— Маршал Савецкага Саюза А.І. Яроменка казаў: «Наўрад ці знойдзецца хоць адна ваенная спецыяльнасць, з якой не справілася б жанчына», — прыгадала словы вядомага ваеначальніка малодшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганна Лукашэвіч. — І сапраўды, не было такіх родаў войск, дзе не служылі б жанчыны.
Снайперы, танкісты, разведчыцы, радысткі, лётчыцы, санінструктары і медыцынскія сёстры — па розных ацэнках, у Чырвоную Армію было прызвана каля 1 мільёна прадстаўніц прыгожага полу. Шырока вядомыя подзвігі бясстрашных партызанак і падпольшчыц. У тыле маці, жонкі і зусім юныя дзяўчаты ўмацоўвалі абарону гарадоў, працавалі на ваенных заводах.
За мужнасць і гераізм у Вялікай Айчыннай вайне 95 жанчын былі ўдастоены звання Герой Савецкага Саюза, дзве трэці — пасмяротна. У народнага подзвігу тысячы жаночых твараў. Угледзімся ў некаторыя з іх.
Абаронца Брэсцкай крэпасці
Адной з першых старонак гераічнага летапісу барацьбы нашага народа супраць гітлераўцаў стала абарона Брэсцкай крэпасці. 32 дні супраціўляліся абаронцы цытадэлі, у той час як вораг адводзіў на яе захоп 6-8 гадзін.
Удзельніца абароны Усходняга форта Брэсцкай крэпасці медсястра 95-га медыка-санітарнага батальёна Раіса Абакумава выжыла ў тыя кровапралітныя дні, але доўгі час лічылася загінулай. Усходні форт не здаваўся ворагу, яго абаронцы прынялі рашэнне стаяць да смерці. Пад кулямётным агнём Раіса Абакумава паўзла за параненымі і цягнула іх на сабе ў сховішча, дзе перавязвала. У першыя ж дні вайны яна, ваенфельчар па званні, арганізавала імправізаваны шпіталь у адным з памяшканняў форта, дзе пад яе кіраўніцтвам жанчыны ў цяжкіх умовах даглядалі параненых. Ваду здабывалі са спецыяльна выкапанай для гэтага студні — вада была дрэннай якасці, і Раіса Абакумова кіпяціла яе і абеззаражвала таблеткамі хлорнай вапны, каб выкарыстоўваць для медыцынскіх мэт. А калі маёр Пётр Гаўрылаў, які камандаваў абаронай Усходняга форта, загадаў жанчынам і дзецям пакінуць тэрыторыю крэпасці, Раіса Іванаўна адмовілася сыходзіць і працягвала мужна выконваць свой абавязак. Дапамагаць ёй засталася яе маці... Пасля Перамогі за абарону Брэсцкай крэпасці Раіса Абакумава ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.
«За Зіну Тусналобаву!»
Легендарная медсястра Зінаіда Тусналобава-Марчанка ўсім сваім жыццём даказала: няма перашкод для моцнага духам чалавека.
Нарадзілася Зіна ў 1920 годзе недалёка ад Полацка. Пазней сям’я пераехала, гады юнацтва дзяўчыны прайшлі на Кузбасе. Незадоўга да пачатку вайны яна пазнаёмілася з афіцэрам Чырвонай Арміі Іосіфам Марчанкам. Успыхнула каханне, але ажаніцца маладыя людзі не паспелі. Іосіф пайшоў на фронт, а Зіна, праводзіўшы яго, скончыла курсы медсясцёр і добраахвотна адправілася абараняць Радзіму.
За 8 месяцаў на Варонежскім фронце санітарка 849-га стралковага палка 303-й стралковай дывізіі Зінаіда Тусналобава вынесла з вогненнага пекла 123 параненых. Была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, атрымала званне старшыны медыцынскай службы. У лютым 1943 года ў гарачым баі ля станцыі Гаршэчная Курскай вобласці 3інаіда кінулася ратаваць параненага камандзіра, але якраз у гэты момант фашысты пачалі абстрэл, і дзяўчыне перабіла абедзве нагі. Ад страшнага болю яна страціла прытомнасць. Пасля контратакі гітлераўцы дабівалі параненых, Зінаіду ўдарылі прыкладам вінтоўкі па галаве і нагой у жывот. Амаль двое сутак праляжала яна на ледзяной зямлі са страшнымі ранамі, абмарожаная. Яе выратавалі савецкія разведчыкі, выпадкова пачуўшы стогны. Доўга ішла барацьба за жыццё Зіны Тусналобавай. У шпіталі ёй зрабілі некалькі аперацый, але рукі і ногі прыйшлося ампутаваць.
