Паводле слоў Ульяны, усё пачалося са спантаннай паездкі ў Магілёў узімку 2025 года. «Тады мы з сябрамі гулялі, а назад на вакзал паехалі на тралейбусе. Я паклала квіток пад чахол тэлефона і зусім забылася пра яго. Пазней, ужо летам, ездзіла на дзявочнік і вяселле сяброўкі, так у мяне з’явіліся квіткі з першых трох гарадоў. Менавіта тады мяне асяяла. Яны былі такія розныя, што я вырашыла: такое нішавае хобі павінна стаць часткай майго жыцця. А яшчэ здзівіла, што ў Магілёве розныя талоны на розныя віды транспарту», — расказала яна.
Сёння ў калекцыі дзяўчыны — 14 квіткоў з 10 гарадоў. «Для мяне важна, каб яны не паўтараліся. Цяпер у мяне ёсць узоры з усіх абласных гарадоў, а яшчэ з родных Баранавічаў, Оршы, Пінска, Мазыра. Не ўдалося здабыць квіток з Полацка, Браслава, іншых мястэчак, хоць я і была там. Самай яркай ва ўсіх сэнсах стала паездка на цюльпанавыя палі каля аграгарадка Тышкавічы», — дадала Ульяна.
Яе пост з фотаздымкам калекцыі стаў папулярным у сацыяльных сетках, беларусы ў каментарах пачалі дасылаць і свае падборкі. «У людзей велізарныя чаркі квіткоў! Мяне здзівіла, што такія калекцыі настолькі папулярныя. Мне нават прапаноўвалі папоўніць маю, але для мяне важна ў першую чаргу самой пабыць у горадзе, з якога маю квіток. Найбольш звярнула ўвагу на старыя ўзоры, напрыклад з Мінска, яшчэ з тых часоў, калі праезд каштаваў 5 тысяч рублёў да дэнамінацыі», — падзялілася суразмоўніца.
Цяпер Ульяна калекцыянуе не толькі квіткі, але і спецыяльныя пячаткі. Акрамя таго, яна падгледзела, як людзі з дапамогай клячкі пераносяць малюнкі з люкаў і элементаў помнікаў у нататнік.
«Мне падабаецца збіраць такія незвычайныя калекцыі. Езджу ў іншыя гарады па магчымасці, калі ёсць вольныя выходныя. Трэба яшчэ ўсе пячаткі ў Мінску сабраць. Хочацца даехаць да замкаў у Міры і Нясвіжы», — пералічыла планы на будучыню падарожніца.
Жыхарка Віцебска калекцыянуе квіткі з паездак па гарадах Беларусі. Колькі іх цяпер?
29.11.2026 | 16:10
Жыхарка Віцебска Ульяна Кухнавец падарожнічае па гарадах Беларусі і збірае на памяць квіткі з грамадскага транспарту. Сваёй калекцыяй дзяўчына падзялілася ў сацсетках, а пра досвед падарожжаў і любімыя месцы расказала БелТА.