Святочная атмасфера пануе ў горадзе напярэдадні ўрачыстага адкрыцця юбілейнага ХХXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», паведамляе БелТА.
Мерапрыемствы ў фестывальным Віцебску не спыняліся нават вечарам 15 ліпеня. Тысячы гасцей гулялі па вуліцах горада, каб пранікнуцца святочнай атмасферай. Мноства вулічных музыкантаў давалі імправізаваныя жывыя канцэрты, мастакі малявалі для жадаючых партрэты, тут жа можна было зрабіць і фота на памяць з «жывымі статуямі» ў самых разнастайных вобразах.
Таксама ўжо некалькі дзён у Віцебску працуе кірмаш «Славянскі калейдаскоп», які ў гэтым годзе сабраў больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Індыі. Гасцей чакае сапраўднае свята рамёстваў: мастацкая кераміка, стыльнае адзенне, эксклюзіўная біжутэрыя, тавары для дому і вырабы народных промыслаў.
А з надыходам цемнаты ўключаецца ўнікальная маляўнічая ілюмінацыя: пяцікіламетровае «зорнае неба» — на вуліцы Суворава, святлодыёдныя васількі — на праспекце Фрунзэ, а таксама мноства незвычайных святлодыёдных канструкцый.