Поспехі растуць... на градках!
Пасадзіць расаду, даглядаць яе, убачыць, як вырастае ўраджай, а потым з апетытам з’есці за абедам у школьнай сталовай салат ці боршч з агародніны, вырашчанай уласнымі рукамі... Вучні Вуцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна разам з настаўнікамі з зайздросным імпэтам даглядаюць прышкольныя соткі. Сярод педагогаў, хто вельмі творча натхняе, заахвочвае і дапамагае спасцігаць школьнікам «сельгаснавуку», — загадчык вучэбна-вопытным участкам, настаўнік рускай мовы і літаратуры Лідзія ДУДЗЯНАВА.
Уласны ўраджай
Ужо на працягу 16 гадоў гэта школа — апорная пляцоўка па экалагічным выхаванні ў сваім раёне і больш як 10 гадоў — узорная навучальная пляцоўка ў гэтым кірунку сярод устаноў адукацыі Гомельшчыны. На вучэбна-вопытным участку вуцеўскія школьнікі разам з педагогамі вырошчваюць агародніну і садавіну, у цяпліцах гадуюць расаду розных сартоў капусты, памідораў, балгарскага перцу, кветак-адналетак для кветнікаў (іх безліч на тэрыторыі школы).
На ўчастку штогод каля паўгектара адводзяць пад плодаагароднінныя культуры. Дзякуючы гэтаму школьная сталовая для харчавання дзяцей выкарыстоўвае толькі вырашчаныя сваімі сіламі бульбу, буракі і моркву, якіх хапае на ўвесь навучальны год, ды і цыбулі з капустай хапае да вясны. У гэтым сезоне, напрыклад, таксама сабралі добры ўраджай: больш як 1200 кг бульбы, каля 300 кг морквы, 500 кг буракоў, 400 кг капусты і больш як 200 кг цыбулі. Выгадавалі свае агуркі з памідорамі, кабачкі, гарбузы, сабралі багаты ўраджай яблыкаў, нарыхтавалі і чорныя парэчкі.
За кошт уласнага ўраджаю школьнае харчаванне выходзіць таннейшым. Сэканомленыя на агародніне і садавіне сродкі ідуць на дадатковыя прысмакі ў школьнай сталовай для вучняў: мармелад, зефір, уласную свежую выпечку.

Частку ўраджаю школа ў якасці дапамогі перадае ў раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
— Праца на ўчастку патрабуе не толькі ведаў пра расліны. Тут трэба ўмець заўважыць, растлумачыць, паказаць і своечасова даць дзіцяці зрабіць нешта самому, — гаворыць Лідзія Дудзянава.
Дарэчы, да гэтага навучальнага года на працягу 13 гадоў у школе яна выкладала таксама і ўрокі працоўнага навучання.
— Сама я родам з Вуці, скончыла нашую школу ў 1991 годзе, — расказвае Лідзія Уладзіміраўна. —
Якраз здарыўся распад Савецкага Саюза, многія маладыя былі на жыццёвых ростанях, а я марыла стаць настаўніцай. Вельмі любіла біялогію, усё, што звязана з прыродай, раслінамі, але слабавата была ў хіміі, таму на прыродазнаўчыя навукі вырашыла не паступаць, а пайшла вучыцца на настаўніка рускай мовы і літаратуры ў ГДУ імя Францыска Скарыны. Марыла абавязкова вярнуцца працаваць дадому, у нашу школу. Так і атрымалася. Працую тут з 1996 года — адзін запіс у працоўнай кніжцы.
Яна ўзгадвае, як іх прышкольны даследчы ўчастак даглядалі яшчэ з савецкага часу. Цікава, што тады была такая практыка — кожны вучань меў сваю невялікую градку. А потым можаш прыносіць расаду з дому ці насенне і вырошчваць, што пажадаеш, на сваім кавалачку.
— А з 2010 года, калі школа стала апорнай навучальнай пляцоўкай па экалагічным выхаванні дзяцей, наш вучэбна-вопытны ўчастак з’яўляеца паўнавартаснай эксперыментальна-навучальнай і вытворчай пляцоўкай. За гэты час нашы вучні і педагогі бралі ўдзел (і не аднойчы перамагалі!) у шматлікіх біёлага-экалагічных праектах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, — адзначае педагог.

Бесперапынны працэс
Пасля навагодніх свят вучні з настаўнікамі пачынаюць ужо рыхтавацца да чарговага школьнага сельскагаспадарчага года. Напаўняюць грунтам кантэйнеры для высявання насення, пасля пікіруюць расаду. Старэйшыя дзяўчаты-вучаніцы з радасцю робяць гэта самастойна. Працуюць у майстэрні працоўнага навучання, а потым расліны пераносяць у асобны кабінет, дзе іх становіцца так шмат, што ён літаральна запаўняецца зелянінай.
— Вясной, калі сыходзіць снег, пачынаем з вучнямі, настаўнікамі рыхтаваць участак. Гаспадарка дапамагае з тэхнікай, каб можна было якасна пераараць глебу, унесці ўгнаенні. Пасля мы ўжо самі добра прызвычаіліся: выходзім гуртом — вучні, педкалектыў, тэхработнікі — і разбіваем градкі, — тлумачыць паслядоўнасць працэсу Лідзія Уладзіміраўна. — Дзеці ўжо добра ведаюць, як і што трэба рабіць, нацягваюць шнуры, вымяраюць, дзе будуць пасевы якіх культур, фарміруюць дарожкі. Старэйшыя хлопцы-вучні граблямі выраўноўваюць зямлю, пасля вялікімі металічнымі маркерамі, як мы называем, размячаюць рады для морквы, буракоў, цыбулі, агуркоў. Ведаюць, што для кожнай культуры трэба адпаведная адлегласць паміж радамі і раслінамі. Так што добрых будучых гаспадароў і гаспадынь гадуем, радуемся толькі, як нашы дзяўчаты і хлопцы ўмеюць працаваць на зямлі.
А між тым, удакладняе настаўніца, і ў гаспадарцы ААТ «Уцеўскае» многія працаўнікі — выпускнікі іх школы. Яны з цеплынёй узгадваюць, як весела было працаваць на прышкольным участку.
— Арганізуем работу на ўроках працоўнага навучання і ў гадзіны грамадска-карыснай працы. Летам вучэбна-вопытны ўчастак — галоўная пляцоўка для працоўнай практыкі. Размяркоўваем работу ў залежнасці ад узросту. Дзеці пачынаюць працаваць на ўчастку ўжо з другога класа, вядома, малодшым даручаем простыя справы, яны вельмі любяць збіраць насенне кветак-адналетнікаў. З пятага класа ўжо больш актыўна ўключаюцца, любяць дапамагаць з палівам. Восенню прыбіраць ураджай выходзяць ужо вучні старэйшых класаў.

Са свайго саду
Лідзія Уладзіміраўна падзялілася, што любімым і сапраўды дарагім сэрцу аграпраектам не толькі для педагогаў і вучняў, але і ўсіх жыхароў іх аграгарадка стаў закладзены новы школьны яблыневы сад. Чатыры гады таму дзякуючы ўдзелу і перамозе ў экалагічным праекце школа набыла садовы інвентар і 35 пладовых дрэў.
— Побач з участкам тады быў яшчэ стары сад, пасаджаны ў савецкія часы, і было вельмі кранальна, як усе разам выбіралі месца для новага саду, пасля разам дружна саджалі яблынькі. І першыя плады былі ўжо на наступны год, а цяпер у нас вялікі ўраджай сваіх яблыкаў, вучні ведаюць і цэняць, што свае «вітаміны» на стале ў сталовай ёсць, бо разам тады папрацавалі, — канстатуе настаўнік.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Вуцеўскай сярэдняй школы