Top.Mail.Ru

Жыхара Брэсцкай вобласці будуць судзіць за махлярства ў буйным памеры

Віртуальная тратуарная плітка і купля аўто без аплаты


Пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да жыхара абласнога цэнтра — яму інкрымінавана махлярства, учыненае паўторна і ў буйным памеры.

Як паведаміла Служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, брэстаўчанін, раней ужо судзімы за махлярства, зноў учыніў аналагічнае злачынства. У прыватнасці, ён з ліпеня 2024 года па лістапад 2025-га дамаўляўся з грамадзянамі, у асноўным жыхарамі Брэста, Баранавічаў і Мінскай вобласці, аб выкананні будаўнічых работ па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі. Фігурант браў перадаплату за выкананне работ па кладцы тратуарнай пліткі і ўстаноўцы бардзюраў, але, як высветліла следства, не меў намеру выконваць прынятыя абавязкі.

Усяго такім спосабам ім было ашукана 17 пацярпелых, якія перадалі яму ў якасці перадаплаты больш за 88 тысяч рублёў. Грашовымі сродкамі грамадзян «прадпрымальнік» распарадзіўся па ўласным меркаванні.

Акрамя таго, ён жа шляхам падману ўзяў у доўг у знаёмай 350 долараў ЗША, таксама не збіраючыся іх вяртаць. Ён жа заключыў у ліпені 2025 года з ІП дагавор куплі-продажу ў растэрміноўку аўтамабіля «Шкода Рапід», не маючы намер выплачваць грашовыя сродкі прадаўцу ў памеры звыш 16 тысяч рублёў.

Усяго абвінавачанаму папярэднім следствам інкрымінаваны 15 эпізодаў злачыннай дзейнасці (у дачыненні да 19 пацярпелых) на агульную суму ўрону больш за 105 тысяч рублёў.

Пасля праверкі матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Брэсцкай вобласці прыйшлі да высновы аб поўным, аб’ектыўным і ўсебаковым расследаванні акалічнасцяў усіх названых злачынстваў.

З улікам шэрагу змякчальных адказнасць абставін: наяўнасці ў абвінавачанага на ўтрыманні сямі малалетніх дзяцей, а таксама частковай кампенсацыі ўрону пацярпелым (на суму 61,3 тыс. рублёў), у дачыненні да яго следчым прыменена мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, якую пракурор пры накіраванні крымінальнай справы ў суд пакінуў без змянення.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю