Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская, 39-гадовы мужчына сабраў у лесе грыбы і ў той жа дзень з’еў іх. Ужо ўвечары яго стан рэзка пагоршыўся: пачаліся болі ў жываце, млоснасць, ваніты, дыярэя і агульная слабасць.
— Карэтай «хуткай дапамогі» пацярпелага даставілі ў цэнтральную раённую бальніцу, а пасля перавялі ў Магілёў, аднак выратаваць яго жыццё не ўдалося. На сёмы дзень пасля ўжывання грыбоў пацыент памёр, — адзначыла Ірына Рачкоўская. — Ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці была праведзена судовая медыцынская экспертыза для высвятлення дакладнай прычыны смерці.
У біяматэрыяле памерлага эксперты выявілі вельмі небяспечныя пептыды — α-аманіцін і β-аманіцін. Гэтыя таксіны ўтрымліваюцца ў бледнай паганцы, белай паганцы, галярыне аблямаванай і дробных грыбах-парасоніках.
Смерць мужчыны наступіла ў выніку вострага пераральнага атручэння, якое ўскладнілася развіццём сіндрому поліарганнай недастатковасці.
Марыя Каліна