Яна абрала балет свядома яшчэ ў маленстве (нейкі час вагалася паміж ім і мастацкай гімнастыкай) і мае плённую кар’еру, якая доўжыцца ўжо больш за трыццаць гадоў. Але ўнёсак заслужанай артысткі Беларусі Марыны Вежнавец у развіццё гэтага мастацтва ў Беларусі значна большы, чым яе асабістыя выступленні ў розных спектаклях, дзе кожная партыя ўвасоблена ярка, з характарам, іскрынкай. А колькі іх было з 1997 года, калі артыстка паступіла ў Вялікі тэатр Беларусі.
Але яна не абмежавалася толькі ўласнымі выступленнямі. Насамрэч артыстка ўжо больш за дзесяць гадоў клапоціцца аб прыцягненні дзетак у балет і іх харэаграфічнай падрыхтоўцы. З самага юнага ўзросту выхаванцы «Балетнай школы Вежнавец» спрабуюць сябе ў класічным і сучасным танцы і нават рыхтуюцца да магчымага паступлення ў харэаграфічную гімназію-каледж.
Уявіце, наколькі вялікая адказнасць прымы-балерыны падчас бенефісу, калі на яе глядзяць не толькі гледачы, але, магчыма, і выхаванцы ды іх бацькі!.. Тым больш калі гэта адмысловы праект.
І асабліва, калі яго ідэя нарадзілася з прафесійнага імкнення менавіта
Марыны Вежнавец — вельмі яна хацела паспрабаваць станцаваць партыю Дзяўчыны ў спектаклі «Ілюзіі кахання», у той час як харэограф-пастаноўшчык Ігар Колб бачыў яе ў іншай ролі... Але яна рызыкнула папрасіць — і атрымаўся не толькі спектакль з іншай салісткай і яе дэбют у партыі Дзяўчыны. З гэтага пачаўся наогул увесь праект «Жыццё ў прафесіі».
Як прызнаўся галоўны харэограф тэатра Ігар Колб, ён хацеў падкрэсліць рознасць балерын, паказаць іх у незвычайных для сябе вобразах ці амплуа. А ў «Ілюзіях кахання», на яго думку, Марына знайшла іншую форму таго, што ён прыдумаў, і нават смела спрачалася аб тым, як адчувае вобраз галоўнай гераіні.
Заслужаная артыстка Беларусі Марына Вежнавец патлумачыла:
— Калі я назірала за артысткамі, якія рыхтавалі гэтую партыю, то міжволі думала: а як бы я зрабіла сама? Аднойчы нясмела агучыла сваё жаданне. У мяне было адчуванне, што на гэтыя словы нават не звярнулі ўвагу (можа быць, таму, што першапачаткова ролі былі размеркаваны па-іншаму). Але гэта здарылася! Мала сказаць пра тое, што мне гэтая роля падабаецца. Яна падабаецца прыгажосцю, жаноцкасцю, вялікім спектрам эмоцый. Тут ёсць магчымасць у адной партыі перадаць каханне, якое бывае вельмі розным: яно можа пакрыўдзіць, а ў нейкія моманты ты дазваляеш сябе кахаць, а бывае, што цябе адштурхоўваюць... На працягу дзвюх гадзін я перажываю розныя эмоцыі. Вельмі дапамагае музыка: ты нават не думаеш, як трэба сыграць, а ўсё само ідзе лагічна і арганічна. Мне здаецца, што ў мяне гераіня атрымалася крыху іншая, таму што ў мяне іншы характар.
Цяпер Марына рэпеціруе ў двух спектаклях, прэм’еры якіх запланаваны ў тэатры на вясну. І марыць зноў апынуцца на сцэне. Яна з тых прым-балерын, якіх вылучае дзіўная працавітасць і жаданне танцаваць як мага больш. Яна шматаблічная Адэта-Адылія ў «Лебядзіным возеры», яркая Кітры ў «Дон Кіхоце», ракавая Кармэн... Але ёй блізкія пошукі новых форм, артыстка гатовая спрабаваць нешта новае. Гледачы гэта адзначылі для сябе, пабачыўшы яе на аўтограф-сесіі шчаслівай: мара здзейснілася.
Фота Таццяна Бервіна, Вялікі тэатр Беларусі