Людзі, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну, як правіла, мала расказвалі або ўвогуле не расказвалі пра асабістыя подзвігі. Гэта было ўласціва і маёй цётцы, Марыне Барысаўне Шумко, якая змагалася з ворагам у партызанскім атрадзе імя Кутузава. Аб яе баявой дзейнасці сведчаць атрыманыя ўзнагароды: ордэны Славы III ступені і Айчыннай вайны II ступені, медаль “Партызану Айчыннай вайны” I ступені.
Беднае дзяцінства і багаты муж
Марына была другім дзіцем у сялянскай сям’і Барыса Іосіфавіча і Сцепаніды Маркаўны Казуляў. У дваццатых гадах сям’я ў выніку зямельнай рэформы, якая праводзілася польскімі ўладамі, з вёскі Вароні пераехала жыць на хутар ва ўрочышчы Ніз недалёка ад вёскі Бухлічы. Пасля Марыны з інтэрвалам у чатыры гады ў сям’і нарадзіліся яшчэ трое дзяцей. Жылі бедна. Хлеб з чыстай жытняй мукі ў доме быў толькі да Калядаў. Пазней, калі малолі збожжа, для павелічэння колькасці мукі ў жорны дадавалі жалуды, насенне палявой травы.
Марына вырасла прывабнай маладой дзяўчынай. Надышоў час, калі ў дом бацькоў прыйшлі сваты. Сватаў яе Пётр з сям’і Шумко, якая ў той час была самай заможнай у вёсцы. Аб каханні Марыны да Пятра гаворка не ішла. Ды ніхто ў яе пра гэта і не пытаўся: сцерпіцца — злюбіцца. У той час так і казалі: не «выйшла замуж», а «аддалі замуж». У 1931 годзе ў маладой сям’і нарадзіўся адзіны сын Уладзімір.
У партызанах
У лес Пётр Шумко адвёў сваю сям’ю, жонку і сына, і паўтара дзясятка аднавяскоўцаў вясной 1942 года, калі зразумеў, што сутнасць улады фашыстаў на акупаванай тэрыторыі — палітыка генацыду, гвалту і рабавання, прадпісаная ў нямецкім плане «Ост». І хоць Пётр лічыў, што савецкая ўлада, якая ў Заходнюю Беларусь прыйшла толькі ў 1939 годзе, паступіла з ім несправядліва, забраўшы ў яго зямлю і падзяліўшы яе паміж малазямельнымі, любоў і боль за малую радзіму, якую тапталі ворагі, натхнілі яго на барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Было прынятае рашэнне сабраць партызанскі атрад і назваць яго ў гонар М.І. Кутузава.
Першапачаткова ў атрадзе была вялікая праблема са зброяй і ўзрыўчаткай. З гэтай прычыны першыя дыверсіі на ветцы чыгункі Баранавічы — Сарны, каля вёскі Бухлічы, зводзіліся да адкручвання рэек і скочвання іх з высокай дамбы ў балота. Але днём паліцаі зганялі жыхароў суседніх вёсак і прымушалі даставаць рэйкі з вады. І ўсё-такі рух варожых эшалонаў, якія ішлі на фронт, на нейкі час перарываўся. Гэта былі першыя партызанскія аперацыі, у якіх брала ўдзел баец атрада Марына Шумко.
Пазней былі больш сур’ёзныя аперацыі. Адной з іх была спроба захапіць і падарваць чыгуначны мост цераз раку Гарынь, найважнейшы стратэгічны аб’ект. Асобнае значэнне мелі паспяхова праведзеныя аперацыі па зрыве гвалтоўнага вывазу моладзі ў Германію. Вызваленыя юнакі і дзяўчаты потым уступалі ў шэрагі атрада.
Колькасць атрада значна вырасла пасля таго, як 21 верасня 1942 года фашысты расстралялі дзевяць актывістаў савецкай улады ў вёсцы Вароні. У ліку новых байцоў партызанскага атрада быў пляменнік Марыны Барысаўны Міхаіл і брат Дзям’ян Барысавіч.
Сёння знішчэнне базы з жывёламі ў Рэчыцы можа здацца нязначным эпізодам, аднак для акупантаў гэта было сур’ёзным ударам. Пазбаўляючы праціўніка харчовых рэсурсаў, атрад эфектыўна зрываў графікі паставак мяса для патрэб нямецкай арміі. Найбольш вядомай падзеяй з дзейнасці атрада быў бой у в. Вароні 14 лютага 1943 года з атрадам мадзьяр (венгерскіх саюзнікаў вермахта).
Жонка камандзіра
Марына Барысаўна была адзінай жанчынай у атрадзе. Жонка камандзіра. Але гэта не было прывілеяй. На ёй, акрамя ўдзелу ў баявых аперацыях, былі абавязкі па ўладкаванні ваеннага побыту лагера: кухня, санітарная дапамога і г. д. Яна адказвала за дапамогу і магчымую падтрымку сямейнага лагера: жонак, дзяцей і маці байцоў партызанскага атрада.
Увосень 1942 года атрад пад камандаваннем Пятра Шумко ўвайшоў у склад сфарміраванай Другой партызанскай брыгады асаблівага прызначэння пад камандаваннем падпалкоўніка Сцяпана Паўлавіча Каплуна.
Ужо ў складзе брыгады Марына Барысаўна са сваім атрадам удзельнічала ў рэйдзе па фашысцкіх тылах па маршруце Столінскі лес — Маларыцкія лясы. Дадзеная аперацыя праводзілася перад пачаткам вызваленчай місіі «Баграціён». Асноўнай мэтай рэйду было пашкоджанне варожых камунікацый: партызаны імкнуліся максімальна ўскладніць перакідванне рэзерваў, а таксама забеспячэнне гітлераўскіх войскаў боепрыпасамі, харчаваннем і амуніцыяй, тым самым садзейнічаючы поспеху наступлення Чырвонай Арміі.
У маі 1944 года Другая партызанская брыгада асаблівага прызначэння ў раёне Маларыты ажыццявіла аперацыю «Скачок праз фронт» па перапраўцы праз фронт групы дэлегатаў Польскай Краёвай Рады Народавай, якія накіроўваліся ў Маскву для перагавораў з савецкім урадам.
Мірнае жыццё
Пасля вайны сям’я Пятра Іванавіча і Марыны Барысаўны Шумко год жыла ў зямлянцы. Іх дом фашысты спалілі.
Пасля жаніцьбы сына Уладзіміра, сына партызанскага атрада, жылі дзвюма сем’ямі. Ні Пётр Іванавіч, ні Марына Барысаўна не лічылі сябе героямі, асаблівымі людзьмі. Пётр Іванавіч працаваў лесніком у Стружскім лясніцтве, а Марына Барысаўна была звеннявой ільнаводчай брыгады ў калгасе «Ленінскі шлях». У сына Уладзіміра была вялікая сям’я, і бабуля Марына дапамагала гадаваць унукаў. Не стала адважнай партызанкі ў 1990 годзе. Пахаваная ў вёсцы Вароні на новых могілках.
Міхаіл КАЗУЛЯ, пляменнік Марыны Шумко
На фота — Марына Барысаўна ШУМКО