Антопальская ватна-прадзільная фабрыка пачала шыць зімовае «адзенне» для цялят. Аб гэтым паведамляе БелТА.
На такую ідэю спецыялістаў наштурхнула мінулая зіма з анамальнымі маразамі. Тады для абагравання цялят былі пашыты першыя партыі папон з уцяпляльнікам. «Напярэдадні наступнага сезона халадоў разумеем, што гэта запатрабавана, таму працягнулі гэту работу. Прымяняем для пашыву папон уласныя ўцяпляльнікі. Можам выкарыстоўваць і іголкапрабіў, і сінтэпон рознай таўшчыні. Калі тэмпературны рэжым да мінус 5 градусаў, ён будзе танчэйшы, для больш моцных маразоў — таўсцейшы», — растлумачылі на фабрыцы.
Для верхняга пласта звычайна бярэцца воданепранікальны матэрыял, ніжні пласт шыюць з баваўнянай тканіны. «Робім, каб было мякка, не раздражняла скуру цяляці, каб яму было камфортна. Не выкарыстоўваем цыратовыя матэрыялы, ад якіх жывёла будзе пацець. Для зручнасці папона робіцца на спецыяльных фіксатарах-зашчапках і рамянях для рэгулявання памеру», — расказалі на прадпрыемстве.