Top.Mail.Ru

Жыллё, дарогі, сацыяльныя аб’екты. Якія праекты ўвайшлі ў дзяржаўную інвестпраграму на 2026 год

Якія праекты ўвайшлі ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2026 год, расказаў журналістам міністр эканомікі Юрый Чабатар, перадае БелТА.

«Прэзідэнтам зацверджана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2026 год. Ключавыя напрамкі ўвязаныя з рэалізацыяй прыярытэтаў будучай пяцігодкі. У праграму ўключана 62 аб’екты. Трэць сродкаў, крыху больш за Br1 млрд, будзе накіравана на будаўніцтва арэнднага жылля (430 тыс. кв. м). Яно будзе будавацца для найбольш запатрабаваных спецыялістаў, асабліва ў рэгіёнах, малых гарадах, сельскіх населеных пунктах», — адзначыў міністр. 

Другі прыярытэт — развіццё дарожнай інфраструктуры. На будаўніцтва і рэканструкцыю рэспубліканскіх трас выдзеляць звыш Br680 млн. Прадугледжана ўзвядзенне двух мастоў (праз рэкі Мухавец і Вілія) і рэканструкцыя асобных участкаў дарог Р-46, Р-53, М-10.

«Яшчэ адзін важны напрамак — сацыяльная сфера. Плануецца будаўніцтва і рэканструкцыя шэрагу бальніц у тым ліку анкалагічнага дыспансера ў Гродне, рэабілітацыйнага цэнтра ў Аксакаўшчыне», — расказаў Юрый Чабатар. Таксама ў ліку аб’ектаў праграмы — хірургічны корпус Брэсцкай абласной бальніцы, РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, Нацыянальны мастацкі і Нацыянальны гістарычны музеі ў Мінску, Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці і інш. 

Усяго на фінансаванне дзяржпраграмы з рэспубліканскага бюджэту будзе выдзелена амаль Br3 млрд з уключаных 62 аб’ектаў 21 прадугледжваецца ўвесці ў эксплуатацыю. Больш за 70 % сродкаў накіруюць на рэалізацыю прыярытэтаў пяцігодкі. Такога прынцыпу, па словах міністра, у рэспубліцы будуць прытрымлівацца і далей для дасягнення мэт праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. 

«Дзяржаўная інвестыцыйная праграма зведала важныя структурныя змены. Істотна павялічана будаўніцтва жылля, аб’ём сродкаў, што накіроўваюцца на будаўніцтва і рэканструкцыю рэспубліканскіх дарог,» — адзначыў Юрый Чабатар. 

У цэлым дзяржінвестпраграма накіравана на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян, удасканаленне інфраструктуры, стварэнне новых працоўных месцаў, і, як вынік, забеспячэнне росту эканомікі і ўстойлівае развіццё краіны згодна з прыярытэтамі і стратэгічнымі задачамі дзяржавы.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю