У гэтым месяцы жыхары Фрунзенскага раёна сталіцы атрымалі (у тым ліку і я) паперкі (разам з «жыроўкамі»), у якіх была інфармацыя па пераходзе на электронныя паведамленні па аплаце ЖКП. Мой сусед пачытаў гэту паперку, і ў яго ўзнікла некалькі слушных пытанняў. Паспрабавалі разабрацца.
У свой час мінскія камунальнікі прызнаваліся: штомесяц для друку плацежных паведамленняў, якія трапляюць у нашы паштовыя скрыні, яны выкарыстоўваюць больш за 4 тоны паперы. Гэта цэлы грузавік. У прынцыпе, нічога дрэннага ў гэтых лістках няма, асабліва руплівыя гаспадары захоўваюць іх стос у сябе ў стале. Потым зручна сачыць, як змяняюцца тарыфы на аплату паслуг ЖКГ. Але без гэтых «жыровак» можна адзначаць змены ў сумах. І рабіць гэта можна нават з вялікімі выгодамі.
Першыя электронныя «жыроўкі» пачалі рассылаць яшчэ 10 гадоў таму. За гэты час на такі спосаб аплаты жыллёва-камунальных паслуг перайшлі сотні тысяч чалавек у краіне. Многія беларусы ацанілі зручнасць атрымання дадзеных паведамленняў. Эколагі адзначылі карысць працэдуры для захавання прыроды. Для тых, хто яшчэ не перайшоў на электронныя «жыроўкі», але збіраецца гэта зрабіць, прапануецца поўны алгарытм дзеянняў.
Як было напісана ў нашай паперцы, плацельшчыку неабходна аформіць заяўку на сайце ерсц.бел у раздзеле «Электронныя паведамленні» або звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр па месцы жыхарства з пісьмовай заявай. У гэтым выпадку неабходна будзе мець пры сабе пашпарт або іншы дакумент, які пацвярджае асобу, а таксама пазначыць электронную пошту, на якую з гэтага часу будуць прыходзіць «жыроўкі».
Заяўку можна аформіць і ў асабістым кабінеце на «АРІП». Увага. Перайсці на атрыманне электроннага паведамлення можа толькі ўладальнік асабовага рахунку ЖКП. Зарэгістравацца/увайсці ў Асабісты кабінет АРІП, у ніжнім правым вугле клікнуць на кнопку «+» і абраць у дрэве паслуг — Камунальныя плацяжы — Жыллёва-камунальныя паслугі — (Горад/Рэгіён) — Неабходная арганізацыя, якая ажыццяўляе ўлік, разлік і налічэнне ЖКП.
Альбо можна скарыстацца пошукам паслугі па найменні.
Пасля выбару арганізацыі, якая ажыццяўляе ўлік, разлік і налічэнне ЖКП, неабходна ўказаць асабісты рахунак. Далей можна выбраць адзін з варыянтаў: пункт «Дэталі — Атрыманне паведамлення за ЖКП» або з дапамогай паслугі «Атрыманне паведамлення за ЖКП». Затым трэба праверыць поле e-maіl на актуальнасць, паставіць птушачку аб згодзе і націснуць «Захаваць» для пацвярджэння. Так было ў мяне, але магчымы варыянты. У алгарытме разбярэцца нават неспрактыкаваны карыстальнік, трэба проста пакрокава выконваць прапанаваныя аперацыі.
Паслуга пераходу на электроннае паведамленне бясплатная. Ёсць магчымасць вярнуцца да старога спосабу атрымання «жыроўкі», калі нешта не спадабаецца.
У аб’яднанні «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» нагадалі, што ўласнікі кватэр маюць права выбіраць, якія паведамленні яны хочуць атрымліваць. Вядома ж, электронныя «жыроўкі» ва ўсіх сэнсах больш выгадныя для абслуговых арганізацый. Але пакуль не ўсе мінчане гатовыя адмовіцца ад старой звычкі.
А ў лічбавай «плацёжкі», між тым, ёсць адна важная перавага — яна прыходзіць раней за папяровую. Таксама не варта забываць і аб эканоміі паперы, дакладней, аб зберажэнні прыроды і чысціні ў пад’ездах.
«Толькі за мінулы месяц дзякуючы пераходу на электронныя паведамленні ў Мінску сэканомлена 1095 кілаграмаў паперы, і, такім чынам, жыхары сталіцы выратавалі 25 дрэў. За 12 месяцаў эканомія паперы будзе значна большай, што прывядзе да выратавання ўжо вялікага гаю».
Мой сусед таксама цікавіўся: для таго каб яму не насілі папяровае паведамленне, неабходна ўсяму дому адмовіцца ад папяровых носьбітаў гэтай інфармацыі або дастаткова толькі яго жадання? У кантакт-цэнтры сталічнага Адзінага разлікова-даведачнага цэнтра мне адказалі, што яны займаюцца кожнай кватэрай асобна, а рашэнне аб пераходзе на віртуальную «жыроўку» залежыць толькі ад жадання гаспадара жылля.
Магчыма, папяровыя паведамленні захоўваюцца ў невялікіх гарадах, у жыхароў, якія прывыклі плаціць за камунальныя паслугі па-старому. Аднак мае бацькі (якім ужо за 85, жывуць у раённым цэнтры) плацяць за кватэру ў банку праз інфакіёск. І плацяць там на некалькі дзён раней, чым прыходзіць паведамленне. А значыць, і ім гэта паперка не патрэбна. Значыць, трэба мне прыехаць у родныя Ляхавічы і адмовіцца ад папяровай «жыроўкі» бацькоў. І, такім чынам, з часам выратаваць сваё асабістае дрэва.