Top.Mail.Ru

Журналісты і блогеры паглядзелі, як ствараецца прадукцыя, якой прысвоены Дзяржаўны знак якасці

Найлепшыя з лепшых


Магчымасць убачыць, як нараджаюцца адны з самых вядомых брэндаў Беларусі, атрымалі ўдзельнікі прэс-тура, прысвечанага папулярызацыі якасці айчынных тавараў. Па ініцыятыве Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі журналісты і блогеры наведалі прадпрыемствы Гомельшчыны, адзначаныя Дзяржаўным знакам якасці.


Стымул для новых дасягненняў

Удзельнікі прэс-тура ўбачылі не толькі гатовую прадукцыю, але і ўвесь шлях яе стварэння — ад вытворчых ліній да інжынерных распрацовак. Дзякуючы ім і інтэрнэт-фаловеры, і падпісчыкі сацыяльных сетак, і чытачы традыцыйных СМІ атрымалі магчымасць пераканацца, што сёння значыць якасць па-беларуску.

Разам з журналістамі работу прадпрыемстваў ацэньвала старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена МАРГУНОВА. Па яе словах, сёння беларуская прадукцыя пастаўляецца больш як у 160 краін свету, таму вельмі важна, каб Дзяржаўны знак якасці станавіўся для спажыўцоў вядомым арыенцірам, а для прадпрыемстваў — стымулам пастаянна павышаць узровень сваёй прадукцыі.


Дарэчы, адроджаны па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Дзяржаўны знак якасці за два гады прысвоены ўжо 29 беларускім прадпрыемствам, у тым ліку чатыром з Гомельшчыны.

Смачны брэнд

Сярод адзначаных высокай узнагародай — і Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, які стаў першым у праграме прэс-тура.

На прадпрыемстве журналістаў і блогераў сапраўды ўразіў высокі ўзровень аўтаматызацыі вытворчасці. Працэсы арганізаваны па замкнёным цыкле — рух сыравіны і гатовай прадукцыі цалкам кантралюецца сучаснымі лічбавымі сістэмамі.

Начальнік кансервавага цэха Рагачоўскага МКК Павел АНІСЕЧКАЎ не сумняваецца: знакамітая рагачоўская згушчонка — гэта ўжо смачны народны брэнд. І нездарма — у яе вытворчасці выкарыстоўваюцца толькі натуральныя інгрэдыенты: малако, цукар і ніякіх старонніх дабавак!


Штодня кансервавы цэх МКК перапрацоўвае каля 430 тон малака — выпускаецца ад 300 да 350 тысяч бляшанак згушчаных малочных кансерваў з цукрам. Асобны кірунак работы — вытворчасць варанага згушчанага малака. Яго выпускаюць у сярэднім да 65 тысяч бляшанак у суткі.

Ад паступлення сырога малака да закрыцця гатовай бляшанкі праходзіць у сярэднім каля пяці гадзін, але працягласць цыкла можа мяняцца ў залежнасці ад віду прадукцыі.

— За якасць ручаемся і гарантуем яе, — агучвае галоўны прынцып рагачоўскіх вытворцаў Павел Анісечкаў.

Ён звяртае ўвагу на тое, што кожная адзінка прадукцыі атрымлівае індывідуальны код, які захоўваецца ў электроннай базе даных. Так можна літаральна за лічаныя хвіліны ўстанавіць паходжанне любой бляшанкі з прадуктам. Для кожнай краіны, куды пастаўляецца прадукцыя камбіната, выкарыстоўваецца асобная наменклатура. Усё гэта дапамагае не толькі кантраляваць якасць, але і хутка выяўляць падробкі. Бо, здаралася, на прадпрыемства паступалі рэкламацыі з краін-экспарцёраў, аднак заўсёды праверка паказвала, што размова ішла зусім не пра прадукцыю гэтага камбіната.

Сёння рагачоўская згушчонка пастаўляецца ў дзясяткі краін свету. Асноўным экспартным рынкам застаецца Расійская Федэрацыя. Прадукцыя пастаўляецца таксама ў Казахстан, Азербайджан, Грузію, ЗША. Прадпрыемства актыўна развівае супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай.


Родны і народны

У цэхах найбуйнейшага вытворцы сельгастэхнікі — ААТ «Гомсельмаш» — удзельнікі прэс-тура з цікавасцю назіралі, як нараджаюцца сучасныя сельгасмашыны, у тым ліку і збожжаўборачны камбайн GS12A1, які па выніках 2025 года ўдастоены Дзяржаўнага знака якасці.

Выпушчана ўжо больш за 26 тысяч камбайнаў гэтай мадэлі, і сёння гэта адна з найбольш папулярных айчынных збожжаўборачных машын. Канструкцыя яе прадумана так, каб стабільна працаваць у полі нават у самых складаных умовах, пры гэтым забяспечваць высокую прадукцыйнасць, беражлівы абмалот, камфорт для механізатара ў рабоце.

— Мы заўсёды адштурхоўваемся ад запытаў аграрыяў. Перад імі ставяцца новыя задачы — павысіць прадукцыйнасць працы, убіраць новыя культуры. Адпаведна, мы адгукаемся на гэтыя запыты і атрымліваем тэхнічныя патрабаванні, якія дазваляюць ствараць новыя машыны. Таму гэта заўсёды работа ў вельмі цеснай звязцы, — звяртае ўвагу генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ «Гомсельмаш» Сяргей КУЗЬМЯНКОЎ.

На прадпрыемстве штодня пацвярджаецца высокі ўзровень прадукцыі, пастаянна ўдасканальваюцца канструкцыі машын, укараняюцца новыя тэхнічныя рашэнні. Як вынік — ужо ў бліжэйшыя два гады ААТ «Гомсельмаш» плануе прадставіць новую мадэль збожжаўборачнага камбайна GS600. Машына захавае класічную схему з клавішным саломасепаратарам і двума барабанамі, але атрымае цэлы шэраг змен у тэхналагічным плане, якіх чакаюць спажыўцы. А яшчэ ў яе будзе зусім новае вонкавае аблічча.


Высокая адказнасць

Пра тое, як беларускі вытворца актыўна заяўляе аб сабе і на айчынным, і на знешнім рынках, вытрымлівае велізарную канкурэнцыю і даказвае, што беларускі прадукт адпавядае міжнародным стандартам, удзельнікі прэс-тура даведаліся на прадпрыемстве «Гомельдрэў». У ганаровым спісе найлепшых беларускіх тавараў, якія адпавядаюць найвышэйшым стандартам і азначаны Дзяржаўным знакам якасці, — ламінат гэтага прадпрыемства.

Як пераканаліся журналісты і блогеры, да якасці тут ставяцца як да галоўнага прынцыпу работы. Якасць падлогавага пакрыцця нараджаецца яшчэ ў лесе. Сыравіна праходзіць шматступеньчатую ачыстку і каліброўку, пасля правяраюцца на якасць і бяспечнасць не толькі гатовыя ламелі, але і ўся сыравіна, смолы, дэкаратыўныя плёнкі.

— Дзяржаўны знак якасці прысуджаецца толькі найлепшым з лепшых. Таму патрабаванні пастаянна павышаюцца. Важна не толькі захаваць ужо дасягнуты ўзровень, але і забяспечыць пастаянны рух наперад, — падкрэслівае Алена Маргунова.


Па яе словах, сёння сістэма ацэнкі прэтэндэнтаў на Дзяржаўны знак якасці ўлічвае бяспеку, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць і эстэтычнасць прадукцыі. Апошні крытэрый ацэньваюць самі спажыўцы падчас адкрытага галасавання. Дарэчы, зараз вывучаюцца прапановы па прысваенні Дзяржаўнага знака якасці па выніках 2026 года. Абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы прадставілі ў Дзяржстандарт заяўкі ад звыш 150 прадпрыемстваў больш як на 260 найменняў прадукцыі.

— Дзяржаўны знак якасці — самая высокая ўзнагарода. Яе ўручае Прэзідэнт краіны. Для любога вытворцы гэта вельмі сур’ёзнае прызнанне, найважнейшы інструмент прасоўвання і дадатковая матывацыя пастаянна ўдасканальваць сваю прадукцыю, — канстатуе Алена Маргунова. — Мы заўсёды кажам, што беларуская прадукцыя — якасная і ўнікальная. Але Дзяржаўны знак якасці прысуджаецца толькі найлепшым з лепшых. І гэта сапраўды вельмі складаная задача — вызначыць найлепшых сярод лепшых. Таму палажэнне аб Дзяржаўным знаку якасці пастаянна ўдасканальваецца. Практычна кожны год па выніках правядзення конкурсу ў яго ўносяцца змяненні і дапаўненні, удасканальваюцца крытэрыі ацэнкі. Нам важна, каб і медыяпрастора ведала нашых герояў, каб павышаўся аўтарытэт беларускай прадукцыі, умацоўваўся яе статус. Менавіта таму і быў задуманы такі прэс-тур па ўсіх абласных цэнтрах нашай краіны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю