Top.Mail.Ru

Жыццё ў кераміцы

Праект-даследаванне керамікі як жывога працэсу працуе ў галерэі DK. Выстаўка «Зрушэнне» Алёны Ліпінскай і Сяргея Арышчэнкі прапануе наведвальнікам паглыбіцца ў чароўны свет керамікі, дзе звычайная матэрыя змяняе форму і сэнс знаёмых прадметаў побыту, якія выходзяць за межы ўтылітарнасці і становяцца мастацтвам.


Алёна Ліпінская і Сяргей Арышчэнка разам вучыліся ў Акадэміі мастацтваў. З маладых студэнтаў атрымаліся таленавітыя скульптары, а справай іх жыцця і натхненнем стала кераміка. Сямейная пара арганізавала свой мастацкі праект — мінімалістычныя скульптуры і ўпрыгажэнні з дрэва і пластыку, якія аказаліся вельмі папулярнымі сярод моладзі. Кожнаму творчаму чалавеку патрэбна свая майстэрня, а Алёна і Сяргей ператварылі ў майстэрню свой загарадны дом. Менавіта прыгажосць наваколля, цішыня і атмасфера спакою натхняюць майстроў на выкарыстанне натуральных формаў і колераў і стварэнне прасторы, дзе чалавек і свет — адзінае цэлае.

Скульптары ўдзельнічаюць у розных мастацкіх праектах, ладзяць персанальныя выстаўкі і арганізоўваюць пленэры.

Праект «Зрушэнне» — гэта даследаванне керамікі як жывога працэсу, дзе матэрыя пастаянна змяняецца. Ад фізічных рухаў — маніпуляцый рукамі, цякучасці палівы, дэфармацыі пры абпале — да канцэптуальнага зруху, калі кераміка страчвае сваё матэрыяльнае прызначэнне і становіцца прадметам мастацтва. Мастакі спрабуюць падкрэсліць шматграннасць выбранага матэрыялу — яго далікатнасць і пяшчоту, сілу і ўстойлівасць.

Выстаўка падзелена на чатыры своеасаблівыя тэматычныя зоны. На кожнай керамічнай «пляцоўцы» размешчаны скульптуры адной серыі. Сустракаюць наведвальнікаў творы Алёны Ліпінскай «Першая кветка», «Кураслеп», «Футра» (дыптых), «Вясна» і інш. Чысціня і вытанчанасць беласнежных работ адлюстроўваюць цесную і старадаўнюю сувязь чалавека з прыродай. З-за тэхнічнага прагрэсу і хуткаплыннасці жыцця людзі пачалі забываць, што яны не валадары сусвету, а такая ж частка прыроды, як кветкі і дрэвы, птушкі і жывёлы. Кожная работа з’яўляецца важным кампанентам агульнай кампазіцыі, без якога тэма не будзе раскрыта. Адзінства твораў, плаўныя лініі і бляск палівы адсылаюць гледачоў да філасофіі існавання чалавека і сусвету, набліжаюць да той грані, дзе адкрываюцца незямныя таямніцы.

Наступная тэматычная зона таксама прадстаўлена творамі Алёны Ліпінскай. Тут можна ўбачыць работы з серыі «Маленькая жанчына ў вялікім свеце» («Замаразкі», «Рэгенерацыя», «Контрфакт», «Ружачкі» і інш.). Мастачка разважае на тэму жаноцкасці і ролі жанчыны ў свеце, аналізуе яе дасягненні ў мінулым і яе значэнне ў будучым. У гераінь Алёны Ліпінскай няма твару, замест яго — рознакаляровыя суквецці. Такім чынам творца паказвае, што сёння жанчыну таксама ўспрымаюць не па яе індывідуальных характарыстыках, а па тым амплуа, што дыктуе ёй грамадства. «Правільная» жаноцкасць прымушае быць аднолькавымі, знішчае ўнікальнасць асобы і ператварае жывых людзей у музейны экспанат.

Пяшчотныя, светлыя скульптуры Алёны Ліпінскай змяняюцца яркімі экспрэсіўнымі творамі Сяргея Арышчэнкі. Мастак размаўляе на мове энергіі, а кожная работа мае складаны філасофскі падтэкст. Незвычайныя прапорцыі, яркія колеры, дынаміка — асноўныя рысы яго творчасці. Работы «Прадвесце», «Слізганне», «Memento mori», «Серпанцінкі» спалучаюць міфалогію і рэальнасць, адлюстроўваюць чалавечыя заганы і даюць падставу для глыбокага аналізу. Кожны экспанат — цікавая загадка, разгадка якой у кожнага будзе свая. 

Духам постмадэрнізму і канцэптуальнага мастацтва прасякнуты работы «Навука і тэхніка», «Зараджэнне», «Апафеоз жыцця», «MEMO давальны», «Ахвярапрынашэнне», «Каін і Авель», «МЕМО АДЗІДАС». Скульптар разважае над сэнсам жыцця, над інтымнасцю адносін з сабой, з людзьмі і светам, прыўносячы ў складаную тэму долю гумару.

Канцэптуалізм у спалучэнні з абстрактным мастацтвам дазваляе эксперыментаваць з ідэямі і даследаваць незвычайнае. Мастацкі сімбіёз Алёны Ліпінскай і Сяргея Арышчэнкі напаўняе выставачную прастору святлом і сучаснай філасофіяй, дзе кожная дэталь становіцца часткай дыялогу паміж гледачом і мастацтвам.

Выстаўка працуе да 11 мая. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю