Мікрашыфтынг — падыход, пры якім дзень разбіваецца на кароткія працоўныя блокі пад задачы і стан чалавека. Як гэта працуе?
Мадэль працоўнага дня з жорсткім графікам і доўгімі бесперапыннымі задачамі паступова перастае дзейнічаць ва ўмовах пастаянных пераключэнняў і высокай нагрузкі. На гэтым фоне ў свеце набірае папулярнасць мікрашыфтынг (microshifting) — фармат, які дазваляе больш гнутка размяркоўваць нагрузку на працягу дня і больш эфектыўна выкарыстоўваць час і ўвагу, расказвае rbc.ru.
Што такое мікрашыфтынг
Мікрашыфтынг — гэта фармат работы, пры якім дзень дзеліцца на кароткія блокі па 45–90 хвілін. Яны прывязаныя не да цвёрдага графіка «з 9 да 18», а да задач, узроўню энергіі і асабістых спраў. Такі падыход называюць «структураванай гнуткасцю»: супрацоўнік па-ранейшаму выконвае задачы і захоўвае дэдлайн, але сам вырашае, калі менавіта працаваць, чаргуючы перыяды канцэнтрацыі з асабістымі актыўнасцямі.
На практыцы гэта выглядае як набор кароткіх «мікразмен» замест бесперапыннага працоўнага дня. Напрыклад, супрацоўнік працуе раніцай, затым робіць паўзу на асабістыя справы — гатуе абед, ідзе ў спартзалу або вырашае бытавыя пытанні — і пасля гэтага вяртаецца да задач. Увечары можа быць яшчэ адзін працоўны адрэзак. Пры гэтым сумарная колькасць працоўных гадзін і KPI захоўваюцца, змяняецца толькі размеркаванне нагрузкі на працягу дня.
Часцей за ўсё мікрашыфтынг выкарыстоўваюць супрацоўнікі з высокай нагрузкай па-за работай: бацькі; тыя, хто даглядае блізкіх; або людзі з некалькімі крыніцамі даходу. Такі фармат дазваляе ўбудаваць асабістыя задачы, навучанне ці падпрацоўку на працягу дня без пераходу на няпоўную занятасць.
Хто прыдумаў мікрашыфтынг
Тэрмін і практыка мікрашыфтынгу сталі прыкметна распаўсюджвацца на фоне запытаў пакалення Z, якое паступова пераглядае негалосныя правілы кар’еры і офіснай работы. Але даныя паказваюць больш складаную карціну. Паводле справаздачы Owl Labs State of Hybrid Work 2025, для офісных работнікаў ва ўсім свеце прыярытэт «баланс работа — жыццё» ўжо абганяе зарплату (65% ставяць яго на першае месца) і ўсё больш людзей хочуць кіраваць менавіта часам, а не толькі месцам работы.
Працоўныя месцы ўжо не такія жорсткія і структураваныя, як раней. Гнуткасць сёння — адзін з самых папулярных і запатрабаваных бонусаў у працы, няхай гэта будзе магчымасць працаваць з дому або выбіраць зручны час.
Даследаванні паказваюць, што сярод работнікаў са скарочанымі гнуткімі зменамі (да шасці гадзін) пакаленне Z сапраўды дамінуе: на іх прыпадае крыху больш за палову такіх супрацоўнікаў, а значная частка маладых работнікаў выкарыстоўвае мікразмены для сумяшчэння асноўнай занятасці з вучобай, сайд праектамі ці доглядам блізкіх. Пры гэтым апытанні паказваюць, што да гнуткіх фарматаў імкнуцца не толькі зумеры: скарочаныя і гнуткія змены ўсё больш актыўна выбіраюць міленіялы і нават старэйшыя пакаленні, для якіх гнуткасць графіка і баланс работы і жыцця становяцца не менш важнымі, чым рост даходу.
Распаўсюджванне мікрашыфтынгу таксама звязваюць з перыядам COVID-19: пераход на дыстанцыйную працу размыў межы паміж домам і офісам. У выніку ў многіх замацаваўся досвед, калі прафесійныя задачы і асабістыя справы натуральна пераплятаюцца на працягу дня.
Плюсы і мінусы
Цяпер гэту методыку ўсё часцей разглядаюць як інструмент павышэння прадукцыйнасці, а не проста як спосаб зручней «ўклініць» асабістыя справы ў працоўны дзень. Даследаванні паказваюць, што драбненне дня на кароткія, свядома спланаваныя блокі дапамагае лепш падладжвацца пад пікі энергіі: складаныя задачы пераносяцца на час максімальнай канцэнтрацыі, а руцінныя — на перыяды спаду. Пры гэтым той жа набор задач размяркоўваецца па дню інакш — за кошт убудаваных паўзаў на спорт, бытавыя справы або сям’ю супрацоўнік адчувае большы кантроль над сваім часам і меншае выгаранне, але паспявае не менш, а нярэдка і больш. Прагулка або наведванне школьнага мерапрыемства дзіцяці могуць стаць спосабам «перазагрузіцца» для тых, хто стамляецца ад доўгай работы за сталом або перад экранам.
Такі падыход паступова атрымлівае адабрэнне ў некаторых кампаніях як спосаб палепшыць баланс паміж работай і асабістым жыццём.
З пункту гледжання крэатыўнасці таксама карысна рабіць перапынкі. Лепшыя ідэі прыходзяць якраз тады, калі вы перастаяце думаць пра задачу.
Пры гэтым многія эксперты адзначаюць значныя мінусы такога фармату.
-
Па-першае, калі кожны выбудоўвае дзень пад сябе, складаней становіцца сінхранізаваць камандную работу: людзі радзей перасякаюцца ў адзін час, расце аб’ём перапіскі і затрымак у прыняцці рашэнняў, а ў менеджараў з’яўляецца адчуванне «разарванай» каардынацыі.
-
Па-другое, захоўваецца культурная напружанасць: кіраўнікі, якія звыкнуліся ацэньваць эфектыўнасць па часе «за працоўным месцам», могуць успрымаць такі фармат як паніжэнне ўцягнутасці, што нярэдка вядзе да ўзмацнення кантролю і паніжэння даверу.
-
Ёсць і менш відавочны эфект — рызыка размывання межаў паміж работай і асабістым жыццём. Калі задачы і бытавыя справы ўвесь час чаргуюцца, працоўны дзень можа неўзаметку расцягвацца на ўвесь дзень. У выніку ў супрацоўнікаў нярэдка ўзнікае адчуванне, што яны «заўсёды крыху на рабоце», нават падчас адпачынку ці сямейных спраў. У такім выглядзе мікрашыфтынг перастае быць пра свабоду і ператвараецца ў мадэль, дзе адказнасць за межы дня цалкам застаецца на чалавеку.
Нарэшце, крытыкі адзначаюць, што мікрашыфтынг можа замацоўваць культуру «заўсёды на сувязі» пад выглядам гнуткага графіка.
З гэтай прычыны пераход да такога фармату патрабуе больш свядомай арганізацыі працоўнага дня. Эксперты рэкамендуюць загадзя дамаўляцца аб правілах узаемадзеяння.
Асобны акцэнт — на прыярытызацыі задач: найбольш складаныя і важныя задачы лепш планаваць на перыяды максімальнай прадукцыйнасці.
Нарэшце, калі вы самі хочаце працаваць у фармаце мікрашыфтынгу, эксперты раяць быць празрыстым у камунікацыях з работадаўцам — менеджару і камандзе важна разумець, у якія гадзіны вы даступныя, каб не пакутавала аператыўная работа. Аптымальны варыянт — загадзя занесці працоўныя блокі і перапынкі ў агульны каляндар.
Таксама важна ставіць прыярытэты. Найважнейшыя і складаныя задачы трэба выносіць на тыя гадзіны, калі вы найболей прадукцыйныя. Акрамя таго, мае сэнс выкарыстоўваць лічбавыя інструменты планавання, каб кіраваць працоўнымі адрэзкамі і асабістымі справамі і не губляць структуру. Гэта асабліва важна, калі вы працуеце ў некалькіх месцах і хочаце пазбегнуць перакрыжаванняў у раскладзе.