О то была ў ранейшыя часы зіма са снежнымі гурбамі, маразамі! Цяпер такога надвор’я ўжо няма. Але згадаць пра даўнейшыя зімы і пра забавы ў святочныя дні снежня ды студзеня заўжды прыемна і магчыма. Тым больш, што ў флігелі Мінскага музея «Лошыцкая сядзіба» адкрылася выстаўка «Святкі-калядкі. Традыцыйная беларуская калядная лялька».
На ганку сядзібнага флігеля я сустрэў мастацкага кіраўніка Таццяну Трушыну — кандыдата мастацтвазнаўства, кіраўніка секцыі народнай лялькі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці». Мы разам падняліся на другі паверх старажытнага будынка, дзе ў прасторнай зале «прапісалася» дружная сямейка маленькіх і вялікіх лялек. Усе яны, як распавяла мая субяседніца, створаныя на традыцыйнай аснове, або прывезеныя экспедыцыямі з розных рэгіёнаў Беларусі, кожная са сваёй біяграфіяй і месцам у беларускім народным календары. Галоўны персанаж стракатай кампаніі — Зюзя, старажытнабеларускі міфалагічны бог зімы, снегу і марозу. Непадалёку калядная каза, мядзведзь, воўк — казачныя героі, у якіх пераўвасабляюцца калядоўшчыкі. Святкі-калядкі сімвалізуюць пачатак новага года і сельскагаспадарчага цыкла, таму шмат што сярод экспанатаў адлюстроўвае урадлівасць і дабрабыт. Пра гэта, напрыклад, сведчыць адзін з экспанатаў выстаўкі — санкі з падарункамі, атрыманымі калядоўшчыкамі: каўбасы, сала, абаранкі, смажанае парася і нават бутылёк традыцыйнага святочнага напою.
З чаго раней рабілі традыцыйныя лялькі? Гэта пытанне таксама вывучана майстрамі народнай творчасці. На выставе можна ўбачыць цацкі, зробленыя са звычайнага цеста, лялькі з гліны, ільну. З рознакаляровых тканін створаны многія фігуркі, іх адзенне. Дэталізаванасцю адрозніваюцца невялічкія лялькі з тканіны ў традыцыі вёсак Камянецкага раёна. Лялькі ў Віцебску рабілі большымі памерамі, іх на Каляды ставілі каля ўвахода ў дом, як сімвал хатняга дастатку. А вось «красцец» (невялікі драўляны крыжык) выносілі з хаты да студні і кідалі ў ваду. Кожны імкнуўся, зачарпнуўшы з той студні, вылавіць такі калядны крыжык, каб шчасціла ўвесь год.

Акрамя лялек, у зале музея можна ўбачыць адпаведную навагодняму настрою калекцыю старажытных і сучасных віншавальных паштовак.

— На экскурсіі прыходзяць наведвальнікі розных узростаў, — падзялілася загадчыца музея Лідзія Марковіч. — Дарослым цікава ўбачыць сюжэтныя інсталяцыі зімовых абрадаў, сярод якіх ёсць занесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА калядны абрад «Цары». Малыя жадаюць сустрэцца з лялькамі-героямі беларускіх казак «Кот і ліса», «Сынок з кулачок». Для зацікаўленых мы праводзім майстар-класы па вырабе лялек. Дарэчы, наш мастацкі кіраўнік ужо назапасіў адмысловыя бярозавыя шчэпкі неабходныя, каб ствараць лялькі асобага выгляду. Таму запрашаем паглядзець на майстэрства і павучыцца самім.
Яўген ПЯСЕЦКІ