За дзевяць месяцаў бягучага года ў Мінгарвыканкам паступіла 7,7 тыс. зваротаў — на 15% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. «Пры гэтым аналіз зваротаў грамадзян паказвае: вострых, крытычных, невырашальных праблем на тэрыторыі няма. Станоўчым момантам з’яўляецца таксама скарачэнне зваротаў грамадзян у рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання на 1,2%. Такім чынам, павелічэнне колькасці зваротаў на месцах і зніжэнне колькасці зваротаў у цэнтральныя органы ўлады сведчыць аб тым, што людзі давяраюць органам улады, а адміністрацыі раёнаў з’яўляюцца цэнтрамі вырашэння першасных пытанняў грамадзян», — сказала Іна Кавалеўская.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення, большая частка зваротаў паступіла па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Наступны блок складаюць пытанні гандлю і бытавога абслугоўвання, будаўніцтва і жыллёвай палітыкі. «Пры гэтым па такіх важных для грамадзян напрамках, як жыллёвая палітыка, будаўніцтва, праца і сацыяльная абарона, адзначаецца зніжэнне колькасці зваротаў», — падзялілася Іна Кавалеўская.
Яна таксама адзначыла, што на рост колькасці зваротаў істотна ўплываюць неабгрунтаваныя звароты — выпадкі, калі грамадзяне накіроўваюць мноства зваротаў па адным і тым жа пытанні, якое не мае пад сабой рэальнай асновы. «Напрыклад, паступіла больш за 100 зваротаў ад жыхароў Маскоўскага раёна, якія лічаць, што бягучы рамонт вентыляцыйных каналаў праводзіцца няправільна і нібыта пагражае іх жыццю. Сітуацыя надуманая. Такіх прыкладаў можна прывесці даволі шмат», — сказала начальнік упраўлення.