і сацыяльнага абавязку. У такой сістэме каардынат адсутнасць дзяцей успрымаецца як адхіленне, якое патрабуе тлумачэнняў. На жаль, у паўсядзённым жыцці з’яўляюцца нормай сентэнцыі: «чаму не нараджаеш?», «час ідзе» і г. д. Яны гучаць аўтаматычна, без ведання прычын, што парушае асабістыя межы жанчыны і фарміруе моцны сацыяльны ціск. Праект Веранікі Архіпавай прапаноўвае задумацца пра паняцце сапраўднага клопату пра жанчыну, за якім стаіць права не тлумачыць, не адказваць і не рабіць прыватнае жыццё прадметам абмеркавання.
Муза
З часоў антычнасці і да нашых дзён вобраз жанчыны натхняе творцаў па ўсім свеце. Аднак часта за яркай прыгажосцю хаваецца багаты ўнутраны свет, які так і застаецца ў цені. Муза застаецца нямым люстэркам, у якое мастак глядзіць, каб убачыць свой геній, свой талент і свой боль. Але як часта мы пытаемся: што яна адчувае? Ці пазнае яна сябе ў гэтым вобразе, які стварыў іншы погляд? Сучасныя беларускія творцы змяняюць усталяваную стагоддзямі канцэпцыю і даюць слова той, якая так доўга маўчала. Цяпер яна не толькі цела, не толькі прыгажосць, а сапраўдны актар сусветнага мастацтва.

Праект Паліны Шыбанавай «100 станаў» (2025) уяўляе сабой серыю са ста хуткіх эскізаў жаночай фігуры, створаных як практыка назірання і фіксацыі мімалётнага жэста. «Мяне цікавіць жаночае цела не як ідэалізаваны вобраз, а як прастора розных перажыванняў і роляў. У серыі можна заўважыць далікатнасць, устойлівасць, стомленасць, адкрытасць і ўразлівасць — станы, якія заўсёды змяняюць адзін аднаго», — апісвае праект творца. Праз простую лінію і мінімальныя сродкі работа даследуе мноства праяўленняў жаночага вопыту і цялеснай прысутнасці.
Гераіня
Гераіня, якую нам паказваюць стагоддзямі, — заўсёды моцная, амаль звышнатуральная. Яна цягне на сабе сям’ю, вайну, эканоміку, але пры гэтым паспявае заставацца прыгожай і ціхай. Няёмкія пытанні да яе не дапускаюцца: што яна адчувае, калі ёй страшна? Што робіць, калі не хапае моцы? Як балансуе паміж далікатнай «жаноцкасцю» і штодзённым подзвігам? Выстаўка «Формы і цені: жаночае» здымае міфічную мантыю, філасофскі флёр і паказвае ўнутраную работу кожнай жанчыны, якую грамадства не назаве подзвігам, але якую можна лічыць сапраўдным гераізмам, бо ён не гучыць з трыбуны. Ён хаваецца ў тым, каб працягваць ісці, калі падкошваюцца ногі, у тым, каб усміхацца дзіцяці, калі баліць душа, у тым, каб пасля чарговага «ты не здолееш» знайсці сілы падняць галаву. Творцы не прапаноўваюць банальныя вобразы той, якая можа ўсё. Яны ўсхваляюць жанчыну, якая нягледзячы на страх і сацыяльны ціск дае адпор выпрабаванням лёсу і не ганарыцца гэтым.

Выстаўка «Формы і цені: жаночае» аб’ядноўвае больш за 70 твораў, аўтарамі якіх з’яўляюцца Таццяна Савік, Марта Шчэрбіч, Аляксандра Чудакова, Надзея Лівенцава, Аляксандр Кішчанка, Леанід Шчамялёў, Уладзімір Кожух, Аляксандр Дзямідаў, Аляксандр Шаппо, Уладзімір Ганчарук, Дзмітрый Сурыновіч і іншыя.
Выстаўка працуе да 21 чэрвеня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА, "ЛіМ"
Фота аўтара