Top.Mail.Ru

Жэніцца — пераменіцца,або Сорам не дым — у вочы не лезе...


Дзевяць класаў Мішка Л. скончыў з шасцёркай па працоўным навучанні, дзявяткай па фізічнай культуры і сяк-так нацягнутых тройках па ўсіх астатніх прадметах. Далейшы шлях у навуку на гэтым быў скончаны — хлопец пайшоў працаваць на ферму. Там ён сустрэў залётную (дакладней, пералётную даярачку Галю, на 10 гадоў за яго старэйшую, і па дасягненні 18-ці стаў ёй законным мужам і гаспадаром атрыманага ад калгаса катэджа. Праўда, там яго ветраная палова неяк не прыжылася: сышла па-англійску і ад Мішы, і з фермы, то-бок з’ехала ў невядомыя далі і больш пра яе ніхто нічога не чуў.

Мішка тады таксама пераехаў: з катэджа — дамоў да матулі. Яна, бедная, пазмагалася трохі з сынавым п’янствам і, не даўшы рады, уцякла ў горад да старэйшай дачкі.

Пытанне рубам (альбо п’еш, альбо працуеш?) паставіў і кіраўнік гаспадаркі. Пасля гэтага Міша завязаў-такі з алкаголем — выпіваў хіба ў водпуску, але тады ўжо дым (літаральна) стаяў каромыслам, бо курыў і сам, і ўсе яго дружбакі.

...Падчас аднаго з такіх сабантуяў Мішка заснуў з цыгарэтай каля сваёй «пятай кропкі». Падхапіўся, калі ў яе ўжо добра прыпякло, скінуў коўдру («забяспечыў доступ кіслароду»), ад чаго ў хаце палыхнула так, што ледзьве патушылі.

Назаўтра суседскі сын (ён жа ратавальнік з МНС) прачытаў небараку лекцыю аб шкодзе курэння, загадаў набыць пажарны апавяшчальнік і нават зайшоў праверыць, ці правільна павесіў. Больш за тое — зрабіў фота і сказаў: «Ну, вось, Міша, я паставіў твой апарат на кантроль. Калі датчык пакажа, што ён не працуе, атрымаеш вялікі штраф. Зразумеў?»
Гаспадар згодна затрос галавой і зарокся не тое што выпіваць, нават курыць у хаце.

...А перад гэтым ён вырашыў-такі яшчэ раз ажаніцца: на Каляды ягоная дама сэрца павінна была прыехаць у агледзіны.

Дзеля гэтага Міша захацеў прапаліць печку ў зале, куды, эканомячы дровы, гадоў колькі проста не заходзіў. Надвор’е стаяла ціхае, комін чысціўся пры цары Гароху — дым паваліў у хату, ад чаго пад столлю на ўсю моц зароў апавяшчальнік. І не адключыш, бо ён жа «на кантролі»!
На дым, на піск збегліся суседзі: комін «прадзьмулі», хату праветрылі і трохі прыбралі — наспеў час кулінарыць. Адправіўшы сябра ў краму са спісам, дзе былі «кілбаса дарагая», «сыр з дзіркамі», «катлеты гатовыя», лікёр і апельсіны, Мішка ўзяўся пячы бліны. Патэльню ён па-даўняму падмазваў кавалкам старога зжаўцелага сала, а таму ў хуткім часе...

Правільна — апавяшчальнік спрацаваў яшчэ раз.

Пад яго «акампанемент» знерваваны кухар паставіў на агонь каструлю з бульбай, злазіў у склеп па салёныя агуркі і капусту.

У гэты час яго сябар вярнуўся з крамы і паведаміў, што лікёру няма, а што ўзяць замест, не здагадаўся.

Расстроены Міша сам падаўся ў краму.

Калі з бутэлькай шампанскага крочыў назад, яго сустракала задымленая кухня і звыклая мелодыя з-пад столі...

— Юрка, будзь чалавекам, забяры ў мяне гэтага монстра, — напрамілы бог прасіў ён суседа МНСніка. — Я і штраф неяк заплачу, і 10 сутак адсяджу, толькі знімі з таго вашага кантролю.

— Не, брат, не магу, — ледзь хаваючы смех, уздыхнуў Юра. — Ты ж занесены ў базу сацыяльна небяспечных. — Вось кінеш піць і курыць — тады шанц будзе.

— А цяпер мне што — і бліноў не пячы?!

— Ды хоць тройчы на дзень! Толькі алею не шкадуй, каб скаварада не дымілася.

Мішка цяжка ўздыхнуў: падобна, што наперадзе яго чакалі новыя выпрабаванні, а мо і новае жыццё.

А. Несцяронак,г. Докшыцы.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю