У Брэсцкай вобласці два раёны з 16-і завяршылі жніво, паведамляе БелТА
«Уборку збожжавых і зернебабовых скончылі Камянецкі (за выключэннем лубіну) і Жабінкаўскі раёны. Завяршаюць Брэсцкі, Маларыцкі і Пружанскі раёны. У вобласці 54 гаспадаркі скончылі ўборку, — расказаў Анатоль Шчуплянкоў. — У Брэсцкай вобласці ўбрана 84,7 % плошчаў збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы). Намалацілі 1 млн 289 тыс. т збожжа. Ураджайнасць — 45,8 ц/га».
Гаспадаркі Жабінкаўскага раёна аднымі з першых пачалі жніво. Аграрыям трэба было ўбраць 12,2 тыс. га збожжавых і зернебабовых. Пачалі з азімага ячменю, затым па меры паспявання пераключыліся на іншыя культуры. Капрызная вясна і дажджлівае лета прымусілі працаўнікоў вёскі панервавацца, але яны прыклалі ўсе старанні і ўменні, каб вырасціць добры ўраджай і якасна ўбраць яго.
«Мы намалацілі 61 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 50 ц/га. Гэта максімум за ўсю гісторыю Жабінкаўскага раёна. Атрымана на 10 тыс. т збожжа больш за леташні вынік і на 6 тыс. т больш за рэкордны для нас 2023 год. Вынікам ганарыцца ўся каманда, якая ўдзельнічала ва ўборцы. На працягу года яны працавалі на максімуме, каб атрымаць такі годны вынік. Падводзячы папярэдні вынік, можна сказаць, што з задачай спецыялісты справіліся. Усёй камандай ужо ўключыліся ў працу пад ураджай 2026 года», — падкрэсліў старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Андрэй Кузьміч.
На адным з палёў Жабінкаўскага раёна сёння арганізуюць свята апошняга снапа, якое сімвалізуе заканчэнне жніва. На хлебнай ніве працавалі 55 камбайнаў і аўтамабіляў. Чатыры экіпажы камбайнераў намалацілі больш за 2 тыс. т збожжа, а 38 — звыш 1 тыс. т. Адзін вадзіцель перавёз больш за 3 тыс. т збожжа, дзесяць чалавек — звыш 2 тыс. т. Свой уклад унеслі аператары зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Вынікі ўборачнай кампаніі ў Жабінкаўскім раёне падвядуць 30 жніўня на «Дажынках» у аграгарадку Ленінскі.
У цэлым у гаспадарках Брэсцкай вобласці працягваюцца бягучыя работы: сяўба рапсу, назапашванне мінеральных угнаенняў, нарыхтоўка травяністых кармоў.