Чакаць Перамогі пасіўна — не, гэта было не ў характары Тусналобавай. Інваліднасць не перашкодзіла ёй прадаўжаць барацьбу з ворагам — цяпер ужо ў ролі агітатара. Яна наведвала ваенныя заводы, заклікала іх працаўнікоў выпускаць больш танкаў. Выступала ў газетах і на радыё, звяртаючыся да байцоў з заклікам помсціць гітлераўцам. Выгляд гэтай маладой дзяўчыны са страшнымі калецтвамі, але нязломленай, натхняў людзей. Танкі і самалёты адпраўляліся ў бой з лозунгам «За Зіну Тусналобаву!». У адказ на свае лісты і заклікі яна атрымлівала тысячы водгукаў.
Некалькі месяцаў разважала Зіна над тым, як жа паведаміць каханаму цяжкую вестку. І нарэшце рашылася... Папрасіла, каб ад яе імя напісалі ліст Іосіфу. Нічога не ўтойваючы, расказала аб тым, што страціла рукі і ногі. «Не магу, не маю права стаць перашкодай на тваім шляху. Уладкоўвай сваё жыццё. Бывай...»
Праз некалькі месяцаў прыйшоў адказ, які пачынаўся пяшчотным зваротам: «Мілая мая малышка!» Іосіф палічыў гэтае няшчасце выпрабаваннем, якое іх каханне пераадолее, і не збіраўся адмаўляцца ад Зіны. Ён запэўніў каханую, што Перамога ў іх будзе адна на дваіх.
І Зінаіда падзяліла радасць Перамогі з Іосіфам. Пасля вайны яны пажаніліся і жылі ў Полацку, Зінаіда Міхайлаўна Тусналобава-Марчанка займалася грамадскай працай, была дыктарам на радыё. З дапамогай пратэзаў навучылася хадзіць. Стала шчаслівай маці дваіх дзяцей. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў Вялікай Айчыннай вайне, была ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза. Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа ўзнагародзіў яе медалём імя Флорэнс Найтынгейл.
«Нецалаваны полк»
«Начныя ведзьмы» — так іх называлі фашысты. А савецкія воіны — «Начныя ластаўкі», або «Нецалаваны полк». Знакаміты 46-ты гвардзейскі Таманскі начны бамбардзіровачны авіяцыйны полк, адзінае поўнасцю жаночае ваеннае авіяцыйнае фарміраванне ў СССР, быў створаны ў 1941 годзе Марынай Раскавай — знакамітай лётчыцай, якая ў ліку першых жанчын была ўдастоена звання Героя Савецкага Саюза.
Адбор кандыдатак быў строгі, іх навучанне лётнаму майстэрству вялося ў горадзе Энгельсе. Баявыя вылеты «начныя ластаўкі» здзяйснялі на самалётах У-2 (або Па-2 — у гонар канструктара Палікарпава). Гэтыя невялікія фанерныя машыны ў начны час практычна бясшумна зніжаліся над пазіцыямі ворага. Іх удары неслі смяротную сілу і дакладна траплялі ў цэль.
Адна з «начных ластавак» — лейтэнант Галіна Дакутовіч, штурман самалёта палка. Ураджэнка Гомеля, да вайны скончыла аэраклуб у родным горадзе. Разам з сяброўкай Палінай Гельман паступіла ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. З пачаткам вайны вучобу прыйшлося адкласці. Дзяўчаты добраахвотнікамі паступілі ў жаночы авіяполк Марыны Раскавай і скончылі Энгельскую авіяцыйную школу.
Галіна Дакутовіч удзельнічала ў баях на Паўночным Каўказе, здзейсніла 120 баявых вылетаў. Атрымаўшы сур’ёзную траўму пазваночніка і знаходзячыся ў шпіталі, пакутавала ад таго, што не можа ваяваць. Каб даказаць, што здаровая, паказала ўрачам гімнастычны мосцік. Упартасць Галіны прымусіла медыкаў выпісаць яе з адпускным пасведчаннем — каб адпачыць і аднавіцца, але замест водпуску дзяўчына працягнула баявыя вылеты. У дзённіку яна пісала: «Лячыцца будзем пасля вайны».
У палку Галіна рэдагавала газету, у якой дзяўчаты пісалі пра сваё франтавое жыццё, публікавалі вершы, апавяданні. У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца яе дзённік, старонкі якога спісаны роўным дзявочым почыркам.
Падчас аднаго з баёў, у ноч на 1 жніўня 1943 года, Галіна Дакутовіч загінула. Было ёй усяго 22 гады. Штурман палка Паліна Гельман працягнула ваяваць. Пасля гібелі сяброўкі напісала яе бацькам: «Я нараджу дачку і назаву ў гонар нашай Галі». Так і адбылося: пасля вайны яна нарадзіла дзяўчынку і назвала яе Галінай. За мужнасць і гераізм Паліна Гельман была ўдастоена звання Герой Савецкага Саюза.
Працяг будзе.
Фота прадастаўлена Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны