Звычайны беларускі хлопец
Гістарычныя асобы — не проста «малюнкі» ў падручніках і энцыклапедыях. Гэта былі жывыя людзі са сваімі лёсамі. Журналіст, тэлевядучы і спецыяліст па штучным інтэлекце Юрый Цароў перакананы: школьнікам і студэнтам цікавей і прасцей будзе вывучаць гісторыю, сваёй краіны і сусветную, калі яны ўсвядомяць гэты факт.

Аб’яднаўшы два свае захапленні — цікавасць да гісторыі і штучнага інтэлекту, Юрый пачаў са стварэння партрэтаў гістарычных асоб у гіпер-рэалізме, распрацаваўшы ўласную сістэму аднаўлення «жывых» рыс па старадаўніх партрэтах і сярэднявечных гравюрах.
Знешнасць людзей не мяняецца
— Мне было цікава аднаўляць рысы гістарычных асоб, — распавядае суразмоўца. — Старадаўнія каноны жывапісу і графікі абумоўліваюць значную ступень скажэнняў, і мне хацелася выявіць алгарытм, які з улікам гэтых скажэнняў зможа выбудаваць згубленую знешнасць. І першы, хто прыйшоў мне на розум, быў Францыск Скарына: яго вядомая гравюра, аўтапартрэт з «Бібліі» — адзіная выява асветніка, якая ў нас ёсць. На аснове гэтай гравюры многія мастакі і скульптары доўгія гады спрабавалі прадставіць антрапалогію твару Скарыны. Пачаць я вырашыў з яго. Скарына, так бы мовіць, наша ўсё: галоўныя нашы ўзнагароды — імя Скарыны, у нас Нацыянальная бібліятэка носіць яго імя і г. д. Гэта быў сапраўды найвялікшы асветнік, сусветнага ўзроўню. І мне стала цікава, якой знешнасцю і характарам ён валодаў?
Сёння, праз тры з паловай гады, у «актыве» Юрыя — некалькі тысяч падпісчыкаў у сацсетках і сотні адноўленых у гіпер-рэалізме па карцінах і гравюрах гістарычных асоб. Усе князі ВКЛ, Барбара Радзівіл і Бона Сфорца, Рурык, Іван Грозны, Тамерлан, Улад Цепеш, Карл Вялікі, Юлій Цэзар, палюбоўніца Бэкінгема Ганна Аўстрыйская... Здзіўляе, дарэчы «звычайнасць» гэтых твараў...
— Знешнасць людзей не змяняецца ад стагоддзя да стагоддзя, — тлумачыць Юрый. — Ну, хіба што, цяпер людзі больш рослыя: гэта звязана са збалансаваным харчаваннем. А ў цэлым, змяняецца мода, стыль адзення, манера трымацца. А твары... Вы бачыце: людзей з падобнай знешнасцю можна сёння сустрэць на вуліцах...
Скарына і яго стартап
— Юрый, хто ваш любімы гістарычны персанаж?
— Францыск Скарына. Я зжыўся з ім за паўгода, пакуль яго шукаў. Быў проста апантаны ідэяй пошукаў асноўных вех яго жыцця, даты смерці і месца пахавання.
Нейрасеткі добрыя тым, што здольныя апрацоўваць велізарныя аб’ёмы інфармацыі, інтэрпрэтуючы яе ў канкрэтныя высновы. Сабраўшы алічбаваныя дакументы з сусветных бібліятэк (уключаючы сярэднявечную перапіску з Ватыканам), музеяў і навуковых устаноў, Юрый здолеў аднавіць траекторыю жыцця асветніка, а таксама месца яго пахавання. «Я ніякім чынам не прэтэндую на навуковасць маіх даследаванняў», — кажа ён. І ўсё ж яго высновы выклікалі цікавасць як у шырокай грамадскасці, так і ў навуковых колах.
— Дык якім быў Францыск Скарына?
— Знешне — самым звычайным беларускім хлопцам. Калі зняць з яго гэту магістарскую шапачку, надзець футболку з надпісам і даць у рукі тэлефон — не адрозніш ад нашага сучасніка на вуліцах Мінска ці Полацка (дарэчы, Скарына заўсёды падкрэсліваў, што ён палачанін). На аўтапартрэце здаецца, што Скарына — чалавек ужо самавітага ўзросту, ён сядзіць напаўпаварота, і ад гэтага фігура выглядае масіўнай. Але давайце ўлічваць, што на момант працы над кнігай «Библия Руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению» яму было 28 гадоў.
— А якім быў гэты «беларускі хлопец» па характары?
— Ён быў досыць авантурным чалавекам. У Падую, атрымліваць доктарскую ступень ён прыйшоў, разлічваючы, як сёння сказалі б, на грант. Сродкаў аплаціць дарагую адукацыю ў яго проста не было. І ён здолеў пераканаць кіраўніцтва ўніверсітэта прыняць яго на вучобу. Даказаць свае веды і сваю значнасць для еўрапейскай навукі. З іншага боку, гэта быў рэфарматар, які пераклаў «Біблію» на старабеларускую мову, і гэта «Біблія» хутка стала вельмі папулярнай. Ён быў вельмі адукаваным чалавекам для свайго часу. Узяцца за пераклад Бібліі з латыні — тады гэта было суперадказна. І нават небяспечна. На той момант гэты кананізаваны тэкст з’яўляўся эталонам. Але Скарына, у імкненні зрабіць яго даступным нават малаадукаваным людзям, да кожнай главы напісаў прадмову, рабіў тлумачэнні, маляваў ілюстрацыі. І нават у пачатку выдання паставіў свой аўтапартрэт — са знакамітым знакам Сонца і Месяца...
— Атрымліваецца, кнігадрукаванне Скарыны сучаснай мовай можна назваць стартапам?
— Так. Гэта быў добра прадуманы прадпрымальніцкі праект: і Віленскі, і Пражскі перыяд кнігадрукавання. Ён здолеў знайсці інвестараў, якія ўклалі ў праект грошы. Гэта былі купец Багдан Аньковіч і Віленскі бургамістр Якуб Бабіч, напрыклад. Дарэчы, калі б не гэтыя спонсары, ні Бібліі Скарыны, ні «Малой падарожнай кніжыцы», ні яго «Апостала» або «Псалтыра» ў чалавецтва не было б. Нават адзін станок Гутэнберга каштаваў тады неверагодна дорага, а ў Скарыны была цэлая друкарня з наёмнымі работнікамі. Ён хацеў добра разгарнуцца, і ў яго б усё атрымалася, але яму не ўдалося заваяваць, скажам так, расійскі рынак. У Маскве яго не прынялі — верагодна, з-за каталіцызму. Але ў яго проста не было іншага выйсця: без «лацінскага хрышчэння» яго не прынялі б у Еўропе, дзе ён навучаўся і друкаваў свае кнігі.
— А ці быў Скарына жанаты?
— Ён ажаніўся вельмі ўдала — з заможнай удавой гарадоскога магістра. Быў гэта шлюб па разліку або па каханні, сказаць складана. Але ў Скарыны было двое сыноў. Францішак-малодшы рана загінуў — ратаваў пры пажары ў Празе кнігі, другі — Сімяон Рус — атрымаў спадчыну бацькі і таксама быў урачом, практыкаваў затым у горадзе Жацец. Чаму я кажу пра спадчыну: справа ў тым, што па еўрапейскіх законах таго часу маёмасць замежнікаў пасля смерці адыходзіла ў казну. Але Скарына быў прыдворным фармаколагам і ўрачом жонкі Фердынанда I, Ганны Ягенлонкі, і асабіста кароль Чэхіі паклапаціўся пра тое, каб яго сын усё ж атрымаў спадчыну бацькі. Скарына, дарэчы, быў чалавекам далёка не бедным і — меў вельмі добрую рэпутацыю пры двары. Інакш сам венцаносец не клапатаў бы за яго сына.
Першы выдатны бізнесмен
— Наколькі тыповы такі склад характару для беларускай ментальнасці?
— Мне здаецца, Францыск Скарына быў тыповым беларусам. Перакананы: у беларусаў ёсць прадпрымальніцкая жылка, нам уласцівыя таксама рызыкоўнасць і нават некаторы авантурызм. Скарына, думаецца, быў адным з першых выдатных бізнесменаў нашай нацыі. Чалавек здольны знаходзіць інвестараў, ён не баяўся рызыкаваць, пераязджаць з месца на месца, пастаянна вучыўся. І самае галоўнае — у нашай ментальнасці любыя здзяйсненні не маюць перадумовай залішняга пафасу. Мы не ўмеем піярыцца, пакаваць свае дасягненні «ў прыгожую абгортку». Але нам гэта і не трэба. Хтосьці ўзняў беларускі сцяг на Эверэст, пяшчотная дзяўчына злятала ў космас, два хлопцы адвялі самалёт ад жылых квартала ... Мы гэта памятаем, гэтым ганарымся, але не пышымся гэтым. Такое стаўленне да жыцця — тыповае для нашай краіны, народа. Валодаў Скарына і іншымі тыповымі для нашай ментальнасці якасцямі. Сям’я — святое, дзеці заўсёды пры нас, бацькоў і сваякоў не кідаюць... Вядома, што асветніку давялося адседзець у кракаўскай турме некалькі месяцаў за даўгі памерлага брата. Брат быў купцом, і пасля яго смерці засталіся даўгі, якія сям’я не змагла выплаціць. Скарына не стаў хавацца ад суда і пайшоў трымаць адказ за брата. Дарэчы, выпусціў яго з турмы і ануляваў даўгі асабіста Жыгімонт, кароль Рэчы Паспалітай.
— Наколькі я ведаю, найбольшую цікавасць ваша даследаванне выклікала ў частцы гіпотэзы аб прычыне смерці Скарыны і месцы яго пахавання...
— Нягледзячы на выключную значнасць гэтай гістарычнай фігуры для еўрапейскай культуры ў цэлым і беларускай у прыватнасці, даты нараджэння і смерці Скарыны ў гістарычных крыніцах паказваюцца прыблізна (каля 1490 — 1551/1552 гг.). За «адпраўную кропку» я прыняў дакумент ад 29 студзеня 1552 года: мандат караля Фердынанда I, выдадзены Сімяону Русу, што дазваляў уступленне ў спадчыну. Адпаведна, на 29 студзеня 1552 года Францыск Скарына ўжо памёр. Ад гэтай даты я пайшоў «назад». Улічыў, што з 25 снежня (Каляды) па 6 студзеня (Богаяўленне) адміністрацыйная дзейнасць у Празе ў сярэднявеччы не вялася. Разгляд прашэння аб спадчыне доўжыўся ў сярэднім 3-4 тыдні. А пададзена яно, хутчэй за ўсё, сынам было адразу пасля смерці бацькі, каб выплаціць даўгі крэдыторам (наяўнасць такіх — афіцыйна ўстаноўлены факт, зафіксаваны ў дакументах). Такім чынам, хутчэй за ўсё, памёр Францыск Скарына ў перыяд з 7 па 10 студзеня 1552 года. І яшчэ адна здагадка: тое, што сыну Скарыны быў выдадзены прывілей асабіста каралём, дазваляе зрабіць выснову, што Скарына да апошняга ўздыху заставаўся ў сталіцы і на поўдзень Чэхіі перад смерцю не з’ехаў. Што датычыцца прычын смерці гуманіста, тут усё не так адназначна. Але ўлічваючы «шаноўны» для сярэднявечнага чалавека ўзрост — 60 гадоў, сыры клімат у Пражскай катлавіне і адсутнасць звестак аб чуме і халеры на той момант, напэўна, прычына яго смерці — пнеўманія або ўскладненні пасля запалення лёгкіх.
— А дзе, на ваш погляд, яго пахавалі?
— Сацыяльны статус Скарыны — прыдворны ўрач-фармаколаг з доктарскай ступенню Падуанскага ўніверсітэта. Пахаваць яго ў месцах для ніжэйшага саслоўя проста не маглі. Але адсутнасць тытула выключае і скляпы ў цэнтральных нефах сабораў. Пахаваны Скарына, як каталік, быў у асвячонай зямлі, а не за агароджай — яго імя ў спісах ерэтыкоў адсутнічае. Найбольш верагоднай гіпотэзай стала месца паблізу касцёла Святога Бенедыкта (Градчаны) або Градчанская плошча. Менавіта там хавалі servitori regis (каралеўскіх слуг). На жаль, гэты некропаль быў знесены ў XVIII стагоддзі, і сёння нам застаецца толькі выбудоўваць гіпотэзы. Але было б выдатна сумесна з Чэшскай Рэспублікай паблізу меркаванага месца спачынку вялікага гуманіста ўстанавіць помнік Скарыну. Або хаця б памятную шыльду.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