Top.Mail.Ru

Жыццё ў навуцы для Марыі Якаўлевай у прамым сэнсе можна назваць салодкім

Гатуйце са смакам

Даследаванні супрацоўніка РУП «НПЦ НАН Беларусі па харчаванні», лаўрэата прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі Марыі Якаўлевай маюць вельмі прыкладное значэнне і ўплываюць на работу ўсёй цукровай галіны Беларусі. Назва кандыдацкай дысертацыі, якую яна рыхтуе да абароны, гучыць дастаткова складана. Але калі паспрабаваць максімальна проста растлумачыць сферу яе навуковых інтарэсаў, то можна сказаць так: яна паляпшае тэхналогію перапрацоўкі сыравіны і ачысткі прамежкавых прадуктаў для павышэння якасці цукру і пашырэння асартыменту гатовых прадуктаў на прадпрыемствах цукровай галіны.

Прыкладны характар

— Большасць даследаванняў у нашай навукова-даследчай лабараторыі цукровай вытворчасці мае прыкладны характар, — падкрэслівае Марыя Якаўлева. — І ў сваёй кандыдацкай дысертацыі я не толькі абагульняю назапашаны вопыт, але і вызначаю шляхі ўдасканалення цукровай галіны. Цукровая вытворчасць — гэта працяглы, затратны працэс, які ўключае шмат стадый ачысткі. Мая прапанова заключаецца ў тым, каб на прамежкавай стадыі браць сіропы нехарчовай якасці і апрацоўваць іх з ужываннем электрамембранных тэхналогій. І ў выніку атрымліваць харчовыя сіропы, абыходзячы цэлы шэраг праца- і энергаёмкіх працэсаў: выпарванне сіропаў, крышталізацыю і сушку цукру з наступным яго растварэннем.

Зразумела, перамены, якія закранаюць цэлую галіну, не адбываюцца раптоўна. Але ў любым выпадку ўсё пачынаецца з новых цікавых ідэй.

— Сёння многія называюць цукар «белай смерцю», выказваюцца меркаванні аб поўнай адмове ад яго дзеля здароўя. Ці згодны вы з гэтым? — пытаюся ў маладога вучонага.

— Самае здаровае і разумнае стаўленне да любога прадукту — ведаць меру, — перакананая яна. — Дэманізуючы цукар, маркетолагі прапаноўваюць у якасці альтэрнатывы прадукты з натуральнымі або штучнымі цукразамяняльнікамі, прымяненне якіх накіравана перш за ўсё на зніжэнне агульнай каларыйнасці гатовых прадуктаў. Пры гэтым часта замоўчваецца, што штодзённае ўжыванне цукразамяняльнікаў мае свае негатыўныя наступствы. Сама я вельмі люблю прысмакі, але ведаю норму, імкнуся прытрымлівацца свайго сутачнага каларажу.

Апетыт да навукі

— У працы вучонага няма руціны і манатоннасці, адзін дзень непадобны на іншы. Сёння я магу праводзіць вопыты ў лабараторыі, заўтра папрацаваць над артыкулам для профільнага часопіса, праз тыдзень паехаць на завод, а праз месяц паўдзельнічаць у навуковай канферэнцыі. Навукоўцы ўвесь час пераключаюцца з адной справы на іншую, і гэта дазваляе пазбягаць прафесійнага выгарання.

У НПЦ НАН Беларусі па харчаванні, куды Марыю Якаўлеву размеркавалі пасля заканчэння ВНУ, яна адразу ж адчула падтрымку старэйшых, больш вопытных калег. Яе настаўнікі (перш за ўсё загадчыца лабараторыі Аксана Нікуліна) дапамаглі расставіць прыярытэты ў працы, аддзяліць галоўнае ад другараднага.

У мінулым годзе за цыкл навуковых работ Марыя Якаўлева ўдастоілася прэміі імя акадэміка В. Ф. Купрэвіча для маладых вучоных.

— Безумоўна, розныя ўзнагароды матывуюць да таго, каб заставацца ў навуцы, — прызнаецца яна. — Калі ты малады, вельмі хочацца, каб тваю працу заўважалі і заахвочвалі, у тым ліку і фінансава. Ёсць і маральная матывацыя: калі цябе ўзнагароджваюць разам з вядомымі ў навуцы людзьмі (прафесарамі, акадэмікамі), ты расцеш у сваіх вачах, пачынаеш больш верыць у сябе.

Сёння ў навуцы затрымліваюцца толькі па-сапраўднаму захопленыя людзі, лічыць мая суразмоўніца. Кажа, што цікавыя ідэі часам наведваюць яе дома, калі мозг пераключаецца, а пошук вырашэння навуковай праблемы не спыняецца. І ў самы нечаканы момант — бац, і адбываецца азарэнне!

Якім будзе меню ў будучыні?

Харчаванне сучаснага беларуса прыкметна адрозніваецца ад рацыёну папярэдніх пакаленняў. Многія прадукты, якія мы спажываем штодня, ужо створаны пры актыўным удзеле айчынных вучоных.

— Чым мы будзем харчавацца ў будучыні? Ці будзем мы карыстацца 3D-друкарнямі ежы, падбіраць прадукты пад свой ДНК і мікрабіём? — цікаўлюся ў даследчыцы.

— Сёння гэта складана прадказаць. Можа, сапраўды, пачнем друкаваць 3D-ежу, а можа, працягнем выпускаць прадукты з ужываннем класічных тэхналогій. Спосабы вытворчасці, як і прымяненне класічнага або альтэрнатыўнага віду сыравіны, будуць выбірацца зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці. У найбліжэйшай будучыні падбор рацыёну ў адпаведнасці з ДНК і мікрабіёмам будзе, на мой погляд, хутчэй забавай. Але я пераканана, што дзякуючы намаганням вучоных наша харчаванне стане больш карысным, здаровым, функцыянальным і будзе задавальняць патрэбнасці розных катэгорый грамадзян, у тым ліку тых, у каго ёсць праблемы са здароўем.

Упэўнена яна і ў тым, што чалавецтва не пяройдзе на харчаванне «з цюбікаў». Таму што прыём ежы — гэта не толькі задавальненне фізіялагічных запатрабаванняў, але і эмацыйны акт, у якім вялікую ролю граюць смакавыя адчуванні, эстэтыка.

Прачніся і спявай!

Вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій Марыя Якаўлева ўспамінае як вельмі насычаны час. На другім курсе яна заняла другое месца ў конкурсе прыгажосці, стаўшы віцэ-міс сваёй ВНУ. А яшчэ менавіта ва ўніверсітэце яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Аляксей, атрымаўшы дыплом, не стаў звязваць сваё жыццё з навукай, але жонкай ён ганарыцца і ставіцца да яе працы з вялікай павагай.

Чатыры гады маладая сям’я жыла ў інтэрнаце Нацыянальнай акадэміі навук. Сабраўшы пэўную суму, узялі крэдыт і купілі кватэру ў «Мінск-Міры». Перш чым вырашыцца на гэты крок, спыталі ў бацькоў, ці змогуць тыя фінансава падтрымаць у выпадку форс-мажору. Аднак пакуль за дапамогай да іх не звярталіся. Марыя і Аляксей — старэйшыя дзеці ў сваіх бацькоў, а таму разлічваюць перш за ўсё на сябе.

Нягледзячы на тое, што абодва шмат працуюць, час на адпачынак і вандраванні ўсё ж знаходзяць.

— Мне ўсюды цікава, — заўважае Марыя. — У адной краіне захапляешся прыродай, у іншай — музеямі, а часам больш за ўсё ў паездках запамінаюцца сустрэчы з людзьмі. Шмат падарожнічаем з мужам і па Беларусі, адкрываючы для сябе дзіўныя мясціны. Улетку на выхадныя часта выязджаем з сябрамі на прыроду.

А яшчэ ў маладога вучонага ёсць хобі. Яна заўсёды любіла спяваць, але толькі тры гады таму вырашылася папрацаваць з прафесіяналам і стала наведваць індывідуальныя заняткі па вакале.

— І зараз, калі сям’я збіраецца з нагоды якіх-небудзь свят, юбілеяў, маё выступленне — абавязковы цвік праграмы, — смяецца Марыя.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Валерыя Картуля


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю