Top.Mail.Ru

Жыццё як прыклад мужнасці і адданасці

У нашай памяці назаўжды застануцца тыя, хто сваім подзвігам і самаадданасцю каваў Перамогу. Гісторыі пра такіх людзей перадаюцца з пакалення ў пакаленне, нагадваючы нам пра цану міру і важнасць захавання памяці. Цімур Кесель, намеснік начальніка Савецкага РУУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, з гонарам расказвае пра свайго дзядулю — Кеселя Уладзіміра Фёдаравіча.


«Уладзімір Фёдаравіч нарадзіўся ў 1917 годзе ў Мінску, — гаворыць унук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. — Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў няпростыя часы, калі краіна імкліва мянялася. Пазней сям’я пераехала ў Баранавічы, дзе і прайшлі яго перадваенныя гады. Да 1939 года Уладзімір Фёдаравіч працаваў на чыгунцы, асвойваючы прафесію электрыка. Праца патрабавала дакладнасці, адказнасці і ўмення абыходзіцца з тэхнікай — гэтыя якасці пасля не раз спатрэбіліся яму на фронце».

У кастрычніку 1940 года Уладзімір Кесель прызваны ў шэрагі Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Яго баявы шлях пачаўся ў 104-й стралковай дывізіі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, з чэрвеня 1941-га, ён служыў у складзе 161-га асобнага супрацьтанкавага дывізіёна. Тут, у самым пекле бітваў, праявіўся яго характар.

За час баявых дзеянняў Уладзімір Кесель праявіў сябе як адважны і ўмелы баец. Франтавік асабіста знішчыў 10 дзотаў саперніка, разбурыўшы іх агнявыя кропкі і пазбавіўшы ворага магчымасці весці прыцэльны агонь. Акрамя таго, у яго паслужным спісе — знішчэнне аднаго каманднага пункта саперніка, што, несумненна, парушыла каардынацыю варожых сіл.


Але подзвігі Уладзіміра Фёдаравіча не абмяжоўваліся толькі знішчэннем варожай тэхнікі. У жніўні 1941 года, у адзін з самых цяжкіх момантаў вайны, радавы Кесель здзейсніў гераічны ўчынак. Рызыкуючы ўласным жыццём, пад шквалістым мінамётным і кулямётным агнём, ён вынес з-пад абстрэлу параненага камандзіра ўзвода малодшага лейтэнанта Якініна. Гэты акт самаадданасці і таварыскасці стаў яскравым прыкладам гераізму, які заўсёды вызначаў савецкіх салдат.

— У тым жа, 1941 годзе, дзядуля атрымаў раненне ў левую руку, якое запатрабавала працяглага лячэння, — расказвае Цімур Кесель. — Але нават раненне не зламала яго дух. Пасля лячэння, у 1944-м, ён вярнуўся дадому, да сваёй сям’і, да мірнага жыцця, якое ён дапамагаў абараняць.

Сёння, успамінаючы свайго дзядулю, Цімур Кесель адзначае: «Мы дзякуем! Мы памятаем! Гэтыя словы — не проста даніна павагі мінуламу. Гэта заклік да кожнага з нас не забывацца пра тых, хто цаной свайго жыцця падарыў нам мірнае неба».

Гісторыя Уладзіміра Фёдаравіча Кеселя — гэта гісторыя мужнасці, стойкасці і самаадданасці Радзіме. Гэта гісторыя чалавека, чыё жыццё стала прыкладам для многіх, і памяць аб якім будзе жыць у сэрцах яго нашчадкаў і ўсіх, хто шануе подзвіг пакалення пераможцаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота з сямейнага архіва Цімура Кеселя

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю