Народныя гулянні ў рамках фестывалю «Берасцейскія сані» становяцца добрай традыцыяй на Брэстчыне. У папярэднія гады фэст прымалі Брэст, Баранавічы і Пінск. А сёння «Сані» пачынаюць сваё шэсце ў старажытным Кобрыне.
У другой палове дня пройдуць ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання і канцэрт з нагоды 85-годдзя з дня ўтварэння Кобрынскага раёна.
Асноўная дзея фестывалю адбудзецца 11 снежня. І пачнецца яна таксама традыцыйным «Вадохрышчанскім забегам», на які запрошаны бацькі з дзецьмі да 12 гадоў. Дыстанцыя для забегу вызначана невялікая — усяго адзін кіламетр, бегавая дарожка праходзіць па набярэжнай ракі Мухавец. Усіх удзельнікаў чакаюць сувеніры ад арганізатараў. Потым на Лядовай арэне будзе паказана лядовая дзея «Берасцейская казка».
Самым яркім і відовішчным мерапрыемствам фестывалю абяцае стаць зімовы карнавал, які пройдзе па цэнтральных вуліцах горада. Аўтамабілі для ўдзелу ў парадзе афармляюць 25 прадпрыемстваў. Адкрые шэсце машына, афармленне якой звязана з гісторыяй і сучаснасцю Кобрыншчыны. Свае навагоднія інсталяцыі падрыхтавалі прадпрыемствы з Брэста, Баранавіцкага, Лунінецкага і іншых раёнаў. Як заўсёды, на рухомых платформах будзе прадстаўлена шмат інтэрактыву, на некаторых на хаду разгорнуцца сапраўдныя казачныя дзеі. Таксама на гэтым карнавале парадам пройдуць 200 пар Дзядоў Марозаў са Снягуркамі, кампанію ім складуць Снегавікі і Сняжынкі.
Арганізатары падрыхтавалі шмат цікавых фішак. Адной з іх абяцае стаць «Сувораўская» каша, якой будуць частаваць усіх ахвотных. Прыкметай гэтага фэсту з’яўляецца вялікая колькасць актыўнасцей для людзей усіх узростаў. А яшчэ гасцей запрашаюць кірмаш народнай творчасці, гандлёвыя рады, выставы падворкаў раёнаў. Артысты з Брэстчыны і іншых рэгіёнаў краіны падрыхтавалі святочную праграму. Фестываль закончыцца яшчэ адным «Вадохрышчанскім забегам» 12 студзеня на стадыёне «Юнацтва». Там дыстанцыі прапануюцца на выбар: 3 і 10 кіламетраў".
Фота з адкрытых крыніц (архіў)