Як расказала афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, у кастрычніку гэтага года пацярпелай патэлефанавала невядомая дзяўчына, якая назвалася супрацоўніцай арганізацыі па абслугоўванні дамафонаў і паведаміла аб неабходнай замене старых чыпаў на новыя. Пад маркай афармлення заяўкі, «спецыяліст» папрасіла паведаміць ёй лічбавы код з смс-паведамлення. Пенсіянерка выканала просьбу, аб чым неўзабаве моцна пашкадавала.
Праз паўгадзіны ёй сталі тэлефанаваць нібыта супрацоўнікі Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю БелДІЭ, КДК і Следчага камітэта. Суразмоўцы абрынулі на гараджанку паток хлуслівай, нечаканай, страшнай інфармацыі. Жанчыну пераканалі, што «спецыяліст па дамафонах» выманіла ў яе код для ўзлому асабістага кабінета мабільнага аператара, што быццам бы прывяло да ўцечкі персанальных даных, а таксама пагражала афармленнем на яе крэдытаў і выкарыстаннем банкаўскага рахунку для фінансавання ўзброенага канфлікту. Затым пайшла працяглая эпапея з выкананнем настойлівых указанняў: напісаць заяву ў КДК і адправіць у Viber; расказаць аб наяўных зберажэннях; паведаміць аб праве ўласнасці на кватэру і колькасці зарэгістраваных жыхароў; звярнуцца да рыэлтара і «часова» прадаць кватэру, каб заблакаваць яе аўкцыённы продаж за мяжой; перадаць грошы ад продажу жылля «прадстаўніку Нацбанка» каля пад’езда; захоўваць строгую сакрэтнасць зносін з куратарамі і сваіх дзеянняў.
Жыхарка Гомеля спраўна выканала незвычайныя заданні, нягледзячы на сумненні і перасцярогу работнікаў рыэлтарскай кампаніі. Ашуканцы па-майстэрску абверглі ўсе яе асцярогі.
Грошы за кватэру ў памеры 43 600 долараў ЗША ў пенсіянеркі забраў жыхар Мінскай вобласці і адвёз іх у Маскву. Раней ён сам стаў ахвярай тэлефонных аферыстаў. Пасля псіхалагічнай апрацоўкі хлопец перавёў ім 9000 тысяч крэдытных рублёў і пагадзіўся «на супрацоўніцтва». Малады чалавек быў упэўнены, што выконвае заданне праваахоўнікаў.
Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта заведзена крымінальная справа па ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі ўстанаўліваюць асоб, якія маюць дачыненне да ўчынення злачынства.
Супрацоўнікі Следчага камітэта настойліва рэкамендуюць грамадзянам устрымлівацца ад выканання дзіўных заданняў ад незнаёмых напорыстых тэлефонных суразмоўцаў, звязаных з пераводам сваіх, крэдытных, сямейных грошай на чужыя рахункі. У выпадку паступлення пагроз ад імя дзяржоргана пад грыфам сакрэтнай «спецаперацыі», пакладзіце трубку і звярніцеся ў міліцыю па нумары 102.
Варта рэгулярна расказваць пажылым бацькам аб актуальных схемах махлярства. Вельмі важна своечасова заўважаць змены ў паводзінах блізкіх людзей — з’яўленне замкнёнасці, павышанай трывожнасці, бяссонніцы — і пагаварыць з імі.