За мінулы тыдзень 26 жыхароў Магілёўскай вобласці страцілі 35 тысяч рублёў праз новую схему кіберзлачынцаў.
Як паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, яшчэ 45 тысяч рублёў удалося ўратаваць у апошні момант, калі трое грамадзян ужо знаходзіліся пад моцным псіхалагічным ціскам аферыстаў.
Схемы падману пастаянна ўдасканальваюцца. Пра тое, як працуе новы сцэнарый злачынцаў, расказаў начальнік упраўлення па процідзеянні кіберзлачыннасці УУС Магілёўскага аблвыканкама Раман Раманенка.
— Вам тэлефануюць і прадстаўляюцца медыцынскімі работнікамі. Просяць перайсці на «электронную медыцынскую карту» і даведваюцца пра персанальныя даныя. Адразу пасля гэтага на сувязь выходзіць ілжэправаахоўнік. Ён заяўляе, што вы толькі што перадалі свае звесткі злачынцам, пачынае запужваць. Пагражае вобыскам і канфіскацыяй усіх незадэклараваных грошай. Выйсце нібыта адно — перавесці ўсе грошы на «бяспечны рахунак» або тэрмінова аформіць рэальны крэдыт, каб «ануляваць» заяўку аферыстаў.
Праваахоўнікі настойліва нагадваюць: прадстаўнікі дзяржаўных органаў ніколі не тэлефануюць праз месенджары (Viber, Telegram, WhatsApp). Дзяржслужачыя і супрацоўнікі банкаў ніколі не просяць назваць коды з SMS-паведамленняў. Ніякай «дыстанцыйнай дэкларацыі» і «бяспечных рахункаў» не існуе.
Марыя КАЛІНА