Top.Mail.Ru

Жук на сустрэчы са студэнтамі ГрДУ: Галоўнае для журналіста - быць сумленным

Галоўнае - быць сумленным, убіраць напрацаванае старэйшым пакаленнем і рухацца наперад. Такое меркаванне выказаў міністр інфармацыі Дзмітрый Жук на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта гісторыі, камунікацый і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, перадае БелТА.

Дзмітрый Жук адзначыў, што цяперашняе пакаленне гаворыць так, як думае, і так, як адчувае. «Гэта вельмі важна разумець, ведаць. Менавіта яны будуць заўтра жыць у нашай краіне. Менавіта для іх жыцця наша пакаленне робіць тое, што можа, і тое, што лічыць важным», — сказаў міністр.

Ён адзначыў, што самая важная задача гэтых сустрэч — забяспечыць пераемнасць, каб моладзь скарысталася плёнам працы старэйшага пакалення. «Дакладна гэтак жа, як мы калісьці сталі на змену нашым дзядам, якія аднаўлялі краіну пасля страшнай вайны, а перад гэтым перамаглі ў той вайне, і далей ішло развіццё нашага грамадства. Менавіта эвалюцыйна, пераемна. Вось асноўны матыў гэтых сустрэч. Такія гутаркі дапамагаюць адчуць, што моладзь хвалюе, цікавіць, для таго, каб, магчыма, нейкім чынам дапамагчы ім разабрацца», — лічыць Дзмітрый Жук.

Міністр падкрэсліў: яго парадавала, што пытанні былі ад жыцця. У той жа час гэта і здзівіла, бо многія хлопцы і дзяўчаты яшчэ досыць маладыя, але разважаюць ці прынамсі цікавяцца вельмі глыбокімі рэчамі. І гэта адначасова і ўзрадавала.

Адказваючы на пытанне, якую параду ён даў бы будучым журналістам, Дзмітрый Жук падкрэсліў: «Галоўнае — быць сумленным».

«Шмат хто з нас як студэнты выпускных курсаў ужо пакаштавалі на смак журналісцкі хлеб, таму нейкія нашы пытанні былі сфарміраваныя ўжо з наяўнага, хай і маленькага досведу, — такім меркаваннем падзялілася студэнтка чацвёртага курса факультэта гісторыі, камунікацый і турызму Анастасія Кісель. — Мне вельмі імпанавала, што міністр адкрыта адказваў на ўсе пытанні і даў тую інфармацыю, якая мне асабіста карысная ў прафесійнай дзейнасці. Упэўнена, што мы, маладыя журналісты, павінны ісці ў нагу з часам і не баяцца вучыцца, пераймаць веды дасведчанага пакалення. Тое, што даведаліся на гэтай сустрэчы, стане асновай і маіх прафесійных кампетэнцый. Я спытала пра тое, якія задачы перад сабой паставіў міністр, як толькі прыступіў да сваіх службовых абавязкаў. І мне вельмі спадабаўся адказ, што перш за ўсё мы павінны думаць не над тым, як удасканаліць тое, што ў нас ужо ёсць, хоць гэта, безумоўна, важна, а як захаваць і развіваць наяўныя напрацоўкі, тое, што ўжо людзі шмат гадоў да нас стваралі».

Маладыя людзі таксама цікавіліся ў міністра, як ён ацэньвае магчымасці і перспектывы рэгіянальных СМІ, як працуюць беларускія сродкі масавай інфармацыі ва ўмовах блакіроўкі сацыяльных сетак шэрагу СМІ, якія бачыць перспектывы друкаваных перыядычных выданняў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю