Увесь жылы фонд Мінска гатовы да прыёму цяпла. Пра гэта расказаў журналістам начальнік упраўлення гарадскай гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Ракаўшчык, перадае БелТА.
Згодна з рашэннем Мінгарвыканкама да будучага ацяпляльнага сезона быў зацверджаны пералік мерапрыемстваў для выканання ў міжацяпляльны перыяд гэтага года. «Выкананы ўсе запланаваныя работы па рамонце дахаў, стыкаў, шкленні ў жылфондзе. Пашпарты гатоўнасці атрыманы на 100% аб’ектаў, уключаючы тыя, што ўваходзяць у склад таварыстваў уласнікаў і ЖБВК. Такім чынам, увесь жыллёвы фонд горада да прыёму цяпла гатовы», — адзначыў Аляксандр Ракаўшчык.
Праведзена вялікая праца энергетыкамі — пастаўшчыкамі цяпла. «Праведзены рамонт усіх кацельняў, ЦЭЦ, трубаправодаў, гідравыпрабаванні і прамыванне сістэм цеплазабеспячэння жылых дамоў, і ў цяперашні час завяршаецца іх запаўненне хімічна вычышчанай вадой. У гэтым годзе акцэнт зроблены на замену трубаправодаў вялікіх дыяметраў. Усяго прадпрыемствам „Мінсккамунсець“ да канца года будзе перакладзена 55 км цепласетак і 87 км — „Мінскэнерга“. Прычым усё гэта — трубаправоды вялікіх дыяметраў, каб выключыць магчымасць узнікнення аварыйных сітуацый», — растлумачыў начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама.
Сёлета ў горадзе ўпершыню праведзена мэтанакіраваная замена запорнай арматуры, каб у выпадку аварыі была магчымасць паэтапнага адключэння жылых дамоў. Таксама завяршаецца працэс замены электрашчыткоў, што таксама выключыць аварыйныя сітуацыі.
«Летась у зімовы перыяд фіксавалася больш за 200 выпадкаў спынення электратранспарту. Таму прыняты меры па замене элементаў кантактнай сеткі, работы ў гэтым кірунку будуць скончаны да 1 лістапада», — распавёў Аляксандр Ракаўшчык.